счапле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. счапляць — счапіць.

2. Прыстасаванне ці механізм, пры дапамозе якога счапляюць што‑н. Яшчэ хвіліна, і, бразнуўшы счапленнем, цягнік пакідае ціхі раз’езд. Карамазаў. [Уладзімір] націснуў старцёр, адпусціў счапленне, і машына, пагойдваючыся, пакацілася далей. Кавалёў.

3. Стан паводле дзеясл. счапляцца — счапіцца (у 2 знач.). Слабае счапленне асобных слаёў у крышталічнай рашотцы графіту дазваляе ўжываць яго і для вырабу змазкі. «Маладосць». На мой погляд, паэма павінна несці не проста счапленне падзей у сюжэт, а эпас пачуццяў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая шклянка для віна. І наліў паўнютку стопку: — Стукні, друг, і... не дышы. Бялевіч. // Колькасць віна, гарэлкі і пад., якая ўмяшчаецца ў такую шклянку. Цяпер Герасім Іванавіч куляе стопку без лішніх слоў і, рукавом уцершы вусны, пачынае навейшы рэпертуар, дзе на першым месцы таксама вайсковыя маршы. Карамазаў. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па стопцы чырвонага віна. Васілевіч.

сто́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і варыўня. Старая перабірала бульбу ў стопцы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́мся 1, злучнік параўнальны.

Разм. Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў, якія паясняюць адзін з членаў сказа ў форме вышэйшай ступені параўнання. Пацяжэлае сонца апускалася за ракою і адтуль асвятляла зямлю, ваду, далёкі грэбень лесу. У тым святле было куды больш, чымся ў ранейшым, мяккасці і чысціні. Карамазаў. Не абрываючы формы ад зместу, паэтэса большую ўвагу надавала зместу, ідэі, чымся форме. Клімковіч.

чы́мся 2, займ. неазначальны.

Разм. Тое, што і чымсьці. Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.

2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рнік 1, ‑а, м.

Перадавы работнік сацыялістычнай вытворчасці, які перавыконвае нормы. Ударнікі калгасных палёў. □ Ударнік.., як на барыкаду, Вядзе на штурм прарываў Ударную брыгаду. Купала. Ударнік той, хто заўсёды і пры ўсякіх умовах паказвае іншым прыклад у рабоце, сам ідучы наперадзе. Арабей. // Пра перадавое прадпрыемства. Калійны камбінат з’яўляецца ўдарнікам будоўлі сямігодкі. «Звязда».

уда́рнік 2, ‑а, м.

1. Частка затвора агнястрэльнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулі патрона.

2. Дэталь, прыстасаванне ў якім‑н. механізме, інструменце для атрымання гуку ўдарамі.

3. Разм. Музыкант, які іграе на ўдарных інструментах. Джазавы ўдарнік. □ [Яругіна] цягнула ў рэстараны, дзе джазавыя ўдарнікі выбівалі модныя рытмы. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Няёмка падагнуцца, схіліцца ўбок. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк. // Вывіхнуцца, аказацца пашкоджаным (пра ногі, рукі). — Ступіць не магу, — крывячыся ад болю, сказаў Паўлік.. — Ступіў нядобра, а.. [нага] неяк падвярнулася і ажно трэснула. Бяганская.

2. Разм. Выпадкова сустрэцца, аказацца побач. Падвярнуўся знаёмы. Падвярнуўся пакупнік. □ З Ялты [Ірма і Яругін] вярталіся позна. Добра яшчэ, што падвярнулася таксі: яно падвезла пад самы корпус, дзе жыў Яругін. Карамазаў. Толькі паспела [Кацярына] скончыць дзесяцігодку, як падвярнуўся нейкі геолаг, высватаў.. і Міканор іх толькі і бачыў. Ракітны. // Выпасці, прыйсціся на чыю‑н. долю. Падвярнулася бяда. □ [Нам] падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папра́ўка, ‑і, ДМ ‑праўцы; Р мн. ‑правак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паправіць.

2. Стан паводле дзеясл. паправіцца (у 1, 2 знач.). Мінуў тыдзень, другі. Здароўе Сафроненкі не ішло на папраўку, нават пагоршылася. Жычка. Пад вечар надвор’е пайшло напапраўку: разагнаўшы хмары, вецер сціх, а неба паяснела і пацяплела. Карамазаў.

3. Змена, дадатак, якія папраўляюць што‑н. Сяргей Міронавіч перагортвае ноты. Ніны дзе-нідзе пярэсцяць ад паправак каляровым алоўкам. Бядуля. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.

4. Спец. Велічыня, якая дабаўляецца да паказанняў вымяральных прылад з мэтай удакладнення іх. Папраўка на радыяцыю. □ Хвалюючыся, .. [снайпер] дастаў памятую паперку, яшчэ раз праверыў разлікі розных паправак — у снайперскай справе ён быў надзвычай тонкі матэматык. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.

2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.

3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)