ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рыда́ць ’голасна, сутаргава плакаць’ (ТСБМ), ст.-бел. рыдати, рыдание, рус. рыда́ть, укр. рида́ти, чэш. rydati, славац. rydať, серб.-харв. ри̏дати, ’стагнаць’, балг. рида́я, ст.-слав. рыдати. Чаргаваннем галосных звязана са ст.-чэш. ruditi ’засмучаць, азмрочваць’, в.-луж. wurudzić, zrudzič ’пакрыўдзіць’, zrudny ’сумны’, н.-луж. zruźiś ’засмучаць, азмрочваць’. Прасл. *rydati ’стагнаць’, ’крычаць’, ’плакаць’, ’лямантаваць’, корань *ryd (ад *ruditi, дзе u > ў). Корань *ru‑ знаходзім у *rukati (> бел. ры́каць). Далей звязана з прасл. *revati (> бел. раўсці). Ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе аб і.-е. гукапераймальным корані *reu: *ru, які пашыраны фармантам ‑d‑ у *rydati, у іншых выпадках ‑qo‑ (*rykati), або без фармантаў у *rjuti, *ruti (Покарны, 1, 867; Махэк₂, 526; Скок, 3, 138; БЕР, 6, 251; Чарных, 2, 130). Роднаснае да літ. raudà ’плач, аплакванне’, raudóti ’плакаць, наракаць’, лат. raûda ’стогы, плач’, raûdât ’плакаць’ (Фасмер, 3, 526–527 з літ-рай). Прасл. *rydati ’плакаць’ не трэба блытаць з аманімічным *rytati ’чырванець’, які ўзыходзіць да і.-е. *reudh‑ ’чырвоны’ (Горячева, Этимология 1971, 206–207).

Ры́даць ’пра пачатак дзеяння’: авёс тут і ня рыдаў расьці (Шат.). Ужываецца толькі з адмоўем. Можна супастаўляць са славац. дыял. rydať sa, серб.-харв. ridati ’рухаць’, ’цягнуць, падымаць’, балг. ри́да се ’разблытвацца, распаўзацца’ і лічыць працягам прасл. *ridati ’рухацца’, роднаснага да лат. raidit ’гнаць’, raiditiêsварушыцца’, ням. reiten ’ездзіць верхам’, герм. *ridan (і.-е. *reidh: *ridh ’рухацца’) (Махэк₁, 430; БЕР, 6, 250–251). Сюды ж можна дадаць яшчэ і славац. ’рухацца, непакоіцца’. Сюды, ж, магчыма, адносіцца і серб.-харв. ridati ’рухаць, цягнуць, падсоўваць’, ridati se ’рухацца’. Скок лічыць слова няясным (Скок, 2, 138). Фіксуецца балгарскі прыметнік риды́й: рида вода, поройна вода ’бурная, ліўневая вада’. Падаецца магчымым мяркаваць сувязь гэтага прыметніка з прасл. *ridati ’рухацца’. Аднак балг. риды́й указвае на зыходнае і.-е. *erei‑, reiə, ri ’цячы’, параўн. прасл. *izroj; ст.-слав. выринѫти, ринѫтисѧ. Гэта супярэчнасць магла б быць ліквідавана, калі прыняць пад увагу пункт гледжання Вальдэ, які лічыў, што і.-е. *reidh ’ехаць’, ’быць у руху’ з’яўляецца, магчыма, расшырэннем і.-е. *erei‑, *eroi, параўн. польск. rzewnić ’рабіць рухомым’, якое ўзыходзіць да гэтай і.-е. праформы (Покарны, 1, 330–331; Горячева, Этимология–19861987, 157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трапяткі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пастаянна варушыцца, дрыжыць; дрыгатлівы. Трапяткая асіна. □ Бяроза лісцем трапяткім Мне не ківае пад акном. Астрэйка. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, пад трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Грахоўскі. Лёгкі ветрык пасеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісце, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі. Шахавец. // Які гойдаецца, трапеча (пра хвалі, ваду і пад.). На трапяткой плыні ракі, да самага Аксенімага ганка, месяц высцілаў роўную малочную дарожку. Ракітны. // Мігатлівы, няроўны (пра полымя, святло). Падсвечнік стаяў на слупку ля печы, таму кволае трапяткое святло амаль што раўнамерна расплывалася па ўсёй хаце. Кулакоўскі. Агонь з печы кідаў на .. твар [маці] трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. / Пра зоркі. Месяц-маладзік яшчэ не ўзыходзіў, і цёмнае неба, усеянае безліччу трапяткіх зорак, здавалася бяздонна глыбокім. Сіўцоў. На спакойнай сіні нябёсаў загарэліся першыя трапяткія зоркі. Бяганская. // Які бесперапынна ўздрыгвае, рухаецца. [Мятлік] быў блізка ўжо зусім, .. [Стэфка] бачыла нават сінія крайчыкі яго трапяткіх крыльцаў. Савіцкі. // Які ўзмоцнена, часта пульсуе, б’ецца (пра сэрца); часты, напружаны (пра дыханне, пульс і пад.). Не ведаў Стась, што мама ішла ўслед за ім і з трапяткім сэрцам сачыла за кожным яго самастойным крокам. Гарбук. З трапяткім сэрцам .. [Барташэвіч] падышоў да генеральскай брамкі. Карпюк. // Перарывісты, няроўны, дрыжачы (пра голас, гук). — Саша! Саша! — крычаў над ім Юткевіч трапяткім устурбаваным і разам з тым радасным шэптам. — Мы выратаваны, Саша. Мікуліч.

