праця́глы, ‑ая, ‑ае.
Які доўга працягваецца. Працяглы тэрмін. □ Наступіла працяглая маўклівая паўза: усе меркаванні і здагадкі ўжо былі выказаны да з’яўлення Шэмета, і цяпер ніхто не адважваўся іх паўтараць. Лобан. Стук паўтарыўся. Ён быў такі ж асцярожны, але больш настойлівы, працяглы. Кулакоўскі. Спачатку сакаляня лятала толькі каля хаты, але з кожным днём падарожжы яго рабіліся ўсё больш і больш далёкімі і працяглымі. В. Вольскі. // Працяжны, не адрывісты (пра гукі). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. А за возерам, далёка на небасхіле, вісела чорная хмара. Час ад часу яе прарэзвала маланка і праз момант далятаў глухі, працяглы гром. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́ня, ‑і, ж.
1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.
•••
Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыго́н 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 1 знач.).
2. Абл. Месца, куды прыганяюць жывёлу, дзе трымаюць жывёлу; згон. У зацішным нізенькім прыгоне Ціха і глыбока, як праз сон, Ўздыхаюць змораныя коні, Хрумстаючы сенам і аўсом. Грахоўскі.
прыго́н 2, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыганяць — прыгнаць (у 2 знач.).
2. Грамадою лад, заснаваны на прыгонным праве; прыгонніцтва. Часы прыгону. □ Ці тое некалі за прыгонам было, ці пазней... Жыла ў прыдзеінскай вёсачцы дзяўчына. Звычайная сялянская дзяўчына. Хадкевіч.
3. Дармавая прымусовая праца сялян на памешчыка ў часы прыгоннага права; паншчына. Адбываць прыгон. □ — Бач, які порсткі! — смяецца пан. — Спярша ты ў мяне прыгон адслужы, тады і вярну [распіску]. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпа́р, ‑у, м.
1. Душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца. Іскрыцца сонейка. Прыпар. Бялевіч. То ў бубны дахаў снежны вецер біў, То навальніца у прыпар грымела, Трубач над зыркім вогнішчам трубіў — І ўсё было да болю зразумела. Грахоўскі.
2. Напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва). Следам за сенакосам падыходзіў жніўны прыпар. Асіпенка. У самы прыпар прыехала на хутар бабка Югася, каб паглядзець дзяцей, пакуль маці і бацька будуць ўпраўляцца з касьбою і жнівом. С. Александровіч. // перан. Найбольш напружаная праца, якая наступае час ад часу, а таксама перыяд такой працы. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў і паспешліва рыхтаваліся да чарговага інстытуцкага прыпару. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.
1. Наблізіцца, падысці да каго‑, чаго‑н. Толькі і дадавала прыгажосці азярцо, што ляжала ў балоце, але да яго нельга было прыступіцца ні з аднаго боку. Чарнышэвіч. Ад станцыі напрасткі да.. [коп сена] было не прыступіцца — гразкае балота. Новікаў. // Падысці, звярнуцца да каго‑н. Ціток загадаў абавязкова Параску прывесці. І калі тая сапраўды прыйшла, ён не ведаў, з якога боку да яе прыступіцца: яна і такая, яна і гэтакая. Лобан. Але старая маці баіцца прыступіцца да Зоські, бо тая пачынае злавацца ды з хаты ўцякае. Бядуля.
2. Узяцца за што‑н.; прыступіць. — А я буду рабіць тое, да чаго падручны і нават сярэдні майстар прыступіцца не адважыцца. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак.
1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. дадаткова. Лапко ж мусіў прызнацца, што корм ён даваў. Ну, але ж ці гэта злачынства, што ён дасць калі-нікалі мяшок сечкі ды прысыпле з прыгаршчы аўса? Колас.
2. каго-што. Засы́паць, насы́паць зверху; прыцерушыць. — Грошы.. я схаваў за гумном, у дзвярах, прысыпаў карой з дрывотніка. Чорны. [Галіна] спачатку прамыла струп, пасля прысыпала і паклала пластыр. Пташнікаў.
