гартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Станавіцца больш цвёрдым, пругкім, трывалым у выніку моцнага награвання і хуткага ахаладжэння (пра метал).

2. перан. Набываць стойкасць, вынослівасць, здольнасць пераносіць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. Мы гартаваліся ў баях і ў працы дбалай, Мы небывалага юнацтва запявалы. А. Александровіч.

3. Зал. да гартаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залаці́цца, залаціцца і залоціцца; незак.

1. (залаціцца). Станавіцца залацістым; набываць адценне, колер золата. Стаў край неба залаціцца. Крапіва.

2. (залаціцца). Вылучацца сваім залацістым колерам, бляскам; ззяць, зіхацець (пра што‑н. залатое, залацістае). На нізкарослых бярозах залаціцца жоўтае лісце. В. Вольскі.

3. (залоціцца). Зал. да залаціць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зато́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад затаіць.

2. у знач. прым. Тайны, скрыты. [Чачык], падаўшы твару сур’ёзны выгляд, з затоенай радасцю загаварыў. Пташнікаў.

3. у знач. прым. Разм. Які хавае свае пачуцці, думкі, настроі; скрытны. Вярнулася Валя няхутка, гадзіны праз дзве, па-ранейшаму маўклівая і затоеная. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зго́рблены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад згорбіць.

2. у знач. прым. Сагнуты (ад старасці, хваробы); сутулаваты. Згорблены, з нездаровым, ацёчным тварам, выціраючы рукі кашлатым ручніком, [доктар] падышоў да раненага. Мележ.

3. перан.; у знач. прым. Пакрыўлены, перакошаны. Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай, Цішыня ў хаце згорбленай, старой. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзнача́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адзначыцца.

2. чым. Мець якія‑н. адметныя, характэрныя рысы; вызначацца чым‑н. [Драўляны ложак] адзначаўся той асаблівасцю, што за кожным недалікатным дотыкам... распадаўся. Таўлай.

3. Назірацца, выяўляцца. Адзначаліся на.. [твары] сляды перажытых пакут і нават ухмылкі былі, хоць шчырыя, ды панурыя. Чорны.

4. Зал. да адзначаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абве́траны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абветрыць.

2. у знач. прым. Які зазнаў уздзеянне ветру. Палаў заход на парусе далёкім, Абліў віном абветраны граніт. Бядуля.

3. у знач. прым. Агрубелы, шурпаты, пацямнелы ад даўняга знаходжання на ветры, холадзе. Абветраныя, патрэсканыя вусны Ганны, нервова смыкнуўшыся, застылі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абмаро́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абмарозіць.

2. у знач. прым. Пашкоджаны марозам. Прыплёўся [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі нагамі. Ваданосаў.

3. у знач. наз. абмаро́жаны, ‑ага, м. Той, хто атрымаў пашкоджанне ад марозу. Акрамя тыфозных, нямала было іншых хворых: інвалідаў вайны, скалечаных, прастуджаных, абмарожаных. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пано́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад панасіць (у 2, 3 знач.).

2. у знач. прым. Пацёрты ад нашэння; не новы. Паношаны капялюш. □ Шэры, парадкам паношаны гарнітур сядзеў на.. [Калеўскім] мешкавата. Хадкевіч. На другі дзень на работу ў гарком Мірэцкі прыйшоў у паляўнічых ботах, у паношанай вайсковай форме. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камячы́цца, ‑мечыцца і каме́чыцца, ‑мечыцца; незак.

1. Мець уласцівасць рабіцца мятым, ператварацца ў камякі. Папера лёгка камечыцца.

2. Збірацца ў складкі, маршчыны; мяцца. [Манька] глянула ў акно і, спяшаючыся, пачала адколваць з валасоў вянок і сцягваць цераз галаву сукенку, не зважаючы, што яна камечыцца. Крапіва.

3. Зал. да камячыць, камечыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацярпе́ўшы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. зал. пр. ад пацярпець.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які панёс страты, пацярпеў.

3. у знач. наз. пацярпе́ўшы, ‑ага, м.; пацярпе́ўшая, ‑ай, ж. Той (тая), хто пацярпеў. Вечарам .. [Глобаў] загадаў паклікаць у кантору самога віноўніка і пацярпеўшага. Беразняк.

4. Дзеепрысл. зак. ад пацярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)