стэла́ж 1, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў выглядзе паліц, размешчаных адна над другой, для захоўвання або размяшчэння чаго‑н. Паміж шафай і сцяной стаяў нізкі, старадаўняй работы стэлаж, на дзвюх паліцах якога блішчалі фальгой і золатам кнігі. Чыгрынаў. У цяпліцы хвоя была раскладзена на стэлажы, у ёй падтрымлівалася нізкая, але роўная тэмпература. Дубоўка.

2. Прыстасаванне для захоўвання чаго‑н. у вертыкальным становішчы. Паставіць вёслы ў стэлажы.

[Ням. Stellage.]

стэла́ж 2, ‑у, м.

Біржавая здзелка, якая дае аднаму з дагаворных бакоў права выбару, за пэўную прэмію, або прадаць ці купіць біржавыя каштоўнасці ў межах вызначаных здзелкай курсаў.

[Ням. Stellage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трафарэ́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Пласцінка з металу, кардону, фанеры і пад. з прарэзанымі літарамі, малюнкамі, прызначанымі для нанясення падпісаў на плакаты, малюнкаў на сцены і пад. Трафарэт для плакатаў. // Малюнак, літары і пад., зробленыя з дапамогай такога прыстасавання. Пагоны з жоўтымі трафарэтамі вучылішча акуратна сядзелі на .. плячах [Васіля]. Алешка.

2. ‑у; перан. Раз і назаўсёды прыняты ўзор каго‑, чаго‑н., якога слепа прытрымліваюцца; шаблон. І тут уладальнік шаноўнай лысіны не то што разгубіўся, а праваліў сябе, бо не змог выйсці з прызвычаенага трафарэту сваіх выступленняў. Лынькоў.

[Ад іт. traforetto — прадзіраўленае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарпа́к, ‑а, м.

1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.

2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́хматны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з шахматамі (у 1 знач.). Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Колас. // Прызначаны для гульні ў шахматы. Шахматны столік. // Які гуляе ў шахматы, спаборнічае па шахматах. У снежні мінулага года шахматная грамадскасць Савецкай краіны адзначыла стагоддзе з дня нараджэння заснавальніка айчыннай шахматнай школы Міхаіла Іванавіча Чыгорына. «Беларусь».

2. Размешчаны так, як размешчаны клеткі аднаго колеру на дошцы для гульні ў шахматы. У шахматным парадку. □ Трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі.. шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлюз, ‑а, м.

1. Гідратэхнічнае збудаванне, прызначанае для пераводу суднаў з адной воднай прасторы ў другую, з іншым узроўнем вады. На сваім шляху ад Павянца да Сарок наш параход пройдзе 19 шлюзаў. Галавач.

2. Адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада. Мне добра чуваць шум вады, што пад узнятым шлюзам кідаецца цераз загародку і сваёй мелодыяй напамінае пра млын. Мыслівец. Каля шлюза сабралася трохі ціны, і Сагайдак выцягнуў яе граблямі на бераг. Парахневіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба ці латка для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.

[Ням. Schleuse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́мпал, ‑а, м.

Спецыяльны стрыжань, прызначаны для чысткі і змазвання канала ствала ручной агнястрэльнай зброі, а таксама — у старажытнай зброі — для забівання з дула зарада ў пісталеты і стрэльбы. Перапынілася шорганне шомпала ў ствале, і за дашчанай перагародкай, чуваць, мякка спыніўся крок цяжкага і злога чалавека. Паўлаў. // звычайна мн. (шо́мпалы, ‑аў). Кара, пакаранне такім стрыжнем. Гітлераўцы прапанавалі.. [Шаройку] стаць старастам. Ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Шамякін. — Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік. Хадкевіч.

[Ад ням. Stempel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штармавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да шторму; які з’яўляецца штормам. Штармавы вецер. □ — Званілі ад аператыўнага. Давалі штармавое папярэджанне, — нясмела зазначыў Цвёрдахвалаў. Алешка. // Такі, які бывае ў час шторму. Штармавое надвор’е. □ Апошнія паўгода ішлі бурна і імкліва. Яны нагадвалі штармавы акіян, які бушаваў вакол. Ракітны. // Які выкарыстоўваецца ў час шторму, служыць для барацьбы са штормам. Туга нацягцутыя штармавыя канаты на прамдэку, на ўнутраных лесвіцах пагойдвалася ў такт шалёнай калыханцы. Лынькоў. // Для якога ўласцівы частыя штормы. Ды не меркнуць паўночныя зоры, Караблі не мяняюць свой шлях, Штармавое Балтыйскае мора, На тваіх багатырскіх грудзях. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́слі, ‑яў; адз. няма.

1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе адкрытай драўлянай скрынкі на ножках або рашоткі, нахільна прымацаванай к сцяне. Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку. Гартны. [Каня] вабіў да сябе цёплы хлеў з яслямі, поўнымі мурожнага сена. Новікаў.

2. Выхаваўчая ўстанова для дзяцей узростам да трох гадоў. Дзіцячыя яслі. □ [Маці:] А я ў полі прыбіраю Жыта ў перавяслы Ды сама сябе пытаю: Як мой сын у яслях? Колас. Сваю Настачку — Дзіцё тое — Нясу ў яслі я Раніцою. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адма́лку, прысл.

З малых год, з маленства; змалку. А якая ж навука патрэбна для тых, што да працы вялікай рыхтуюць малых, навучаюць у школе адмалку дзяцей? Дубоўка. Засталася там ніва, Што адмалку карміла, Засталася крыніца, Што вадою паіла. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпіса́цца, ‑пішуся, ‑пішашся, ‑пішацца; зак.

Разм. Ухіліцца ад выканання чаго‑н., напісаўшы фармальны адказ. І пры ўсім тым.. [ліст] напісан не абы-як, не для таго, каб адпісацца, — на дзвюх старонках хворы пісьменнік [Кузьма Чорны] разабраў плюсы і мінусы абодвух апавяданняў. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)