бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.

2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валту́зіцца, ‑тужуся, ‑тузішся, ‑тузіцца; незак.

Разм.

1. Рабіць хуткія, бязладныя, хаатычныя рухі, дурэючы або стараючыся вызваліцца з якога‑н. становішча. Вельмі забаўка было глядзець, як маленькія шэрыя трусяняткі валтузіліся ў клетцы, куляліся адзін цераз аднаго. Краўчанка. Узбягаю на ганак, бачу — валтузіцца нехта ў мяшку. Машара. // Змагацца доўга з пераменным поспехам. Шкірман ускаквае, хапае Касарэвіча загрудкі. Б’е кулаком.. Той дужы таксама — абодва падаюць на падлогу, валтузяцца. Навуменка.

2. Доўга займацца якой‑н. справай; важдацца, корпацца. Пакуль.. [Росцік] валтузіўся са скорасцямі, Якаў рыўком адкрыў яго кабіну і з-пад носа выхапіў ключы. Кулакоўскі. Валтузіцца са старой сеткай болей не было сэнсу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёт, ‑у, М лёце і на ляту́, м.

Дзеянне паводле дзеясл. лётаць (гл. лятаць у 1 знач.) і ляцець (у 1–5 знач.). Дзеці доўга пазіралі за лётам шэршняў. Рылько. Здаецца, думак быстры лёт выразна кожнаму чуцён — такая ціш. Вялюгін. Варанецкі хапаецца за білы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт .. коней. Дуброўскі.

•••

З лёту — з разбегу, хутка рухаючыся. З лёту Верачка абхапіла Барыса, прытулілася да яго грудзей. М. Ткачоў.

Лавіць на ляту гл. лавіць.

На ляту — у час лёту, руху ў паветры. [Талімон:] — Былі зімы, што ад марозу дух займае.., птушка на ляту падае... Кулакоўскі.

Страляць (біць) у лёт гл. страляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.

1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.

2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.

3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марне́ць, ‑нею, ‑нееш, ‑нее; незак.

1. Засыхаць, чахнуць, чэзнуць. — Вы ж увесь свой век сады садзілі.., — не адступалася ад дзеда Наталька, — скажыце, што вы рабілі, калі расліна на вашых жа вачах сохла, марнела? Кулакоўскі.

2. Гібець, чахнуць (пра чалавека). [Мальвіна:] Людзі ў шчасці ды ў багацці жывуць, як мак у гародзе квітнеюць, а я марнею сабе ды сохну, як тая былінка занядбаная пры дарозе. В. Вольскі. Марнеў сын увачавідкі — нібы той лісток на бярозе, прыхоплены прымаразкам. «Беларусь».

3. Занепадаць, марна прападаць. Марнее гаспадарка. □ Так ён і марнеў, гэты кавалак [зямлі], без карысці, нават і жывёлу на ім не пасвілі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.

1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.

2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.

3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.

•••

Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нястры́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога немагчыма стрымаць, утрымаць. Натоўп рынуўся да вагонаў нястрымнай дзікаватай лавінай. Кулакоўскі. Смех — гучны, нястрымны смех — так і падхапіў.. [Сілівона]. Лынькоў.

2. Такі, якога цяжка ўтаймаваць; які з цяжкасцю стрымліваецца. У такіх выпадках [калі статку пагражае небяспека] зубры заўсёды становяцца асабліва злымі, лютымі і нястрымнымі ў нападзе. В. Вольскі. [Сцяпан] разважлівы, калі што-небудзь абдумвае, нястрымны і лаканічны, калі спрачаецца. Ярош.

3. Такі, што цяжка вытрымаць; нясцерпны, невыносны. Арлоўскі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго навылёт. Паслядовіч. У духоўцы ў нястрымнай гарачыні пяклося прыгатаванае па ўсіх правілах пячэнне. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да палка. // Прадмет у выглядзе ўказкі, якім карыстаецца дырыжор, кіруючы аркестрам. Капельмайстар стаіць перад аркестрам, гатовы ўзмахнуць палачкай. Крапіва.

2. Разм. Перпендыкулярная рыска на пісьме. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі. Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок. Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца. Бядуля.

3. У медыцыне — бактэрыя, падобная па форме на прадаўгаватую рыску; бацыла. Кішэчная палачка. Туберкулёзная палачка.

4. звычайна мн. (па́лачкі, ‑чак). Светлачуллівыя клеткі сятчаткі вока пазваночных жывёл і чалавека, падобныя па форме на прадаўгаватую рыску.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. памёрз, ‑мерзла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загінуць ад марозу — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Кветкі памерзлі ад марозу.

2. Прабыць некаторы час на марозе, на холадзе. Той, хто столькі, як я, памёрз На скрыжаваннях дарог і вёрст, Не здолее ўседзець у цішыні Пры цёплым хатнім агні. Панчанка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Моцна азябнуць, змерзнуць — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі ўжо. Пестрак. Віктар і Ларыса стаялі ў той вечар.., пакуль ногі ў іх не памерзлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перш, прысл.

Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.

•••

Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.

Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)