пустава́ць, ‑туе; незак.
Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустапа́сам, прысл.
Разм.
1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.
2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.
3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разе́ц, ‑зца, м.
1. Рэжучы інструмент для апрацоўкі металу, дрэва і іншых цвёрдых матэрыялаў. — [Жалеза] плыве пад разцом лёгка і мякка. Кулакоўскі. Пакуль не ступілася джала разца І рукі ад працы не зморацца, Я мушу пакінуць адбітак жыцця На камні, жалезе і золаце. Танк.
2. перан. Пра майстэрства, манеру, стыль якога‑н. скульптара.
3. Пярэдні зуб плоскай формы ў чалавека і некаторых жывёл. Губы прывычна сціскаюцца за разцамі, вушныя ракавіны шчыльна закрываюцца і, адапхнуўшыся ад берага моцнымі заднімі нагамі, .. [бабёр], як калодка, потырч бухае ў ваду. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’я́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць у кім‑н. моцнае раздражненне, злосць; раз’юшыць. — Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла кветачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Шамякін. Канцавенькага гэта яшчэ больш раз’ятрыла: — От чаму гэтае гумно з хутара не зносяць!.. Арочка.
2. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; растрывожыць, развярэдзіць. Раз’ятрыць рану. // перан. Прычыніць маральныя пакуты. У хатах людзі пабойваліся ўспамінаць пра гэты страшны выпадак, каб не раз’ятрыць сваіх сэрцаў. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць 1.
2. у знач. прым. Раскрыты, адкрыты (пра вочы). Аляксандра Пятроўна ляжала з расплюшчанымі вачыма, намагалася заснуць, але не магла. Каршукоў.
расплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расплюшчыць 2.
2. у знач. прым. Плоскі, прымяты. П адагнаў лодку, .. глянуў на Марусава з-пад казырка мокрай, расплюшчанай шапкі. М. Стральцоў. // Расціснуты, раструшчаны. На падлозе расплюшчаная каробка тэлефона, раструшчаны нагамі тынк. Навуменка. У руцэ ў мяне расплюшчаная ліпкая цукерка, загорнутая ў бліскучую паперку. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстраля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
1. Пакараць смерцю шляхам расстрэлу (у 1 знач.). Змясціўся лёс душагуба У слове адным: расстраляць. Колас. — Маці .. [Лёнькава] нашай сувязной была, а фашысты неяк дазналіся пра гэта і расстралялі яе. Шуцько.
2. Падвергнуць моцнаму абстрэлу з блізкай адлегласці. «Юнкерс» зрабіў разварот і пайшоў па курсу на зніжэнне, рыхтуючыся з кулямёта расстраляць эшалон. Гурскі.
3. Зрасходаваць пры стрэльбе. Расстраляць усе патроны. □ Зачараваныя .. [зайцы] сёння: усе набоі расстраляў, і ўсё — на вецер. Савіцкі.
4. Частай стральбой выклікаць расшырэнне канала ствала зброі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць у кім‑н. моцную трывогу, неспакой; устрывожыць. Цьмяныя, але жывучыя ў дзіцячай душы ўспаміны пра бацьку растрывожылі Віцю. Якімовіч. Пасля вячэры не хацелася ісці спаць. Тамаш растрывожыў душу. Чарнышэвіч.
2. Прывесці ў рух, вывеўшы са стану нерухомасці, спакою. Растрывожыць мурашнік. Растрывожыць рой.
3. Разм. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; развярэдзіць. Растрывожыць рану. / у перан. ужыв. [Варашкін] папытаў, добра не падумаўшы, хацеў, каб на лепшае было, а яно [вунь] як павярнулася — незагоеную рану сябру растрывожыў. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́ць, рашчу, росціш, росціць; незак., каго-што.
1. Даглядаючы, забяспечваць рост, развіццё (раслін); вырошчваць. Расціць жыта. Расціць сад. □ Няхай Ганна раскажа .. [камсамолкам], як яна росціць лён. Сабаленка. // Гадаваць, выхоўваць. Для радасці мяне расціла маці І аддала мне сэрца і жыццё. Русак. — Лёгка расціць дзяцей, калі аб іх не адна толькі маці клапоціцца. Шамякін. // Даваць магчымасць расці (пра валасы, поўсць). Расціць вусы. // Садзейнічаць развіццю каго‑, чаго‑н. Расціць кадры. Расціць талент. □ Сягоння сілы, ўпартасці стае, каб добрае расціць, ліхое крэсліць! В. Макарэвіч.
2. Прарошчваць на солад. Расціць ячмень.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рулявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да руля (у 1 знач.). Рулявое кола. Рулявое вясло. □ За мачтай цямнела нерухомая постаць рулявога матроса. Час ад часу ён круціў штурвальнае кола. Самуйлёнак.
2. у знач. наз. рулявы́, ‑ога, м. Чалавек, які кіруе рулём на судне. Жвавы падлетак прабягае па палубе. Каля капітанскай рубкі яго спыняе рулявы. Каршукоў. Моўчкі глядзяць вартавыя, Дазорныя і рулявыя. Лось. // перан. Пра кіраўніка, правадыра. У баях цяжкіх, на барыкадах ты ішла пад сцягам баявым. Слаўная ўдарная брыгада — нашага народа рулявы. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рыць, рыю, рыеш, рые; незак., што.
1. Капаць, раскопваць што‑н. рыхлае, сыпкае (лычом, рылам). Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Колас. // Капаючы, даставаць што‑н. з зямлі; вырываць. Рана ўстане [дзядзька], а дзік, вялікі, як капіца сена, ужо рые бульбу. Карпюк.
2. Вымаючы, выкідаючы зямлю, рабіць паглыбленне, яму (пра жывёл). [Віктар:] — Калі .. [барсукі] рыюць сабе норы, значыцца, яны маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Маўр.
•••
Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім‑, чым‑н., пагарду да каго‑, чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)