2. Ахоплены моцным хваляваннем пад уздзеяннем якога‑н. пачуцця; усхваляваны. А я нёс .. [Мальвіну], лёгкую і трапяткую, жадаючы аднаго: каб гэта канава цягнулася да самай вёскі... Сачанка. А .. [Вера], гнуткая і трапяткая, уздрыгнула ўсім целам, рукамі абвіла .. шыю [Смірына]. Алешка. Пятро Гаўрылавіч строга нахмурыўся — і .. [Міхаліна] змоўкла, трапяткая, узбуджаная, спалоханая, што знікае апошняя надзея. Шамякін. // Які выражае хваляванне. Хацелася [Івану] растварыцца, знікнуць у трапяткіх абдымках [дзяўчыны], сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай. Быкаў. Потым моцна сціснуў [Артур] пад сталом .. трапяткую гарачую руку [Іны]. Ваданосаў. // Поўны душэўнага хвалявання. Мірыцца з палонам дубовым не хочуць Палкі навальнічныя слоў. Патрэбны ім шчырыя сэрцы і вочы, Людзей трапяткая любоў. Панчанка. З пачуццём трапяткім, нібы ўслед за юнацтвам сваім, Крок у крок я за імі [камсамольцамі] ішоў, падпяваючы ім. Куляшоў. // перан. Прасякнуты шчырасцю, сардэчнасцю. Каб соль не страціла Ўласцівую ёй солкасць, А песня — гукаў трапяткіх і кволых, .. На свеце існуе Мастацтва. Дзяргай. [Захар Крымянец] хадзіў і думаў: «Дзе ж вы, людзі, пераступаўшыя праз гэты парог? Дзе ты, чалавеча, чыя рука вывела гэтыя трапяткія словы: «Памру, але не здамся ненавіснікам чалавечага роду!» Лынькоў.

3. Разм. Жвавы, бадзёры, рухавы. Анікея ў вёсцы ўсур’ёз не прымаў ніхто. Быў ён вераб’інага росту, трапяткі, непаседлівы. Навуменка. / Пра птушак, жывёл і пад. Купаюцца ў прасторах блакітнага неба, спяваючы радасную песню жыцця, трапяткія жаваранкі. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)