вы́драць, ‑дзеру, ‑дзераш, ‑дзера; пр. выдраў, ‑рала; заг. выдзеры; зак., што.
1. З сілай выцягнуць, вырваць што‑н. моцна ўбітае, урослае, прымацаванае. Выдраць цвік з сцяны. Выдраць акно. □ Нялёгка чалавеку, калі ў яго няма за душой капейкі, асесці на новым месцы, лес выдраць, зямлю раллёю зрабіць. Чарнышэвіч. // Аддзіраючы, вырваць. Выдраць ліст з кнігі. // Драпаючы, выдаліць, вырваць. Выдраць вочы.
2. Разм. Атрымаць, узяць што‑н. з вялікаю цяжкасцю. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. Крапіва.
•••
Выдраць з мясам — адарваць разам з кавалкам тканіны, скуры (гузік, аплік і пад.).
Выдраць пчолы — забраць мёд з вулля, знішчыўшы пчол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.
1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.
2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.
3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абагульня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
1. Знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад. Трэба вучыць маладога аўтара абагульняць факты і рабіць з іх пэўныя філасофскіх вывады. Чорны. // Знаходзіць што‑н. вернае пераймання ў дзейнасці розных людзей, прадпрыемстваў, устаноў і рабіць гэта здабыткам усіх. Абагульняць вытворчы вопыт. // Пераносіць рысы адной з’явы на ўсе падобныя ёй. Навошта абагульняць.
2. Назіраючы за пэўнай катэгорыяй людзей, знаходзіць характэрнае і на падставе гэтага ствараць мастацкі вобраз; тыпізаваць. Пісьменніку трэба ўмець абагульняць жыццёвыя з’явы і факты ў мастацкіх вобразах і іх узаемаадносінах.
3. Аб’ядноўваць, злучаць у нешта адзінае. Абагульняць напевы адзінай мелодыяй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Матэрыяльная рэчаіснасць, навакольны свет, які існуе па-за намі і незалежна ад нашай свядомасці. Аб’ект пазнання.
2. З’ява, прадмет, асоба, якія падпадаюць пад уздзеянне каго‑, чаго‑н. Аб’ект назірання, навуковага даследавання. □ Жыццё народу ва ўсёй яго паўнаце і шматграннасці, праца і побыт народных мас — усё гэта прызначана быць аб’ектам творчасці паэта. Івашын.
3. Прадпрыемства, будоўля, асобны ўчастак чаго‑н. як адзінка гаспадарчага або абароннага значэння. Рабочых перавялі на другія аб’екты — каго на будаўніцтва рабочага пасёлка, каго — на падсобныя памяшканні. Няхай. Мірнае насельніцтва выходзіла на будаўніцтва абаронных аб’ектаў. Краўчанка.
4. Тое, што і дапаўненне (у 3 знач.).
[Ад лац. objectum — прадмет.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
красамо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўмее добра, прыгожа гаварыць; надзелены красамоўствам. — Так казаў Антон Корж, чалавек мудры і красамоўны. Багдановіч. — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. // Выказаны выразна, умела; поўны красамоўства. Красамоўны даклад. □ Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі ў другое. С. Александровіч.
2. перан. Які выразна перадае, паказвае што‑н. Красамоўны позірк. □ Коля, ідучы следам за Гусевым, даў Даніку красамоўны знак рукамі ўніз — правал. Шамякін.
3. перан. Пераканаўчы, наглядны, несумненны. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
круго́м, прысл. і прыназ.
1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.
2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.
3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.
4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.
•••
Абвесці кругом пальца гл. абвесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
казённы, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да казны, належыць ёй; дзяржаўны. Казённая зямля. Казённыя грошы. Казённы лес. // Які выдаецца з казны, за кошт казны, дзяржавы. Казённае абмундзіраванне. □ Цесляры выбягалі з баракаў, размахваючы казённымі сякерамі. Чорны. // Які аплачваецца казной. Казённая кватэра.
2. Уст. Які знаходзіўся на дзяржаўнай службе. На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Колас.
3. перан. Неадабр. Бюракратычны, фармальны. Казённы падыход да справы. Казённае выхаванне. // Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны. Казённая мова. Казённыя фразы.
•••
Казённая палата гл. палата.
Казённая частка гл. частка.
Казённы дом гл. дом.
Ногі не казённыя гл. нага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кало́нія, ‑і, ж.
1. Краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца імперыялістычнай дзяржавай. Калоніі еўрапейскіх дзяржаў. □ Гітлераўскія драпежнікі ставілі за мэту ліквідаваць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, заняволіць і фізічна знішчыць насельніцтва, ператварыць нашу рэспубліку ў калонію германскіх капіталістаў і памешчыкаў. Залескі.
2. Паселішча выхадцаў, перасяленцаў з другой краіны, вобласці. Грэчаскія калоніі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Нямецкія калоніі ў Расіі. // Згуртаванне землякоў у чужой краіне, у чужым горадзе. Руская калонія ў Капстанцінопалі.
3. Месца жыхарства асоб, паселеных разам з той або іншай мэтай — лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай. Дзіцячая выхаваўчая калонія.
4. Сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у злучэнні адзін з адным. Калонія водарасцей. Калонія каралаў. Калоніі мікробаў.
[Ад лац. colonia — пасяленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каля́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чатырохколы экіпаж на рысорах, з адкідным верхам. Паны ў калясцы пад’язджаюць. Фурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе. Колас. А за грамадой, на калясцы, Рассеўшыся вяльможай, Пан Скрыцкі ехаў сам. Бядуля.
2. Лёгкія калёскі, звычайна крытыя, для катання дзяцей. Дзіцячая каляска. □ Маладая жанчына сядзела на лаўцы і гойдала каляску. Шамякін.
3. Невялікі ручны возік, магчыма і двухколы, для перавозкі грузаў. Прывезці галлё на калясцы.
4. Невялікая павозка спецыяльнага прызначэння. Матацыкл з каляскай. □ Асабліва страшна было глядзець на бязногіх, калі яны на падвязаных да бёдраў калясках, адштурхваючыся ад зямлі рукамі, рухаліся па бруку... Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задво́рак, ‑рка, м.
1. Задняя частка двара. Юрка падняў лямпу і ўбачыў, што ў адзіным акенцы, якое выходзіла на задворак, няма шыбін. Курто.
2. толькі мн. (задво́ркі, ‑аў). Месца за дварамі, ззаду двароў. У садах, што пачыналіся з задворкаў і спускаліся аж да паплавоў, было змрочна і туманна. Сіўцоў. Задворкамі, каб не кідацца людзям у вочы, як злодзей, [Лабановіч] накіраваўся на дарогу ў бок станцыі. Колас. // перан. Пра глухую, закінутую мясцовасць, ускраіну чаго‑н. і пад. З адсталага аграрнага прыдатка імперыялістычных дзяржаў, з задворкаў Еўропы Латвія ператварылася ў высакаразвітую індустрыяльную .. рэспубліку. «Звязда».
•••
На задворках чаго — на заднім плане, убаку. Апынуцца на задворках гісторыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)