глушы́цель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. Шыцік.

2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.

3. перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Перайсці да спакойнага роўнага дыхання (пасля бегу, рэзкіх рухаў і пад.); перавесці дух. [Маці] трымае хустку ў руцэ, прыціснула руку да грудзей, мусіць, задыхалася вельмі, спатыкаецца ад стомы і страху, падае, узнімаецца, сцішае на хвіліну крокі, каб аддыхацца, ізноў ідзе подбежкам. Галавач. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плоту, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́знасць, ‑і, ж.

1. Ускладзены на каго‑н. або ўзяты кім‑н. абавязак; даваць справаздачу пра якія‑н. свае дзеянні і быць гатовым адказваць за іх вынікі. Несці адказнасць. Баяцца адказнасці. Ускласці адказнасць. Браць на сябе адказнасць. Пад асабістую адказнасць. Прыцягнуць да адказнасці. Павысіць адказнасць. Крымінальная адказнасць. Адчуваць цяжар адказнасці.

2. Сур’ёзнасць, важнасць чаго‑н. Адказнасць моманту. Адказнасць даручэння.

•••

Несці адказнасць гл. несці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адта́ць, адтане; зак.

Выйсці з замарожанага стану; вызваліцца ад лёду, снегу пад уздзеяннем цяпла. [Несцер:] — Вось крыху адтане зямля — прынясу з дому шчэпы і пасаджу на гэтым месцы. Кулакоўскі. Праз ноч зямля адтала, зрабілася мяккай. Якімовіч. // перан. Памякчэць, падабраць, пазбыцца суровасці. Сама Волька, заўважаючы ў сабе.. змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., аднакр.

1. Разм. Усклікнуць «ах», выказваючы якое‑н. пачуццё: захапленне, здзіўленне, шкадаванне, страх, смутак і пад. [Мікалай Іванавіч:] — Бываюць цікавыя сюжэтныя павароты ды такія нечаканыя, што ахнеш ад здзіўлення. Шахавец.

2. Разм. Выбухнуць, разарвацца, стрэліць, абрушыцца і г. д. Пакуль.. [Капейка] паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

3. каго-што. Разм. Моцна выцяць. Ахнуць па галаве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вёрткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны да хуткіх і спрытных рухаў. Каля става ў празрыстай вадзе мігцелі вёрткія плоткі. Броўка. Сівы па старасці год, Далодка быў яшчэ вёрткім чалавекам.. і не пераставаў цікавіцца ўсім, што адбывалася навокал. Грамовіч.

2. перан. Разм. Які хутка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; пранырлівы. [Дзяжэвіч:] — Я чалавек вёрткі: ты мяне пад лёд, а я адтуль з рыбкай у руцэ. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́чань, ‑чня, м.

1. Навучэнец пачатковай або сярэдняй навучальнай установы. Вучань восьмага класа. Вучань рамеснага вучылішча.

2. Той, хто вывучае што‑н. пад кіраўніцтвам каго‑н., знаходзіцца на прафесійнай вывучцы. Вучань токара. // перан. Той, хто не дасягнуў яшчэ майстэрства ў якой‑н. справе.

3. Паслядоўнік, прыхільнік якога‑н. вучэння, поглядаў, дзейнасці. Пляханаў з гонарам называў сябе вучнем Маркса і Энгельса. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адцвісці́, ‑цвіце; зак.

Закончыць, пакінуць цвісці. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы і травы павялі. Колас. Кветкі адцвілі, на іх месцы з’явіліся маленькія агурочкі. Бяганская. // перан. Адкрасаваць (пра маладосць, жыццё і пад.). Як шчасліва, сонечна адцвілі гэтыя апошнія гады. Пяць год таму назад сышліся.. [Ірына і Ігнась], пажаніліся. Лынькоў. Так... Здараецца ў окыцці — Што ты сядзеш будзеш баяць. Дні паспелі адцвісці, А надзеі зацвітаюць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адцягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Павольна адысці, ад’ехаць убок. Абоз адцягнуўся ад вёскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адвіснуць пад цяжарам. Галіна аднаго дрэва на самай дарозе адцягнулася ўніз. Чорны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкласціся на пазнейшы час. Ад’езд адцягнуўся. □ [Люба] узрадавалася .. званку: нехта ідзе, і хоць на Нейкі час адцягнецца немінуча-непрыемная размова. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адчу́цца, ‑чуецца; зак.

1. Аказацца пазнаным органамі пачуццяў; пачуцца. Пад нагамі ўпершыню адчулася цвёрдая зямля. Барашка. // Дайсці да свядомасці, стаць зразумелым. Мне адчулася нешта сапраўды новае, вельмі сугучнае нашаму часу. Кулакоўскі. А галоўнае — паўней адчулася радасць працы. Карпаў.

2. Аказацца перажытым кім‑н.; пакінуць след, адбіцца на кім‑, чым‑н. Уздзеянне рэвалюцыйнага руху найбольш ярка адчулася на творчасці Я. Купалы. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)