чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.

1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.

•••

Біць чалом гл. біць.

На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.

Стаць на чале ўлады гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарапо́к 1, ‑пка, м.

1. Абломак, асколак разбітага глінянага, чыгуннага або фарфоравага вырабу. На падлозе разам з гэтым ламаччам валяліся чарапкі разбітага посуду, патэльня. Чарнышэвіч. Тут жа ў чарапку ад разбітага чыгуна стаяла малако. Пальчэўскі.

2. Разм. Невялікі гаршчок, міска або кубак. [Віктар:] — Пойдзем шукаць гліны, можа злепім які чарапок. Маўр. [Кірыла:] — А калі ж чарапкі свае пазабіраеш? Там жа і формы гэтыя твае валяюцца, парасяты іх лычамі качаюць па дварэ, і вёдры, і цабэркі. Скрыган.

чарапо́к 2, ‑пка, м.

Разм. груб. Тое, што і чэрап. [Парубшчык] уцякаць кінуўся. Гарашун — за ім. І яму перапала — добра загрэў па чарапку. Масарэнка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чува́ць, у форме інф., у знач. вык.

1. Можна чуць. Добра чуваць быў натужны шум матора. Мележ. Цішыня ў скверы, акрамя птушыных галасоў, нічога не чуваць. Кулакоўскі.

2. Разм. Ёсць звесткі пра каго‑, што‑н. [Я. Сегень:] — Нічога пра .. [сына Нахлябіча] нідзе не чуваць. Чорны. — Як там, скажыце, — пажылы невялікі чалавек паказваецца з гумна і, згортваючы вяроўку, падыходзіць да нас, — як там, вы ж лепш ведаеце палітыку гэну, з вайною, скажыце, нічога не чуваць? Скрыган.

3. Адчуваць, адчувацца; успрымацца. У хаце чуваць дым ад махоркі. Відаць пасля, як ён цягнецца адразу ў печ у чалеснік. Пташнікаў. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужані́ца, ‑ы, м. і ж.

1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.

2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.

3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́тна і чутно́,

1. Прысл. да чутны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Можна чуць. І здаецца, Зязюля даўно адкувала, І не чутна За вокнамі Звону вясны. Грахоўскі. Чамусьці не відаць было часавога, не чутна яго цяжкага кроку. Лынькоў. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Разм. Ёсць звесткі, навіны, паведамленні пра каго‑, што‑н. Прайшла палова чэрвеня, а пра наступленне Чырвонай Арміі нічога пэўнага не было чутно. Машара.

4. у знач. пабочн. Кажуць, як кажуць. [Сушкевічава] жонка, папр[адава]ўшы будынкі, выехала адсюль і жыве, чутно, добра. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шляхе́тны, ‑ая, ‑ае.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — дваранскі, дваранскага паходжання. Апанас Сажалка, малады ў той час прадзед Міхася Сажалкі, лепшага друга і памочніка Сапегі, не зважаючы на свой шляхетны род, любіў бадзяцца з простымі валачобнікамі. Паслядовіч.

2. Уст. Знешне вытанчаны, высакародны, з вялікім пачуццём годнасці. Шляхетны тон. □ За ўсіх адказаў Змітрок Барташэвіч, саракагадовы халасцяк са шляхетнымі манерамі. Б. Стральцоў. // Які адпавядае існуючым нормам маралі. І не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Колас. // Выхаваны, сумленны, высакародны. Шляхетная дзяўчына.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматы, кавалкі; шкуматаць. Вецер хапаў за полы, засыпаў сухім калючым снегам вочы, кідаўся ўбок і шматаваў палотнішчы афіш. Васілевіч. Гэтак было і са мною: колькі разоў я пачынаў пісаць, і кожны раз напісанае шматаваў на кавалачкі і кідаў у кошык. Сабаленка. То там, то тут наваколле ўздрыгвала ад моцных абвальных выбухаў бомб, якія шматавалі паркую веснавую зямлю. Мележ.

2. перан. Бязлітасна прыгнятаць каго‑н., здзекавацца над кім‑н. [Война:] — Гарнастай — подлы і хцівы звер, але з яго робяць бялюткую мантыю, і яе гаспадар чамусьці атрымлівае правы шматаваць свой народ і процьму другіх. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпу́ля, ‑і, ж.

1. Тое, што і шпулька (у 1, 2 і 3 знач.). Волька напрадзе за вечар шпулю, а мама дзве ручайкі. Пальчэўскі. Гурчыць паціху самапрадка, Кудзеля — як на каравуле, І спіць памочніца дзіцятка Пад манатонны шорхат шпулі. Гаўрусёў.

2. Пасадка з драўніны ці кардону, якая надзяваецца на верацяно для намотвання на яе пражы. Бабуля сядзіць на тапчане. Худыя, парэпаныя пальцы наўздагад вядуць тонкую кужэльную нітку, пускаючы яе на шпаркую шпулю калаўротка. Брыль.

3. Спец. Стрыжань для намотвання дроту, кабелю і пад., а таксама намотаны сам дрот, кабель і пад. Партызаны захапілі шпулю кабелю і па балоце зайшлі ім [гітлераўцам] наперад. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Аддзяляць па слаях лучыну і пад. А бацька, сівы і яшчэ жвавы клапатун, цюкае непадалёку сякерай — шчапае на калодцы дровы. Ракітны. [Дзед] завіхаўся ля чыгункай печкі, шчапаў лучыну. Лынькоў.

2. Разломваць, разбіваць на кавалкі, часткі. Наступленне, як звычайна, пачалі артылерысты — шчапалі дот за дотам, хавалі пад іх абломкамі ворага. Мележ. Як кладзеш цэглу такую, размякае вапна, набрыняе і шчапае цэглу на кавалкі, псуе сценку. Шынклер. Пасля з грымотамі і звонам Вада шчапала крохкі лёд. Глебка. / у перан. ужыв.; і каго. А ён [вораг] як сыпне з кулямётаў, Так і шчапае нашу роту! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Цёмна-шэры з сіняватым адлівам; шэра-блакітны. Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў. На змярканні з-за лесу папаўзлі шызыя, змрочныя хмары. Быкаў. Сонна пакружыўшы над шызым кустом вярбы на лузе,.. [вароны] таксама моўчкі разляцеліся ў розныя бакі. Ігнаценка. // З сіняватым адлівам (пра колер скуры). Чырвоны твар Пачулія стаў шызым. Самуйлёнак. Сашунчык ці «Казлянятка» — гэта Аляксандр Пятровіч Казлоў — франт перадпенсійнага ўзросту з шызым носам. Вірня. Першы ўкаціўся ў кабінет Гамбіцкі, нізкі, тоўсты, з галавой-шарам, бліскучым, аж шызым ад частага галення. Шамякін.

2. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў. Шызы голуб. Шызая чайка. Шызая плесень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)