насаджа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Змясціць, размясціць дзе‑н. вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Насаджаць дзяцей у аўтобус. Насаджаць пірагоў у печ.

2. Пасадзіць у некалькі прыёмаў або нейкую колькасць (пра расліны, дрэвы). Насаджаць маладых дрэў.

3. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузоў і пад.). Не надта хочацца .. [Аўдолі] ўмешвацца ва ўнутраныя справы, падлічваць, хто каму больш сінякоў насаджаў, ды нічога не зробіш — улада. Крапіва.

насаджа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да насадзіць ​1 (у 3, 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нерабо́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які не працуе, жыве но са сваёй працы. Возьмем, напрыклад, кааперацыю, дзе мы бачым велізарныя лічбы рабочых прадстаўнікоў. Мы ведаем, што яна раней складалася амаль цалкам з прадстаўнікоў нерабочага класа. Ленін.

2. Які не выконвае працы, няздольны да яе (пра жывёлу).

3. Такі, калі не працуюць; вольны ад працы. Нерабочы дзень. // Які выкарыстоўваецца не для работы; выхадны, святочны. Алёшка паволі падышоў да крана .. Хуценька пераапрануўся ў нерабочы гарнітур. Лынькоў.

4. Які не выклікае схільнасці да працы. Нерабочы настрой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несціха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не сціхае, не змаўкае, не спыняецца доўгі час; які чуваць бесперапынна. Несціханы гул. Несціханы крык. □ Сінее высокі абрыў. На кручы стагоднія дрэвы. Над імі паводка зары, Вятроў несціханых напевы. Танк. У вушах стаяў несціханы звон, быццам ля кожнага вуха хтосьці настойліва, да знямогі, біў у нешта жалезнае, гулкае. Шахавец.

2. Які не праходзіць, не сунімаецца (пра боль і пад.). Змардаваны на допыце.. і пакутуючы ад несціханага болю, Шурка туліўся да вільготнай і халоднай сцяны. Мехаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.) без дап. Змяніць напрамак свайго руху — пра ўсіх, многіх. Прахожыя пазварочвалі з дарогі.

2. Накіраваць з якога‑н. напрамку ў іншы бок усё, многае або ўсіх, многіх. Пазварочваць машыны на прасёлачную дарогу.

3. Разм. Зрушыць з месца, скінуць усё, многае. Пазварочваць мяшкі з воза.

4. Разм. Звярнуць, збіць на бок усё, многае. Пазварочваць слупы каля дарогі.

5. Разм. Скідаць, зваліць разам усё, многае. Пазварочваць дровы ў кучу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.

2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.

3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакпі́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Сказаць з’едлівы жарт. Які майстар, такі і тавар, — паблажліва пакпіў Мікола. Новікаў. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. З’едліва пасмяяцца з каго‑, чаго‑н., паздзекавацца. З халасцяка можна пакпіць, можна паблажліва паляпаць яго па плячы; з жанчынай, калі ёй трыццаць год, пра замужжа не гаварыць. М. Стральцоў. [Савось] любіў падкрэсліваць сваю перавагу над іншымі, пакпіць, сказаць з’едліва, пакрыўдзіць. Гамолка.

2. Кпіць некаторы час. Хлопцы трохі пакпілі ды супакоіліся, а Іван усё моўчкі курыў. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.

2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.

3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да парада, звязаны з парадам. Парадны строй. Парадны марш. // Прызначаны для парада, для ўрачыстых выпадкаў. Парадная форма. □ З рэчавага мяшка.. [Язэп] дастаў пару новенькіх пагонаў, якія яму выдалі ў шпіталі, не палявых, а парадных, а яркімі нашыўкамі. Асіпенка. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі. Колас. // Святочны. Парадны выгляд.

2. Галоўны (пра лесвіцу, уваход і пад.). Парадныя дзверы. □ [Кандрат] не пайшоў з чорнага ўваходу, каб не падумалі, што хаваючыся да Домны ходзіць, пастукаўся ў парадны. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены якасцямі добрай пароды (пра свойскую жывёлу). [Максім:] — Трэба будзе сапраўды папрасіць у Гайнай, каб прадала пародзістых кароў. Шамякін. // Які з’яўляецца прыкметай добрай пароды, сведчыць аб прыналежнасці да добрай пароды.

2. Уст. Надзелены рысамі, якія сведчаць аб арыстакратычным паходжанні. // Які з’яўляецца прыкметай такога паходжання. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы,.. [Сотнікаў] пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Быкаў.

3. Разм. Моцнага складу, здаровы, дужы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)