лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.

1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нудо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

Разм.

1. Тое, што і нуда (у 1, 3 знач.). Па.. [Язэпку] напала такая нудота, што хацелася кінуць-рынуць усё ды бегчы без аглядкі. Якімовіч. Серафіме думалася, што стары тырчыць тут на кухні ад нудоты, нават замінае ёй сваімі роспытамі. Сабаленка. Лес плакаў па сонцы і леце. Асенняя пустэча і нудота былі і тут. Хомчанка.

2. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе, нудоту ад выкураных самакрутак, Сяргей складваў усё напісанае ў стосік. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарэ́х, ‑а, м.

1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.

2. Пярэдні разрэз у штанах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэгістрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Запісваць у кнігу, у спіс, у рэгістр; браць на ўлік. Рэгістраваць карэспандэнцыю. Рэгістраваць дэлегатаў з’езда. □ — Трэба нам завесці свой касавы журнал, рэгістраваць у ім дакументы, каб каса нечым правяралася. Скрыган.

2. Афармляць юрыдычна з мэтай уліку або надання чаму‑н. законнай сілы. Рэгістраваць нараджэнне. Рэгістраваць шлюб. // Запісваць, адзначаць якую‑н. з’яву, факт. Рэгістраваць змены надвор’я. □ [Захараў:] — Ваша газета, якая цяпер толькі рэгіструе факты і рэдка калі выступае ініцыятарам якога-небудзь каштоўнага мерапрыемства, стала б сапраўдным вашым баявым памочнікам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

станда́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае стандарту (у 1 і 2 знач.); тыпавы. Стандартныя дэталі. Стандартная мэбля. □ Раніцай я атрымаў пісьмо, шэры стандартны канверт з грыфам той установы, у якую з месяц назад пісаў просьбу. Асіпенка. За якога паўкіламетра ад стандартнай хаты пуцявога абходчыка спыняемся. С. Александровіч.

2. перан. Пазбаўлены арыгінальнасці; шаблонны, трафарэтны. Стандартныя словы. □ «Але чаму ж ты, сакратар райкома, быў да гэтага часу там толькі наездамі?» — крытыкаваў ён сам сябе і, акрамя стандартнага адказу: «Рукі не даходзілі. Часу не хапала», нічога не знаходзіў. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суха́р, ‑а, м.

1. Высушаны кавалак хлеба, булкі. Усе дні маці сушыла патроху сухары. Якімовіч. У нас не было амаль нічога: апошнія сухары мы раздалі за дзень да прарыву блакады. Сіўцоў. // Сорт сухога печыва. Ванільныя сухары.

2. перан. Разм. Пра сухога, нячулага чалавека. Лейтэнант разгубіўся, ён зусім не быў сухаром і педантам, але ён сапраўды нёс службу. Шамякін. Не стаў Кастусь зазнайкай і кабінетным сухаром, — заўсёды з людзьмі і заўсёды працуе шчыра. Брыль.

3. У тэхніцы — назва розных дапаможных прамежкавых дэталей у механізмах і вузлах машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гу́рба, ‑ы, ж.

Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.

гурба́, ы́, ж.

1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.

2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.

2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.

3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.

•••

Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.

Ламаны (ломаны) радок гл. радок.

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Такі, на якога можна спадзявацца. Надзейная варта. Надзейны памочнік. Надзейны саюзнік. □ [Жан:] — Надзейным людзям даручана здабываць друкарскае абсталяванне. Новікаў. Надзейнаю зменай мы станем у строй Пад ленінскі сцяг наш барвовы. Гілевіч. // Трывалы, моцны. Надзейныя рыштаванні. □ Шнур быў доўгі, метраў са сто, і надзейны, у тры шпагаціны. Брыль. // Які забяспечвае дасягненне мэты, пэўны. Надзейны сродак. □ [Дырэктар:] — [Лясы] былі надзейным прытулкам для.. [партызан] і непераадольнай перашкодай для ворага. В. Вольскі. [Клямт] стаў шукаць больш надзейнага месца. Мележ. // перан. Які забяспечвае поспех. Сяргею здалося, што ён знайшоў надзейны ключ да сэрца старой. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. Умацаваць для трываласці. [Люба Лук’янская] наняла чалавека, і ён падмацаваў столь, яна выбеліла сцены. Чорны.

2. Падтрымаць, узмацніць чым‑н. Падмацаваць гаспадарку тэхнікай. // Даць паесці, выпіць чаго‑н.; падкарміць. Падмацаваць сябе малаком. □ Двое калгаснікаў, пастаўленых даглядаць рагатую жывёлу, бралі са склепа буракі, каб падмацаваць дойных кароў. Колас.

3. перан. Павысіць значнасць чаго‑н. якімі‑н. доказамі; пацвердзіць. Падмацаваць думку фактамі. □ — Праўда, сынок, праўда — вось гэта рацыя! — махаючы галавою, падмацавала Петрусёвы словы Стэпа. Гартны. [Сакратар абкома] з асаблівым націскам вымавіў апошнюю фразу, падмацаваўшы яе рэзкім жэстам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)