прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прышпілі́ць, ‑шпілю, ‑шпіліш, ‑шпіліць; зак., што.
1. Прымацаваць шпількай; прыкалоць. Прышпіліць паперу кнопкамі. □ Галя хуценька, похапкам надзела сукенку, прышпіліла як папала косы і выйшла ў першы пакой. Сабаленка. Рыбаку каля самага сэрца Прышпіліў я значок з Ільічом. Панчанка.
2. перан. Разм. Дадаць, далучыць (звычайна без патрэбы, не да месца). Аўтар «прышпіліў» да персанажаў лірычныя матывы, але нідзе не развіў іх і не паставіў у дзейсную і вобразную залежнасць ад канфлікту і ідэі. «Полымя». // Даўшы, замацаваць за кім‑н. (мянушку, празванне і пад.). Можа з дому яе [мянушку Свярдзёлак] прывёз, з-пад Валожына, а можа тут ужо нашы хлопцы прышпілілі. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.
1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.
2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. — Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.
3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
развя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. развязваць — развязаць (у 1 знач.).
2. Канец, завяршэнне чаго‑н. Віця не чакаў, што некалькі слоў, пачутых ім з-за вугла, прывядуць да такой развязкі. Нядзведскі. Міхал замёр, не моргне вока: Развяжа скора, недалёка — Вось-вось пакажацца звяруга!.. Колас. // Спец. Вырашэнне канфлікту ў літаратурным мастацкім творы, становішча, якое склалася ў выніку паказаных у творы падзей. Перад намі .. камедыя, заснаваная на традыцыйнай любоўнай інтрызе, з традыцыйнай шчаслівай развязкай — шлюбам, вяселлем. «Полымя».
3. Збудаванне на аўтамабільных дарогах, якое дазваляе патокам транспарту бесперапынна рухацца ў розных напрамках.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разда́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., каго-што.
Аддаць усё, многае многім; размеркаваць паміж многімі. Калі настаўніца раздала дзённікі, усе былі здаволены. Якімовіч. [Гарасім] хацеў прадаць зямлю, а грошы раздаць бедным. Чарнышэвіч. — Дзяцей [з дзіцячага дома] можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаваць за сваіх. Шамякін.
разда́ць 2, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; пр. раздаў, ‑дала, ‑ло; заг. раздай; зак., што.
Расшырыць, расцягнуць, зрабіць прасторным. Раздаць боты на калодцы. // безас. Зрабіць поўным, тоўстым. Быў [Анікей] проста вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Чысты і стройны такі... Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.
1. Прымусіць расстацца (блізкіх, сяброў). На другі дзень на рабоце іх разлучылі — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат. Мікуліч. // Прымусіць пакінуць што‑н. дарагое, блізкае. Не дзівіцеся з Пракопа, што ён гэтак рад за сваю прафесію, з якой яго, як яму нешта здалося, хацелі разлучыць. Ермаловіч. // Прымусіць парваць шлюб, адносіны кахання, разысціся. [Рыгор:] — Цяпер між мной і Цыляй паўстала тайна, якая ледзьве не разлучыла нас назаўсёды. Асіпенка.
2. Раздзяліць, аддзяліць што‑н. ад чаго‑н. Разлучыць канцы правадоў. □ [Бадзюля:] — Алё, алё! Раён... Разлучылі, мілая... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разма́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.
1. Разнесці, расцерці па якой‑н. паверхні, мажучы, пэцкаючы яе. Размазаць слёзы па твары. Размазаць падцёкі. □ З носа ішла кроў, .. [Сотнікаў] размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. Быкаў. На трэцім слове [Аўдоля] зрабіла памылку, вярнулася назад, хацела паправіць і размазала пальцам цэлае слова. Крапіва.
2. перан.; і без дап. Разм. З лішнімі падрабязнасцямі, адступленнямі расказаць, апісаць што‑н. — Чаму не скажуць? ото дзіва! — Той самы «Тэш», каб падлізацца, Гатоў хоць чорту запісацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! — У гневе дзядзька Антось кажа. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. размёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.
1. Метучы ў розныя бакі, расчысціць. Выйду, выйду хутчэй за вароты я І на вуліцы снег размяту. Ставер. // перан. Ачысціць, вызваліць ад каго‑, чаго‑н. Радасць і шчасце дагонім сваё, шторм рэвалюцыі шлях нам размёў! Дубоўка.
2. перан. Разагнаць, раскідаць. Вайна размяла нас па беламу свету. Звонак. Ад дотаў Волгі да Берліна ты [армія] зброд фашысцкі размяла. Машара.
3. перан. Расхапаць, разабраць. Але немцы размялі і свякрусіну хату. Засталося ўсяго некалькі вянкоў, што ніжэй акон. Сяркоў. Словам не стала ансамбля. Спевакоў, .. [танцораў] маіх каго куды, усіх да аднаго размялі. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́іць, ра́ю, ра́іш, ра́іць; незак.
1. каго-што і з інф. Даваць якую‑н. параду, рэкамендаваць, як зрабіць што‑н., як паступіць. Бабка ведала ўсіх будачнікаў па адзін і па другі бок раз’езду і вельмі раіла пагасцяваць у Бабініча. Колас. «Трапляй за мной, а то нос разаб’еш», — раіў ляснік, ідучы спераду. Якімовіч. Сцяпан прымаў толькі тых, хто прыходзіў са зброяй і каго раілі разведчыкі. Пестрак.
2. з інф. (з адмоўем). Разм. Перасцерагаць ад чаго‑н., не рэкамендаваць рабіць што‑н. — Дзённік? — .. [Сеня] здзівіўся. — Ведаеш, на вайне не раяць пісаць дзённік. Шамякін.
раі́ць, раю́, раі́ш, раі́ць; незак., каго-што.
Збіраць у рой. Раіць пчол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)