3. Пачаць мацней ісці, сыпаць. А дождж іграе на драніцах, Як самы лепшы музыкант.. То ўраз прысыпле буйным шротам, То ледзьве-ледзь зашамаціць. Броўка.
прысыпа́ць 1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да прысы́паць.
прысыпа́ць 2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да прыспаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́бліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж., зб.
Людзі, якія знаходзяцца дзе‑н. у якасці слухачоў, гледачоў, наведвальнікаў. Панькова гуляла прыгожа. Яна неўзаметку наглядала за публікай і бачыла, што позіркі многіх «балельшчыкаў» скіраваны на яе. Сабаленка. Публіка лёгка даравала артыстам усё, калі на сцэну зноў выйшаў той дзядок, калі ён дакладна гэтак жа, як дзед Сілівон, кашлянуў, паціснуў плячыма, прайшоўся. Краўчанка. // Разм. Людзі, народ. Гулка загудзеў параход, забегалі матросы, ажывілася публіка. Багдановіч. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. Колас. // Разм. Пра групу, разрад людзей, якія маюць агульныя прыкметы, што‑н. агульнае. Тут былі такія купцы, як Пачулія.. і іншая цёплая, грашовая публіка. Самуйлёнак.
[Ад лац. publicus — грамадскі.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́за, ‑а, н.
Разм.
1. Жывот чалавека або жывёліны. Умее .. [трактарыст] і на пузе поўзаць, і дагары паляжаць пад трактарам, калі спатрэбіцца. Ермаловіч. Ромка цаляе ў голае Петрыкава пуза вадою з конаўкі, не трапляе, і хлопчык аж заходзіцца ад вясёлага, дураслівага рогату. Місько. Лёд трэснуў, і ў чорнай палонцы паказалася белае пуза рыбіны. Ігнаценка. / у перан. ужыв. Шэрым пузам душаць хмары Поля нудныя абшары. Крапіва. З-пад белага, бліскучага пуза самалёта раптам папоўз чорны дым. Асіпенка.
2. пагард. Пра вялікі, тоўсты жывот у чалавека. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што пэўна пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Колас.
•••
Ад пуза — уволю, удосталь (наесціся, напіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́дчык, ‑а, м.
1. Той, хто пасланы ў разведку (у 1 знач.), які ўваходзіць у склад разведкі (у 3 знач.). У час гітлераўскай акупацыі егер Мацута быў правадніком і разведчыкам у партызанскім атрадзе. В. Вольскі. Разведчыкі даносілі з усіх бакоў адно: абарона на поўдні і поўначы прарвана. Брыль. // Самалёт або судна, якія вядуць назіранне за праціўнікам.
2. Агент разведкі (у 4 знач.). Як і трэба было чакаць, факір аказаўся разведчыкам адной з вялікіх дзяржаў. Мікуліч.
3. Спецыяліст па разведцы нетраў, па пошуках карысных выкапняў. Разведчыкі выявілі багатыя нафтавыя паклады. // перан. Пра першаадкрывальніка, заснавальніка чаго‑н. Разведчыкі космасу. □ Мы — першыя ў свеце Разведчыкі будучыні, Наватары, багаборцы, Шчасця людскога Нястомныя творцы. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разго́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з разгонам (у 2 знач.); які бывае пры разгоне (у 2 знач.). Разгоністая хада. Разгоністы галоп. □ Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы. Быкаў. // Моцны, хуткі. Разгоністы вецер. Разгоністая хваля.
2. Шырокі, з вялікім разгонам (у 3 знач.); размашысты. Асветленая безліччу ліхтароў, узнікла перад вагонамі разгоністая камяніца вакзала. Шынклер. [Павел] стаяў непадалёку, безуважна ўзіраўся ў разгоністае палатно шашы, у разлегласць палёў і сасновых пералескаў. Вышынскі. // Залівісты, працяглы (пра голас, брэх і пад.). За перагародкай нешта сіпела, патрэсквала, узрывалася шорганнем і піскам, а потым наплываў разгоністы моцны, але не вельмі выразны голас. М. Стральцоў.
3. З вялікімі прамежкамі паміж літарамі (пра почырк, друк).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)