блакі́т, ‑у, М ‑кіце, м.
1. Светла-сіні колер. Блакіт азёр. Блакіт вачэй. □ Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Шамякін.
2. Чыстае яснае неба. Ні адной хмурынкі на блакіце, Ні павеву ветру на зямлі. Астрэйка. [Андрэй Міхайлавіч] глядзеў на белае кучаравае воблака, што павольна плыло высока ў чыстым блакіце. Самуйлёнак.
[Чэшск. blankyt.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жоўць 1, ‑і, ж.
1. Жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань у кішэчнік.
2. перан. Раздражненне, злосць. Мой гнеў паволі адышоў і замяніўся на пагарду. — Які падрыў! Якая жоўць! Дудар.
жоўць 2, ‑і, ж.
1. Спец. Жоўтая фарба. Цынкавая жоўць.
2. Разм. Жаўцізна, жоўтае адценне. Заклякочуць буслы ля ракі І жоўцю заквецяцца клёны. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ране́т, ‑у. М ‑неце, м.
1. Сорт каштоўнай паўднёвай яблыні, на якой растуць кіславатыя яблыкі. Няма раўні маім ранетам, Па дрэўцу іх садзіў штогод. Астрэйка.
2. Плод гэтай яблыні. Стомлены вяртацца будзеш летам Па дарозе той, — Асвяжыш душу сваю ранетам, Бэрай залатой. Панчанка. Паўз вокны аўтобуса адплывалі назад купчастыя сады з налітымі сокам ранетамі. Даніленка.
[Фр. rainette.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няско́раны і нескаро́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не скарыўся сіле, уладзе каго‑, чаго‑н. Мы зноў у шчасці будзем жыць — Вайной няскораныя людзі. Астрэйка. Недзе там, за лініяй фронту, ляжаў распластаны ворагам, знявечаны, але няскораны родны горад. Новікаў. Усім раскажу я пра мужнасць Тваёй нескаронай душы, Як ты непахісна, мой дружа, Стаяў на сваім рубяжы. Прыходзька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму-чаму.
1. Спачуваць, адносіцца са спагадай да гора, перажыванняў каго‑н. Больш за ўсіх спагадала Надзі Ева Аўсееўна. Машара.
2. Адносіцца добразычліва да каго‑, чаго‑н.; праяўляць літасць. Спагадаць яго бездапаможнасць. □ І хоць бабка не надта спагадала нявестцы, але на гэты раз па-добраму накрычала па яе. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зні́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Згубным уздзеяннем спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Знішчыць ваўкоў. □ На зямлі сваёй ворага знішчу, як гадзюку, яго растапчу. Астрэйка. // Ліквідаваць. Знішчыць прыгнёт. □ Была тады ўжо ў вёсцы думка — зусім знішчыць межы і вузкія палоскі. Чорны. [Лабановіча] займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закля́цце, ‑я, н.
Уст.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. заклінаць — заклясці.
2. Тое, што і заклінанне (у 2 знач.). Мая дарагая матуля, Прывет і паклон мой табе, Тваё я закляцце ад кулі Заўсёды нашу пры сабе. Астрэйка.
3. Клятва, абяцанне, зарок. На гэтых завушніцах я напісаў закляцце — Усё, што не сказаў ёй, А ў чым хацеў прызнацца. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакара́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Падвергнуць пакаранню. Пакараць за злачынства. Пакараць за правіннасць. □ А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка. Гітлераўцы кінулі .. [сястру Рэмарка] у турму і праз некаторы час пакаралі смерцю. «ЛіМ».
пакара́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пакарыць 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цьма 1, ‑ы, ж.
Адсутнасць святла; цемра. Ноч глухая. Ціха. Густа легла цьма. Колас.
цьма 2, ‑ы, ж.
1. Уст. У лікавай сістэме Старажытнай Русі — дзесяць тысяч.
2. Тое, што і процьма. Сітнякі стаяць, бы свечкі, Тут маліна і парэчкі — Розных ягад проста цьма. Колас. Ідзе машын па тракту цьма. Астрэйка.
•••
Цьма цьмушчая — вельмі многа, безліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́сень, ‑я і ‑ю, м.
1. ‑я. Дрэва сямейства маслінавых з перыстым лісцем і цвёрдай драўнінай, якая выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці. Ля самага лесу маю ўвагу прыцягнулі тры высозныя ясені. Ігнаценка. Купчастыя ліпы і ясені Шалаш па-над студняй сплялі. Астрэйка. / ‑ю; у знач. зб. Пасадка ясеню.
2. ‑ю; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Мэбля з ясеню.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)