карма́, ы́, ж.

1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.

2. Тое, што і куль ​3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касты́ль, ‑я, м.

1. Апора для чалавека бяз ног або з хворымі нагамі; мыліца. Абаперціся на кастыль. Хадзіць на кастылях. □ Стаў дзядок пад акном, З плечаў торбы вісяць, Бок падпёр кастылём. Купала.

2. Металічны шпень, які забіваецца ў шпалу для прымацавання да яе рэйкі. Саромеючыся, Мікалай расказаў: — Працую на чыгунцы ў рамонце... Забіваем кастылі, ну, такія вялікія цвікі, якімі трымаецца рэйка на шпалах. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

качарга́, і́, ДМ ‑рзе́; мн. качэ́ргі (з ліч. 2, 3, 4 качаргі́), качэ́рг і ‑аў; ж.

Жалезны прут, сагнуты на канцы, для перамешвання паліва ў печы, выграбання попелу і пад. Падбярэцкі рассунуў вуголле качаргой у бакі і паклаў у агонь два ланцугі. Пташнікаў. [Дзіміна] стаяла крыху ўбаку і безуважна пазірала, як плавільшчык качаргой ачышчае печ ад шлаку. Карпаў.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга гл. свечка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забуры́цца, ‑буруся, ‑бурышся, ‑бурыцца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абваліцца, абрушыцца. Астаўся адзін толькі склеп, ды і той зусім забурыўся. Сачанка. Сцены .. [дзіцячага прыёмніка] забурыліся, а магчыма, былі збольшага разабраны для нейкіх патрэб. Карпаў.

2. Кінуцца, паваліцца (у ложак, на зямлю і пад.). Забурыўся спаць. □ Англічанін не адказаў — ён з грукам зачыніў за сабою дзверцы і забурыўся ў самы куток сядзення. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набярэ́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны на беразе, каля берага. Ліна апранула плашч і падалася на бульвар да набярэжнага парапета. Хомчанка. Аднойчы пад вечар, ідучы з працы па набярэжным бульвары, Міхась нечакана сустрэў.. франтавіка з іх вёскі. Машара.

2. у знач. наз. набярэ́жная, ‑ай, ж. Бераг, умацаваны сцяной з граніту, каменю і г. д. Гранітная набярэжная. // Вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Буднік дайшоў да універсітэцкай набярэжнай. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Ідучы, едучы, сустрэцца з кім‑н., трапіцца каму‑н. насустрач. Не паспелі .. [Лабановіч з Турсевічам] адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара. Колас. На вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты, што весела і заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Мележ.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сустрэцца, трапіцца пры чытанні, у рабоце і пад. Напаткаліся цікавыя мясціны ў кнізе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаўзці́, ‑паўзу, ‑паўзеш, ‑паўзе; ‑паўзём, ‑паўзяце; пр. напоўз, ‑паўзла, ‑паўзло; зак.

1. Паўзучы, наткнуцца, натрапіць на каго, што‑н. Напаўзці на перашкоду. Напаўзці на калючы дрот.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыпаўзці, запаўзці куды‑н. у вялікай колькасці. Напаўзло мурашак у торбу з абедам.

3. Насунуцца, пакрываючы, засланяючы сабою (пра хмары, туман, цемру і пад.). На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўцёкі, прысл.

Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае гармоніі ў сваіх абрысах, афарбоўцы; пазбаўлены прыгажосці. Непрыгожы дом. Непрыгожая тканіна. // Непрыемны па свайму гучанню (пра голас, музыку, гукі і пад.). Непрыгожы голас.

2. Які мае непрывабную знешнасць (пра чалавека). Зрэшты, фройляйн была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару. Брыль. І назваць.. [Эльзу] непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Чарнышэвіч.

3. Заганны, несумленны, нядобры. Непрыгожы ўчынак. Непрыгожая гісторыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Слабы, хваравіты. І жыла ў ёй, у гэтай хатцы, старая, зусім нямоглая жанчына, якую ў нашай вёсцы і вялікія, і малыя, звалі баба Ёўга. Сачанка. Апошнія дні дажываў і Кручынін. Ён зусім аслабеў, стаў нямоглым, як стары. С. Александровіч. // Уласцівы такому чалавеку. Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым нямоглым крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)