пласты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пластыкі, уласцівы ёй. Пасля пластычнай гімнастыкі .. [актрыса] прымала халодны душ і садзілася за масаж твару. Рамановіч. «Кантакт» з мастацтвам у паэзіі Максіма Танка выяўляецца і... праз шматлікія асацыятыўныя масткі да краіны тэм і вобразаў пластычных мастацтваў. Рагойша.

2. Здольны пад высокім ціскам мяняць форму; не ломкі. Пластычныя матэрыялы.

3. Спец. Звязаны з перасадкай скуры. Пластычная хірургія. Пластычная аперацыя.

•••

Пластычная маса гл. маса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралета́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пралетарыя, пралетарыяў. Пралетарская рэвалюцыя. Пралетарская партыя. Пралетарская ўлада. □ Справа адбываецца так, што грамадзянская вайна пачалася як спроба сутычкі з імперыялізмам, якая даказала, што імперыялізм згніў абсалютна і што ўзнімаюцца пралетарскія элементы ўнутры кожнай арміі. Ленін. // Уласцівы пралетарыю, пралетарыяту. Пралетарская культура. □ Уласны домік, гарод, садок, дзеці адарвалі яе ад рабочай сям’і. Але ж павінен быў застацца ў жанчыны рабочы, пралетарскі гонар. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прафесіяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прафесіі; звязаны з якой‑н. прафесіяй. Слухаючы старшыню, карэспандэнт па сваёй прафесіянальнай звычны разглядаў фота ў альбоме. Шахавец.

2. Які мае адносіны да прафесіянала, з’яўляецца прафесіяналам. Прафесіянальны рэвалюцыянер. □ У сценах семінарыі будучы пісьменнік захапляецца рускай класікай.. Ужо ў тыя гады ён марыў стаць прафесіянальным літаратарам. Луфераў. // Уласцівы прафесіяналу. І Максім падумаў, што прафеcіянальнае, настаўніцкае, трымаецца ў Жакушэнькі вельмі моцна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка і скора пужаецца; палахлівы. Дзядзькаў дом глынуў тады яго [Язэпа], маленькага, пужлівага. Бядуля. Дзяўчаткі пужлівыя, хлопцы нязграбныя, І хмель веснавы на гарачых губах! Панчанка. // У якім выражаецца страх, спалох. [Ліда] памятала толькі.. [Паўлаў] пужлівы шэпт, баязлівы позірк і мітуслівыя рухі. Васілевіч. // Уласцівы таму, хто пужаецца, палохаецца. Хлопчык слухаў у здзіўлены, Вочы кідаў на карчы, а ў пужлівым уяўленні Ўсталі чэрці-рагачы. Колас.

•••

Не з пужлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салда́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салдата, належыць яму. Салдацкая служба. Салдацкі кацялок. Салдацкія сем’і. □ Мы павінны паказаць, што рабочыя і сяляне ў матросках ды салдацкіх шынялях — нашы браты, адна армія працоўных. Гартны. // Які складаецца з салдат. Салдацкія палкі. Салдацкі аркестр.

2. Уласцівы салдату, такі, як у салдата. Салдацкая выпраўка. □ Усё жыццё ты [Клімёнак] будзеш рад за сваю раннюю сталасць, за сваю салдацкую маладосць. Брыль.

•••

Салдацкае сукно гл. сукно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сано́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі і за мяжой — які займае высокае службовае становішча, з’яўляецца саноўнікам. Вядома: паэт вядомы Напісаў палкую оду, Чытаў яе на званым абедзе Ў прысутнасці саноўных асоб. Жычка. // Звязаны з дзейнасцю саноўнікаў, іх спосабам быцця. [Размова] была непрыемная Валуеву, але мусіў цярпець. Даносу і плётак не будзе. Па-першае, дваране і людзі свайго саноўнага кола, па-другое, удваіх. Караткевіч.

2. Іран. Уласцівы саноўніку; важны. Саноўны стыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свая́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на сваяцтве, які мае адносіны да сваяцтва. Сваяцкія сувязі. □ Сваяцкія ніці паміж.. [жыхарамі вёскі] даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч.

2. Блізкі па агульнасці паходжання.

3. Уласцівы сваякам, блізкім людзям; дружалюбны, сардэчны, цёплы. [Валасовіч-Гразнова:] — У мяне з ім [Адамам Ягоравічам] былі самыя блізкія сваяцкія адносіны. «Полымя». Рымар сам узяў такі сваяцкі тон. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлескапі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлескопа, уласцівы яму. Тэлескапічная труба. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлескопа. Тэлескапічныя назіранні за Венерай.

2. Спец. Які моцна павялічвае. Тэлескапічныя акуляры.

3. Спец. Які падымаецца і апускаецца ў выніку павароту вакол сваёй восі накшталт тэлескопных труб. Тэлескапічны кран. □ З гэтага завода выйшлі металічныя апалубкі са ступеньчатай рэгуліроўкай, тэлескапічныя перасоўныя вышкі, машына для наклейкі рубероіда з адначасовыя пакрыццём бітума — цэлую брыгаду страхароў замяняе... Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фанаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы фанатыку, прасякнуты фанатызмам. Алік зразумеў, што мастацтва, музыка, спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычная бязлітаснасць да сябе. Быкаў. Сягоння.. нас не можа не здзіўляць гэткая высокая і шматгранная таленавітасць Уладзіслава Галубка, гэткая фанатычная адданасць яго мастацтву тэатра, мастацтву глыбока народнаму. «Маладосць». // Які дзейнічае, думае, як фанатык. Па аскетычнай сухасці, што ішла ад .. вачэй [жанчыны], і па паводзінах я адразу разгадаў у ёй фанатычную каталічку. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалавеканенаві́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Уласцівы чалавеканенавісніку; прасякнуты нянавісцю да людзей, чалавецтва. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровы, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства. Колас. На ўзбраенні неафашыстаў усё тая ж .. чалавеканенавісніцкая расавая «тэорыя», звярыны шавінізм і нацыяналізм. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)