стракату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Разм. Пра каго‑, што‑н., хто (што) бесперастанку стракоча. Неўгамонная стракатуха [вавёрка] імкліва паглядала ва ўсе бакі. Лынькоў. Сцёпка думаў, як тут лацвей і натуральней пабачыцца з Аленкаю. Лепш бы, вядома, было спаткацца адзін на адзін... Толькі б гэтых стракатух-піскух там не было. Колас. У пачатку ліпеня, калі на падзівінскія лугі выпаўзаюць стракатухі-касілкі, мядовы водар кветак трымаецца ў паветры ледзь не да самага світання. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Вострая, тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру. У пяце была стрэмка, хлопец паспрабаваў выцягнуць яе, ды мізэрны кончык ніяк не даваўся ў пальцы. Быкаў. Дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Пра надакучлівага і прыдзірлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ж ты, дзядзька Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́ма, ‑ы, ж.

1. Лік, які атрымліваецца ў выніку складання дзвюх або некалькіх велічынь. Сума двух лікаў.

2. Агульная колькасць, сукупнасць чаго‑н. Багдановіч класічна выкарыстоўваў і першы і другі сродак [метафару і эпітэт], абапіраючыся на суму сродкаў, а не на паасобныя з іх. Лойка. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.

3. Пэўная колькасць грошай. [Вера Паўлаўна:] А большую суму на будаўніцтва вы не маглі вылучыць? Крапіва.

•••

Круглая (кругленькая) сумапра вялікія грошы.

[Лац. summa.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумяшча́цца, ‑аецца; незак.

1. Непарыўна спалучацца, злучацца. Пры дапамозе гэтага суфікса [-ін-а] ўтвараюцца неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду з павелічальна-ўзмацняльным адценнем, якое сумяшчаецца з адценнем адзінкавасці. Граматыка. // Выконвацца адначасова. У прафтэхшколе вучоба сумяшчаецца з працай на заводзе. // у кім-чым. Аб’ядноўвацца, існаваць адначасова ў адной асобе, з’яве, прадмеце. У гэтым чалавеку сумяшчаюцца тэарэтычныя веды і практычны вопыт.

2. Супадаць усімі пунктамі пры накладанні (пра фігуры, лініі). Сіметрычныя фігуры сумяшчаюцца.

3. Зал. да сумяшчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцю́жа, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і сыпкі (у 1 знач.). Тут ру да сапраўды падобная на соль — сыпучая, толькі ружовая. Чаркасаў. З пылам сыпучым .. Вецер пад полем не раз пралятаў. Колас. За вокнамі скавытаў вецер і гнаў сухі сыпучы снег. Грахоўскі. Ад грэйдэрнай сыпучай магістралі Сцяжынка ўлева павяла. Астрэйка.

2. Які рассыпаецца; пушысты, лёгкі (пра валасы). Люська спярша расчэша свае вільготныя кудзеркі, затым бярэцца за Сабініны валасы — важкія, сыпучыя каштанавыя пасмы. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рцайка, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да сэрца ​1 (у 1, 2 знач.). Выйду ў поле, выйду ў луг, Сяду пры дарозе. А ці прыйдзе любы друг? Сэрцайка ў трывозе. Дзеружынскі. // перан. Пра што‑н., што мае форму сэрца. Дае ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе нават святло з-за аканіц прабіваецца ў пакой праз выразныя сэрцайкі. Караткевіч.

2. Ласкавы зварот да чалавека, які адпавядае слову «дарагі» (у 3 знач.). Маё сэрцайка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які сядзіць. Страляць у сядзячую птушку. / у знач. наз. сядзя́чы, ‑ага, м. // Разм. Пра хворага, раненага, які можа сядзець. Сядзячы ранены. // Такі, які бывае, калі сядзяць. Сядзячая поза. Заснуць у сядзячым становішчы. // Разм. Прызначаны для сядзення. Сядзячыя месцы ў вагоне.

2. Звязаны са знаходжаннем на адным месцы; маларухомы. Сядзячае жыццё. □ — Давай падсілкуемся, — запрасіў да сябе Алеся дзядзька Язэп. — Дарма, што работа ў нас сядзячая, апетыт і яна наганяе. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тагача́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існаваў у мінулым, у тыя часы, пра якія ідзе гаворка. А часам трапляецца адбітак .. тагачасных казюрак, жывёлінак. Лынькоў.

2. Які адносіцца да аднаго часу, да адной эпохі з кім‑, чым‑н. Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было бегла зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́скацца, ‑аецца; незак.

Утвараць, даваць трэшчыну, расколвацца. У сухмень, калі доўга не было дажджу, зямля на .. [сцяжыне] трэскалася, а ў непагадзь размоклы ад вільгаці глей угінаўся пад нагамі, злёгку падрыгваў. Навуменка. Зіма асцярожна пакіне белую байкавую коўдру на жытнюю рунь — не вымярзай, жытцо, не трэскайся, зямля. Ермаловіч. / Пра скуру рук, губ і пад. Ад .. [сонца] гарэла галава і смылелі шчокі, трэскаліся сухія вусны і сох у роце язык. Пташнікаў. // Разрывацца, лопацца. Пупышкі ліпы трэскаліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)