прылажы́цца, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑ложыцца; зак.

1. Тое, што і прыкласціся. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас. На першай днёўцы ён [Калодка] так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз ўздыхнулі. Брыль.

2. Пацалаваць каго‑, што‑н., злёгку дакрануўшыся губамі. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых Косціка і Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Мележ. І, не перахрысціўшыся, [Базыль] прылажыўся да крыжа. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.

2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпа́сы, ‑аў; адз. прыпас, ‑у, м.

1. Тое, што назапашана, нарыхтавана загадзя; запасы харчавання. У самы глухі куток пад ложкам, куды нават венік служанкі Насты рэдка калі зазіраў, складаў Міхалка розныя прыпасы на дарогу. Колас. У засені дрэў.. на белых хусцінках былі раскладзены агульныя прыпасы: вяндліна, свежыя гуркі, хлеб. Савіцкі.

2. Снарады, патроны і пад., прызначаныя для стральбы з гармат, вінтовак. Баявыя прыпасы. Агнястрэльныя прыпасы.

3. Разм. Прылады для якой‑н. справы, занятку. Рыбалоўныя прыпасы. Цяслярскія прыпасы. Паляўнічыя прыпасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысмакта́цца, ‑смакчуся, ‑смокчашся, ‑смокчацца; зак.

Смокчучы, упіцца ў што‑н., моцна прыстаць да чаго‑н. П’яўка прысмакталася. Дзіця прысмакталася да грудзей. // перан. Разм. Прыстаць да чаго‑н., захапіцца чым‑н. Прыходзіцца па некалькі разоў перачытваць тое самае, нават і сумнаватае. Не дзіва, што прысмокчашся да Гогаля!.. Брыль. // перан. Разм. Прыдадзіцца да каго‑, чаго‑н. дзеля ўласнай выгады. — Вы, часам, не з тых недабітых афіцэраў Балаховіча, што рашылі да пары да часу прысмактацца да Савецкай улады? Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспяшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Тое, што і прыспешыць. Рыгор — вельмі цэльная натура. У пэўнай меры, ён нават максімаліст, ён не хоча чакаць, пакуль ход падзей прывядзе да належных рэвалюцыйных вынікаў, а гатовы гэтыя падзеі прыспяшыць, даць ім штуршок у пажаданым кірунку. Навуменка.

2. і без дап. Пастарацца хутчэй зрабіць што‑н.; паспяшацца. — А з стварэннем брыгады трэба прыспяшыць... Штаб партызан мае весткі, што хутка сюды прыйдзе дывізія рэгулярных нямецка-фашысцкіх войск. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапрэла, згніло, сапсавалася пад уздзеяннем вільгаці і цяпла. Пан Зыгмусь гной дабывае і посцілкамі на сабе цягае з лесу дабро: калю[ч]кі, мох і розную прэль і гніль і раскідае на папары, бо ўвосень тут жыта сеяць будзе. Колас. Грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. Чарнышэвіч.

2. Пах чаго‑н. прэлага. Міця залез пад мост — у твар патыхнула вільгаццю, прэллю. Навуменка.

3. Сухая гніль; цвіль. Яблыкі з прэллю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.

2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рысу́нак, ‑нка, м.

Тое, што і малюнак. Рысунак сябрам спадабаўся. Яны палажылі яго ў канверт і адправілі пісьмо Жуку нелегальна. Ці атрымаў яго адрасат і як паставіўся да рысунка, сябры не дазналіся. Колас. — Я, таварыш інжынер, не магу разабрацца ў гэтых справах, я нідзе не вучылася, якія-небудзь вялікія там пабудовы бачыла толькі калі-небудзь на здымках, на рысунках. Чорны. Ёсць у апавяданні таксама цікавы псіхалагічны рысунак Веранікі і самога лірычнага героя, ад імя якога апавяданне вядзецца. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіча́к, ‑а, м.

1. Верхняя завостраная частка чаго‑н. Абгніла абалонь, і толькі смаловы стрыжанок вострым спічаком кранаўся зямлі. Кірэйчык. Ярка-бронзавае сонца тырчала на спічаку яліны. Лобан.

2. Вузкая высокая надбудова пірамідальнай або канічнай формы на будынку; шпіль. Як толькі на аэрадроме прызямліўся самалёт і я ўбачыў спічак старой каплічкі, .. у мяне тарганулася сэрца. Скрыган.

3. Тое, што і спіца (у 3 знач.). Узняўся з лаўкі гаспадар, утыркнуў спічак у высокую лапцеву пяту і стаў. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

субясе́днік, ‑а, м.

Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)