электро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
Раздзел фізікі, які вывучае электронныя працэсы ў вакууме, газах, цвёрдых целах. // Галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай, вытворчасцю і выкарыстаннем электронных прыбораў.
•••
Квантавая электроніка — раздзел фізікі, які вывучае працэсы генерацыі і ўзмацнення электрамагнітных хваль, што адбываюцца на аснове індуцыраванага выпрамянення квантавых сістэм (атамаў і малекул).
Ядзерная электроніка — галіна радыёэлектронікі, якая распрацоўвае метады і электронныя прылады для апрацоўкі электрычных і светлавых сігналаў ад дэтэктараў ядзерных выпрамяненняў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́чта, ‑ы, ДМ ‑чце, ж.
1. Высокі слуп або высокае стальное збудаванне на суднах для мацавання парусоў, назірання, сігналізацыі і пад. Хоць бы дымок на гарызонце, ветразь. Хай бы саюзніцкага карабля Нам мачта паказалася здаля. Зарыцкі.
2. Вышынная канструкцыя для падвешвання электрычных правадоў, для мацавання антэн радыёстанцый, для сігналізацыі і пад. З правага боку ўзносілася ў неба вялікая пражэктарная мачта. Васілёнак. Каля лагера паднялася чатырнаццаціметровая мачта, а наверсе яе развяваўся чырвоны сцяг лагера «Дружны». Сергіевіч.
•••
Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на судне.
[Ад гал. mast.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сілавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які выпрацоўвае або перадае электрычную энергію для якіх‑н. работ. Сілавая станцыя. Сілавы кабель. Атамная сілавая ўстаноўка. // Які пераўтварае электрычную энергію. Сілавая падстанцыя. Сілавы трансфарматар.
2. Спец. Які выкарыстоўваецца для атрымання якой‑н. энергіі або выканання якой‑н. работы. Сілавы электрамагніт.
3. У тэхніцы — які ажыццяўляецца пры павялічанай скорасці падачы рэжучага інструмента. Сілавое рэзанне. Сілавое фрэзераванне.
4. У спорце — звязаны з прымяненнем значнай фізічнай сілы. Комплекс сілавых практыкаванняў. Сілавы трук. Сілавы прыём.
5. У фізіцы — звязаны з праяўленнем якіх‑н. сіл (магнітных. электрычных і пад.). Сілавыя лініі. Сілавое поле.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напру́жанне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.
2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.
3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.
4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).
5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлегра́ф, ‑а, м.
1. Від сувязі, які забяспечвае хуткую перадачу паведамленняў на далёкую адлегласць пры дапамозе электрычных або светлавых сігналаў. Найвялікшае шчасце выпала на долю беларускага юнака. Ён па тэлеграфе перадаваў народу ленінскія дэкрэты аб міры і аб зямлі. Мяжэвіч. Ужо ў дзень 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года тэлеграф прынёс у гэты дом вялікую радасную, хвалюючую вестку аб рэвалюцыйным паўстанні працоўных Петраграда. «ЛіМ». // перан. Перастук цераз сцяну як від сувязі зняволеных. Але Максім не паў духам — ён цвёрда вырашыў авалодаць гэтым турэмным тэлеграфам і пачаў трэніравацца. Машара. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў.
2. Спецыялізаванае прадпрыемства сувязі, якое ажыццяўляе перадачу, прыём і дастаўку тэлеграм, а таксама будынак, дзе знаходзіцца такое прадпрыемства. На плошчы — цэлы архітэктурны ансамбль прыгожых адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў, а насупраць — універсальны магазін, пошта, тэлеграф. Грахоўскі.
3. Апарат, які перадае і прымае такія паведамленне. Адстукалі тэлеграфы віншавальныя тэлеграмы мантажнікам-вышыннікам, адсвяткавалі будаўнікі сваё вялікае свята. Дадзіёмаў.
[Ад грэч. tēle — далёка і graphō — пішу.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ланцу́г, ‑а, м.
1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.
2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.
3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.
4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.
5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.
•••
І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.
На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.
Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.
Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)