квакта́ць, квакчу, квокчаш, квокча і квахта́ць, квахчу, квохчаш, квохча; незак.

Ствараць кароткія адрывістыя гукі (пра курыц-квактух і некаторых іншых птушак). Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна, надзьмутая і сярдзітая, упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым валлём. Чорны. Цішыня, толькі дзесьці квахтала курыца ды рохкалі ў хляве свінні. Хомчанка. // перан. Бурчаць, прыгаворваць. Старая квокча. □ Паклаўшы рукі на жывот, Шчасліва мама квокча: Загналі шмат мы ўсе нягод, Няхай міне іх хлопчык. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льнасць, ‑і, ж.

1. Свабода, незалежнасць. Мы кубкі ўздымалі За вольнасць людскую, за праўду на свеце. Броўка. [Белавус:] — Ішлі вы на смерць, на змаганне За люд наш, за вольнасць зямлі. Колас. // Самастойнасць, неабмежаванасць у дзеяннях. Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Захацелася хутчэй і паўней адчуць гэтую вольнасць. Галавач.

2. Парушэнне агульнапрынятых правіл, адступленне ад нормы. Паэтычная вольнасць.

3. Нястрыманасць, фамільярнасць; нетактоўнасць. Вольнасць у абыходжанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуба́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З чубам (у 1, 2 і 4 знач.). На прызбе чубаты салдат-гарманіст на ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. // Які формай нагадвае чуб (пераважна пра расліны). Зіна спынілася, прыслухалася. Дзесьці ўнізе, сярод чубатых вяршалін ні то кіпарысаў, ні то таполяў спяваў салавей. Лось. Цокат, грукат па дарозе, А з дарогі — пыл густы На бярозы, Вербалозы, На чубатыя кусты. Бялевіч.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Чубаты шалфей. Чубатая чэрнець. Чубаты рабчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.

1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.

2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.

3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тру́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да трубы (у 1 знач.). Трубны дым. // Які звязаны з вытворчасцю труб. Трубны завод. Трубны цэх.

2. Які ўтвараецца трубой (у 2 знач.). Трубныя гукі. // Які па сіле, тэмбру і пад. нагадвае гукі трубы. Як толькі чытанне рэзалюцыі было скончана, Бабека, як арол, акінуў вачамі залу і трубным голасам аддаў загад: — Асуджанага Лабановіча Андрэя Пятровіча зараз жа ўзяць пад варту! Колас. Над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набе́г, ‑у, м.

1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.

2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парадзе́ць, ‑ее; зак.

Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́нне, ‑я, н.

Вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы другога полу. Першае каханне. Прызнацца ў каханні. □ — Кахання, Мікола, не бойся. Узвышанае гэта, прыгожае пачуццё. Краўчанка. Аб Таццяне.. [Жэнька] думаў часта, але баяўся свае незразумелыя пачуцці да яе назваць каханнем. Шамякін. // Пра чалавека, які выклікае такое пачуццё. Я сам у трывозе: таксама ў дарозе згубілася дзесьці, сюды не бяжыць, не едзе здалёку маё, у вяснушках, каханне. Вялюгін. Пабудзь жа, маё каханне, Пакуль усход разгарыцца. Нядзведскі. // Любоўныя адносіны. Пара кахання. □ Рана магло б і каханне пачацца, ды Валя нікога з знаёмых хлопцаў не любіла. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́дбліск, ‑у, м.

1. Адбітае святло; бляск. Водбліск сонца. □ Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Дзесьці злева гарэла вёска, і на вершалінах дрэў мігцелі водбліскі пажару. Хомчанка. // Адценне колеру, адліў. Паласа вады з цьмяным металёвым водбліскам ляжала перад.. [Шаманскім], як нейкая лінія, як нейкі рубеж. Дуброўскі.

2. перан. Адлюстраванне, след чаго‑н. Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін. [Язва:] І вы сёння ззяеце водбліскам славы, як спадарожнік гэтага вялікага свяціла. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)