пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Часовае, звычайна летняе памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры (нацягнутай, як правіла, на каркас). Над Дзвіной былі раскінуты палаткі, у якіх жылі першыя будаўнікі. Хадкевіч.

2. Лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю. Пасажырам прапануюць ісці ў аэрапорт, дзе, нягледзячы на позні час, да іх паслуг бар і некалькі палатак з сувенірамі. Філімонаў.

3. Тое, што і плашч-палатка. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластупску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парыва́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.

2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.

3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́віцца 1, ‑ставіцца; зак.

Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.

паста́віцца 2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перазме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прадугледжаная графікам работы прадпрыемства замена рабочых адной змены рабочымі наступнай змены. Гарэў зялёны агеньчык спераду машыны, але таксі не спынялася, і я злаваў, пакуль не здагадаўся, што недзе тут блізка таксапарк і што машыны, мусіць, ідуць на перазменку. М. Стральцоў. Пры такім спосабе значна менш траціцца часу на перазменкі, на здачу-прыёмку інструментаў. «ЛіМ».

2. Разм. Тое, што і змена (у 5 знач.). [Антон:] — Трэба купляць новыя боты — на перазменку. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапляце́нне, ‑я, н.

1. Тое, што пераплецена, сплецена між сабой. Перапляценне правадоў. Перапляценне дарог. □ Ледзь улоўная вібрацыя сцен ракеты — і адразу знікла густое перапляценне жалезабетонных канструкцый ракетадрома. Гамолка. // перан. Непарыўнае злучэнне чаго‑н. неаднароднага; што‑н. вельмі складанае, заблытанае. Перапляценне ў творы лірычнага і трагічнага. Перапляценне падзей. □ У гэтай галаве і ў маладым сэрцы мітусіўся заблытаны клубок мысляў і пачуццяў. У іх перапляценні выразней вылучаліся дзве процілеглыя плыні. Колас.

2. Спосаб размяшчэння нітак у тканінах, трыкатажы. Палатнянае перапляценне. Гладкае перапляценне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

піса́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай, ж.

Разм.

1. Пагард. Пра пісьменніка (звычайна дрэннага, але пладавітага). А ўвогуле, каб яго воля, .. [Гукан] не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым .. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Шамякін. [Генерал] глянуў на мяне неяк здзіўлена — як гэта пісака можа даваць такія практычныя парады? Пестрак.

2. Жарт. Той, хто піша, умее пісаць (у 1 знач.). Часам за стол садзіўся бацька.. і казаў: — Ну, дарэктар, прымай яшчэ аднаго пісаку... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плён, ‑у, м.

1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.

2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпі́ска, ‑і, ДМ прыпісцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыпісаць (у 1, 2 знач.) і прыпісацца.

2. Р мн. ‑сак. Тое, што прыпісана да чаго‑н., дададзена да чаго‑н., раней напісанага. У канцы апошняга ліста была Людзіна прыпіска: «Я прачытала. Я столькі перажыла, столькі зразумела...» Дуброўскі. Тады я здолею адправіць .. [пісьмо] назад, зрабіўшы адпаведную прыпіску наконт таго, чаму так здарылася, што яно распячатанае. Васілёнак. // Фальшывыя звесткі, прыпісаныя да афіцыйнага дакумента з карыслівай мэтай. Але рабочаму чалавеку нашы прыпіскі не патрэбныя. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)