распе́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Разбіць ушчэнт; размесці. Мы клялі вас тады, Мінеральныя Воды І абвеяны снегам Суровы Каўказ, — Белы гад нас прыціснуў Крыжовым паходам І распетрылі чэрці нас. Шмат загінула там, Каля ног Машука. Броўка. Як рэкі развіваюць зім кайданы, распетрым ворага над Сожам. Вялюгін. // Развеяць, раскідаць. У такія хвіліны [Глушак] думаў пра Нохіма як разумнейшы: «.. Распетрыў са страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да пушынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш?» Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхры́станы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхрыстаць.

2. у знач. прым. Шырока раскінуты ў бакі, расшпілены (пра адзенне). А дзед быў прыгожы. Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Брыль. // Апрануты ў шырока расхінутае, расшпіленае адзенне. Расхрыстаныя, са збітымі набакір шапкамі, .. [хлапчукі] былі поўныя гарэзлівасці, неўтаймаванай энергіі. Арабей. Дубавец, расхрыстаны і пачырванелы, ішоў за плугам, паварушваў яго ў руках. Капыловіч. // Раскрыты, аголены. [Адамчук] у сподняй сарочцы, расхрыстаную валасатую грудзіну, чырвоны твар залівае пот. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Раскалоцца, раздзяліцца на часткі. Палка расшчапілася. □ Грукнуў кулаком аб сасновы стол [Ціхан] так моцна, ажно стол расшчапіўся. Бядуля. Верхавіна [дуба] ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. // Раздрабіцца ад удару. Косць расшчапілася.

2. Перастаўшы сціскацца, паслабіцца, разняцца, раз’яднацца. Вольчыны пальцы самі расшчапіліся, і вяргіні ўпалі на дол. Марціновіч.

3. Спец. Раздрабіцца, распасціся на часткі. Валакно расшчапілася.

4. Спец. Раскласціся на часткі ў выніку хімічнай рэакцыі. Эфір расшчапіўся.

5. Спец. У выніку фізічнага ўздзеяння распасціся (пра атамы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўні́на, ‑ы, ж.

Роўная, без гор, вялікіх узгоркаў і значных паніжэнняў зямная паверхня. З раўніны рускай цераз Беларусь Ідзе Дняпро да мора, да Украіны. Зарыцкі. На сотні вёрст перада мной Кавыльная раўніна. Танк. Расступіліся бярозы, і перад вачыма распасцерлася шэра-зялёная раўніна. Шашкоў. // Пра водную паверхню вялікіх памераў. Азёрная раўніна.

раўніна́, ‑ы, ж.

Роўнае месца, роўнядзь. Поле сонцам скрозь заліта, — Шырыня, раўніна! Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пець, ‑піць; незак.

1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.

2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рып, ‑у, м.

Рэзкі гук, які ўтвараецца пры трэнні, сцісканні і пад. Рып колаў. Рып палазоў. □ Ступаю на хісткія сходцы старой драўлянай лесвіцы. Яны рыпяць пад нагамі, і гэты рып быццам б’е мне ў вушы нечым цяжкім. Сабаленка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. У хаце ніхто не абзываўся, нібы не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Бураўкін. / Пра гукі гармоніка. Чутны рып гармоніка, Бубна ранні гром. Узыходзіць сонейка. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рытм, ‑у, м.

Раўнамернае чаргаванне якіх‑н. элементаў (гукавых, рухальных і пад.), уласцівае дзеянню, цячэнню, развіццю чаго‑н. Я разумею гэту песню. Я адчуваю яе мелодыю. Я ўхапіў яе рытм. Дзяргай. Жандар падышоў да Рытвінскага размерным крокам, чотка адбіваючы рытм на цэментавай падлозе. Баранавых. // Пра размераны, наладжаны якім‑н. чынам ход чаго‑н. Мінула колькі дзён, і Наташа сама не заўважыла, як аказалася ўцягнутай у гэты напружаны высокі рытм жыцця на будаўніцтве. Краўчанка. Праца ішла сваім будзённым рытмам. Кавалёў.

[Грэч. rhythmós — суразмернасць, стройнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэля́цыя, ‑і, ж.

Уст.

1. Данясенне, паведамленне аб баявых дзеяннях. Напалеону засталося адно: сядзець на барабане з падзорнаю трубою, час ад часу паглядаць праз яе на дымавыя аблокі і чакаць паведамленняў-рэляцый аб выніках. Дубоўка. // Паведамленне пра якія‑н. падзеі, факты. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

2. Апісанне баявога подзвігу якой‑н. асобы ці воінскай часці пры прадстаўленні іх да ўзнагароды.

[Ад лац. relatio — паведамленне, даклад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.

Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свалата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. зб. Разм. груб. Тое, што і сволач (у 2 знач.). Уся свалата, усе трутні свету, пра якіх некалі гаварыў яму [Арлоўскаму] бальшавік Анісімаў, лезлі са скуры, каб зноў аднавіць стары лад. Паслядовіч. Так, добрых людзей багата, але свалаты таксама хапае. Навуменка.

2. Тое, што і сволач (у 1 знач.). — За кадзетаў, свалата, цягне! Няма чаго слухаць. — Кандрат павярнуўся, каб ісці. Лобан. [Рабочы:] Іш, свалата! Каб прыкруціў Цябе да рэйкі галавой цяпер... Клімковіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)