дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.

Разм.

1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.

2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.

3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́правіць 1, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; заг. выправі; зак., што.

1. Зрабіць звілістае прамым; выраўнаваць, выпраміць. Выправіць рэчышча.

2. перан. Ліквідаваць недахопы, заганы. Выправіць становішча. □ Галоўнае ў жыцці — зразумець сваю памылку, выправіць яе і стаць на правільны шлях. Лупсякоў. // Унесці папраўкі (у рукапіс, карэктуру і пад.); паправіць. Выправіць рукапіс. Выправіць кантрольныя работы вучняў.

вы́правіць 2, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; заг. выправі; зак., каго-што.

1. Сабраць і правесці; адправіць. Выправіць дзяцей у школу. Выправіць у далёкую дарогу.

2. Выправадзіць. Выправіць гасцей з хаты.

3. Паслаць куды‑н. з якой‑н. мэтай; адправіць. Выправіць да доктара. Выправіць камбайны ў поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Зрабіць, выпрацаваць з чаго‑н. якую‑н. рэч; выпусціць. Там з такой красы-пароды.. Лесапільныя заводы Дзіва вырабяць для вас. Глебка.

2. Апрацаваць шкуру дубленнем; выдубіць. Вырабіць авечую шкуру.

3. Выканаць пэўную колькасць работы; выпрацаваць. Вырабіць норму.

4. Добра падрыхтаваць глебу для пасеву, пасадкі. Вырабіць поле. □ [Тарэнта:] — Як пух мяккая [зямля на панскім полі].. Вырабілі людзі, сваю так не выраблялі. Галавач.

5. Дасканала зрабіць, стварыць што‑н. ручным спосабам; змайстраваць.

6. Выбраць, выкарыстаць усе карысныя выкапні. Вырабіць вугальны разрэз. Вырабіць шахту.

7. Разм. Запэцкаць, сапсаваць што‑н. неахайным абыходжаннем. Вырабіць паліто ў мел. Вырабіць касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Мэбля, якой абстаўлена памяшканне. Два сталы, пісьмовы і звычайны, таксама работы калгасных майстроў, ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. // Дэкаратыўная і бутафорская частка спектакля.

2. Сукупнасць умоў, акалічнасцей, у якіх што‑н. адбываецца; абставіны. Міжнародная абстаноўка. Ахарактарызаваць абстаноўку. У абстаноўцы міру і дружбы. □ У голасе Садовіча пачуліся ноткі нездавальнення і расчаравання сваім маладым настаўніцкім жыццём і тою абстаноўкаю, у якой прыходзілася жыць. Колас. // Становішча на месцы ваенных дзеянняў, абумоўленае суадносінамі баявых сіл, іх размяшчэннем і характарам мясцовасці. Баявая абстаноўка. □ І камісар, не марудзячы ні хвіліны, накіраваў чалавека дагнаць атрад, паведаміць абстаноўку. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самату́жніцтва, ‑а, н.

1. Занятак саматужніка, саматужны промысел. [Марцін:] Пры панскім рэжыме я не мог стаць раўнапраўным членам рабочага класа. Што ж, беспрацоўе... Вось і прыходзілася зямлю араць і розным саматужніцтвам займацца. Чарнышэвіч.

2. перан. Работа, якая вядзецца адасоблена, неарганізавана, прымітыўна. Наш галоўны недахоп, на знішчэнне якога мы павінны накіраваць усе свае сілы, гэта — вузкі «саматужны» характар мясцовай работы. У сілу гэтага саматужніцтва, маса праяўленняў рабочага руху ў Расіі застаюцца чыста мясцовымі падзеямі. Ленін. // Вузкае, прымітыўнае разуменне чаго‑н. «Барацьба за высокае майстэрства, супраць элементаў саматужніцтва, меладраматызму..» — гэты дэвіз, што бытуе ў тэатры, павінен стаць для яго пуцяводнай зоркай. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зака́пацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Запэцкаць сябе каплямі чаго‑н.; абкапацца. Закапацца фарбай.

закапа́цца 2, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Схавацца, змясціўшыся ў выкапанае паглыбленне або засыпаўшы сябе чым‑н. зверху. Закапацца ў салому. Закапацца ў снег. // перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе, рабоце. З галавой закапаўся ў канспекты і падручнікі. □ І наш Варлен.. За навуковую работу ўзяўся: Даведнікаў за сотню перарыў, У кнігі з галавою закапаўся. Маеўскі.

2. перан. Разм. Маючы многа якой‑н. работы, не паспець яе своечасова выканаць. [Насці] хацелася пагаварыць, але Кузьме не было часу, бо ён закапаўся ў сваёй рабоце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыемнага. Прыйшоўшы назаўтра з работы, .. [кравец] гадзіны дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. Чорны.

2. Пачуццё радасці, задавальнення ад чаго‑н. прыемнага. Там, на лузе, .. [Пятро] адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена. Шамякін. Міход паліваў пану каменданту над цэбрам, а той аж фыркаў ад прыемнасці. Сабаленка. [Гаспадары] з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Чорны.

3. Што‑н. прыемнае; тое, што прыносіць радасць, задавальненне. Зрабіць прыемнасць. □ [Вера:] — А што, непрыемнасці ў вас? — [Клопікаў:] — Ах, божа, божа! Якія ж могуць быць прыемнасцю ў нас пры нашай службе? Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычы́на, ‑ы, ж.

1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.

2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.

•••

Без дай прычыны гл. даць.

З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.

2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.

3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагна́цца, ‑ганюся, ‑гонішся, ‑гоніцца; зак.

1. за кім-чым. Кінуцца наўздагон з намерам дагнаць. Пагнацца за машынай. Пагнацца за злодзеем. □ Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Колас.

2. за чым. Пачаць дамагацца чаго‑н. (з адценнем асуджэння). Пагнацца за славай. □ [Дзіміна:] — Пагналіся за эканоміяй і, мусіць, нечага не дагледзелі. Карпаў. // за кім-чым, на каго-што. Паквапіцца на каго‑, што‑н., спакусіцца кім‑, чым‑н. Пагнацца на багацце. □ Усім узяў [Юзік]: і розумам, і ростам, і прыгажосцю. Не дзіўна, што і Люба пагналася за ім. Васілевіч.

•••

Пагнацца за двума зайцамі — старацца зрабіць дзве розныя работы адначасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)