раздво́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздвоіць.
2. у знач. прым. Такі, які раздвоіўся; раздзелены надвае, на дзве часткі. [Заяц] неяк смешна кратаў раздвоенай губой, насцярожана стрыгучы вушамі. Шахавец. [Валодзя] спыніўся, каб крыху перадыхнуць, і раптам заўважыў на зямлі шырокі раздвоены след нейкай жывёлы. Ваданосаў.
3. перан.; у знач. прым. Які страціў цэльнасць, унутранае адзінства. Аб Аляксандру Іванавічу пайшла тая раздвоеная слава, калі адны цікавіліся больш яго храбрым мінулым, а другія — яго цяперашнімі паводзінамі. Пестрак. Так з раздвоеным пачуццём і пайшлі ад Іванова. Верыць ці не верыць? Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад размыць.
2. у знач. прым. Сапсаваны, разбураны плынню, вадою. Русіновічу сніўся сон: ён едзе з бацькам па размытай, калдобістай дарозе. Дамашэвіч. Штоноч сніцца венцяроўцам самалёт... Здаецца, не ходзяць яны па размытай грэблі ды балоце, а на самалёце птушкай крылатай носяцца. Чарот.
3. у знач. прым. Які не мае ярка акрэсленых абрысаў; няясны, невыразны. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Яно не хавалася, але здавалася нейкім размытым. Лобан. Пабразгаў [вецер] заінелай клямкай, Асыпаў з хвоі снег і знік, А з воблака размытай плямкай Туманным выплыў маладзік. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцішыць.
2. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою; прыціхлы; супакоены, ціхі. Гукі плылі ў сцішаным жнівеньскім вечары, як няпэўны ўспамін аб страчанай радасці. Радкевіч. Жанчына шастала паперкамі, і ў сцішаным аўтобусе гэтае шастанне грымела, як выбух. Скрыган. [Кіра] дыхала роўна, амаль нячутна, і на яе было прыемна глядзець — спакойную, сцішаную, без трывог. Карпаў.
3. у знач. прым. Прыглушаны, ціхі. Раптам да .. вуха [Лабановіча] даляцела сцішаная гамонка з глыбіні кустоў. Колас. Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адухо́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад адухавіць.
2. у знач. прым. Які выяўляе актыўную работу думкі, хараство, высакароднасць душы. Адухоўлены твар. □ [Паўлюк] любіў выступаць перад людзьмі, асабліва перад моладдзю. Калі выходзіў на сцэну, увесь быў адухоўлены, узрушаны. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асу́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад асудзіць.
2. у знач. прым. Такі, якому суджана гібель.
3. у знач. наз. асу́джаны, ‑ага, м.; асу́джаная, ‑ай, ж. Той (тая), хто прызнаны вінаватым і нясе кару згодна з судовым прыгаворам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абстраля́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абстраляць.
2. у знач. прым. Прывучаны да стральбы, да баявых абставін. Абстралянае войска. □ Толькі абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абуць.
2. у знач. прым. Які мае абутак на нагах. Кахаю.. у хустцы і ў косах, У завею і летні гром, Кахаю абутую й босую, з кнігамі і з сярпом. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́зячы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад лазіць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Здольны лазіць (пра расліны, сцябло якіх падымаецца ўверх, чапляючыся за што‑н. вусікамі, валаскамі або дадатковымі карэньчыкамі). Лазячае сцябло.
3. Дзеепрысл. незак. ад лазіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зацёкшы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад зацячы.
2. у знач. прым. Анямелы, набухлы; ацёкшы. Звычайна пасля працы, адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе,.. Сяргей складваў усё напісанае ў стосік і ўспамінаў, што трэба зрабіць перавязку. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заво́страны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад завастрыць.
2. у знач. прым. З вострым канцом; востраканцовы. Завостраны шпіль вежы. // Дробны, вуглаваты (пра твар, рысы твару і пад.). Часамі з натапыраных лахманоў паказваўся дробны твар, худы і завостраны. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)