аблупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.

1. Зняць верхні слой; ачысціць ад кары, шкарлупін, скуры і пад. Аблупіць кару на дрэве. □ Аня аблупіла яйка, памакнула ў соль і падала Сашы. Шамякін.

2. перан. Абрабаваць, абабраць; узяць занадта дорага.

•••

Аблупіць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампенсава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак. і незак., што.

Аплаціць (аплачваць), накрыць (пакрываць) выдаткі, страты, чужую працу і інш. Кампенсаваць нанесеныя страты. // Ураўнаважыць (ураўнаважваць), замяніць (замяняць) чым‑н. Аўгіня кампенсавала .. [дачцы] бацькаву халоднасць гарачымі матчынымі ласкамі. Колас. Па дарозе надумаў [Кірыла] .. заехаць адразу да Зосі і размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кансерваты́зм, ‑у, м.

Схільнасць да ўсяго старога, аджыўшага і варожасць да новага, прагрэсіўнага; кансерватыўныя погляды. Кансерватызм у кіраўніцтве. □ [Ён] рэзка нападаў на звычкі свайго народа, жорстка высмейваў яго забабоны і .. бічаваў яго акасцянеласць і кансерватызм. Колас. — Самае страшнае, таварышы, калі людзі звыкаюцца са становішчам, якое ёсць. Гэта называецца кансерватызмам, застоем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заі́грываць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зайграць ​1.

заі́грываць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з кім.

Разм.

1. Жартаўліва какетнічаць, заляцацца да каго‑н. Заігрываць з дзяўчатамі.

2. перан. Паддобрывацца да каго‑н., каб выклікаць да сябе прыхільнасць. — [Візэнер] нават заігрываў з насельніцтвам, хацеў паказаць сябе добрым і гуманным афіцэрам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́скавасць і ласка́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць ласкавага. Сын гаспадара лашчыў мяккасцю сваіх вачэй і ласкавасцю свайго голасу. Гартны.

2. (пераважна з націскам на другім складзе). Прыветлівае. ласкавае абыходжанне. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пецю] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. У голасе дзяўчыны чулася добразычлівасць і ласкавасць. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лесапі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Машына для распілоўкі лесу (у 2 знач.).

2. Невялікая лесапільня; тое, што і лесапільня. У двары лесапілкі, над абрывам хадзіў вартавы і нікога не падпускаў да ракі. Шамякін. У пошуках кавалка хлеба .. [Людвігу Сцяпанавічу] давялося працаваць чорнарабочым на лесапілцы і прадаўцом газет. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладу́ха, ‑і, ДМ ‑дусе, ж.

Разм.

1. Тое, што і маладзіца. Маладуха так захапілася расказам пра сваю ўяўную смеласць, што .. [Саша і Аксана] не пачулі, як прыйшоў Данік. Шамякін. Пазней прыходзілі на лугі дзяўчаты і маладухі, разбівалі сена ў пракосах. Асіпенка.

2. Маладая, нявеста. — Цяпер самі сабе маладух шукаюць, — працягваў Басько .. басам. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маля́р, ‑а, м.

1. Рабочы, які беліць, фарбуе дамы, памяшканні і пад. На ціхі сонечны бульвар У крэйдзе, вапне, алебастры Выходзіць з вёдрамі маляр. Грахоўскі. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбамі. Шамякін.

2. перан. Пра дрэннага мастака, жывапісца. Бажкам не веру маляваным, Што мажуць фарбай маляры. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мець прывычку драпаць. [Ленка] ужо ўмела смяяцца, хапаць за валасы, за нос, драпацца. Шамякін. // Тое, што і драпаць ​1. Лапкі драпаліся, на твар наліпала павуцінне, за каўнер сыпалася ігліца. М. Ткачоў.

2. Скрэбці, драпаць па чым‑н. з мэтай пранікнуць куды‑н. Сабака драпаецца ў дзверы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́шна, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць духаты дзе‑н. У падвале стала яшчэ больш горача і душна. Карпаў. У паветры пахла гарэлымі анучамі, гаркаватым дымам. Было душна, як у печы. Бядуля. // каму. Пра адчуванне духаты кім‑н. Пасля чаю зрабілася душна. Валатовіч зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)