рагу́ля, ‑і, ж.

Разм.

1. Рагуліна. Драўляныя пахілыя домікі здаюцца незнаёмымі, аблітыя месячным святлом яблыні з рагулямі падпорак пад імі.. — заморскімі дрэвамі. Навуменка. Над вогнішчам вісеў на рагулях прадымлены кацёл. Даніленка.

2. Ласкавая назва каровы. На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла; яму дружна адгукнуліся рагулі і лысухі. Якімовіч. [Шведзіха] ідзе ўперадзе беланогай рагулі і трымае ў руках залыгач. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгара́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разгарачыць.

2. у знач. прым. Разагрэты (работай, хадой і пад.); гарачы. З зямлі патыхала вячэрнім спакоем, мокры мяшок з рыбаю прыемна студзіў разгарачаную спіну. Капыловіч. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. // перан. Узбуджаны, растрывожаны. Разгарачаная фантазія Дзічкоўскага зусім разгулялася. Алешка. // Які выяўляе ўзбуджанасць, растрывожанасць. — Прызямліліся, тата? — бліснуўшы разгарачанымі вачыма, спытаў Алег. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздабы́ткі, ‑аў; адз. няма.

Разм. У выразе: на (у) раздабыткі — каб раздабыць што‑н., разжыцца на што‑н. (ісці, хадзіць і пад.). Усе ўчатырох ідуць яны ў раздабыткі. На кірмашах, каля цэркваў круціць катрынку Цэнтразыхер, падспеўваюць Паўлюк і Кузьма, а катрыншчык абыходзіць слухачоў з шапкаю. Лужанін. Амаль кожны дзень хадзілі мы на раздабыткі правіянту, колькі разоў я быў у ахове, хадзіў на разгром гарнізона ў Клецішчах. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.

1. Кроячы, выкройваючы адзенне або боты, разрэзаць (тканіну, скуру і пад.). Раскроіць матэрыял на касцюм. // Выразаць па мерцы часткі, дэталі чаго‑н. Раскроіць паліто.

2. Парэзаць на часткі (пераважна пра хлеб). [Служанка] наліла яшчэ кавы і раскроіла на дзве лустачкі апошні на талерцы акрайчык хлеба. Брыль.

3. Разм. Нанесці глыбокую сечаную рану; рассячы. [Марыля] махнула рыдлёўкай і адным ударам раскроіла .. [фашысту] чэрап. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскру́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раскручваць — раскруціць (у 1 знач.).

2. Разм. груб. Аб празмернасці ў чым‑н. (гульні, працы, уздзеянні і пад.). Прыціх быў Леўкін на нейкі час, а цяпер зноў дае раскрутку. Дадзіёмаў. І.. да Бабра дайшло — Ён даў такую з Ліскаю раскрутку, Што папаўзлі неверагодныя ўжо чуткі. Валасевіч. [Мятліцкі:] — А ты чаго кіслы? Начальства дало раскрутку? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. расплёў, ‑пляла, ‑ло; зак., што.

1. Распусціць што‑н. сплеценае. Расплесці касу. Расплесці вянок. // Разняць (пра сплеценыя пальцы). Увечары ў садзе пад бэзам ціхутка шэпчуцца [Ніна і Лёня] і да самага досвітку ніяк не расплятуць рук. Гроднеў.

2. Разм. Разнесці (плёткі, чуткі), зрабіць вядомым многім. [Кучучыха:] — Я ж была ад свайго ўцякла. З хлопцам. Не кажы толькі нікому. Каб бабы не расплялі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рачу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы, Р мн. ‑лак; ж.

Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. За горадам да стромкага берагу Выпі, маленькай, але імклівай рачулкі, прыляпіўся стары, пахілы млын. Асіпенка. Невялічкая рачулка абгінала крайнюю хату і імкліва несла сваю ваду пад масток на чыгунцы. Федасеенка. Нечакана снег узяўся вадою і нашая Рагазінка — ціхая рачулка-балацянка — да таго расшугалася, што затапіла ўсё балота, аж да самых платоў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руйнава́цца, ‑нуецца; незак.

1. Ператварацца ў руіны; разбурацца. Ляцелі пад адхон цягнікі, руйнаваліся масты... Мележ. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, .. [гродзенскі замак], нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаш[ч]ым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Караткевіч. // Ліквідавацца, знішчацца. Ірваліся кайданы іслама, руйнаваліся спрадвечныя законы шарыята. «Работніца і сялянка». У пагоні за кавалкам хлеба руйнуецца душа, годнасць чалавека... Пестрак.

2. Зал. да руйнаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да салома. Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас.

2. зб. Сцёблы абабітага льну, канапель. Бор павялічвае ўраджай саломкі і насення льну. «Весці».

3. Спец. Тонкія драўляныя палачкі, з якіх робяць запалкі. Машыны наразаюць саломку для запалак. «Беларусь».

4. Назва некаторых гатункаў цукерак, пячэння, макароны і пад. у выглядзе тонкіх доўгіх палачак або трубачак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́льнік, ‑а, м.

1. Спец. Тлушчавая складка брушыны, якая з’яўляецца абаронным органам брушной поласці.

2. Спец. Прыстасаванне для герметызацыі адтулін, праз якія праходзяць рухомыя часткі механізмаў — валы, штокі і пад. На рамонце не хапае волава для сальнікаў. Шынклер.

3. Разм. Гандляр салам. [Шпулькевіч] вярнуўся ў Мінск.., а тады адразу стаў сальнікам. Набыў ён каня .. і ад’язджаў купляць затанна свінні часта вёрст пяцьдзесят і больш ад Мінска. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)