ска́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скалы. // Скалісты, са скаламі. Не відно мора, але грукат яго не аддаліўся, хвалі б’юць у скальны бераг недзе зусім блізка — здаецца пад ім. Шамякін. Сібір, Сібір, суровы край, багаты, Разлівы рэк, вышыні скальных гор. Буйло.

2. Спец. Які складаецца з цвёрдых горных парод; камяністы. Скальны грунт. □ Яны [шукальнікі] пяскі па рэчышчах капалі, у г[а]рах скальныя крышылі пліты. Дубоўка. // Які робіцца ў камяністым грунце; які служыць для работ у камяністым грунце. Скальныя работы. Скальны экскаватар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.

2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траску́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтварае трэск (у 1 знач.). Два чалавекі ў высокіх ботах і футрах ідуць па траскучым лёдзе Пчолкі. Аляхновіч. // Рэзкі (голас, гук). Траскучы, прарэзлівы смех [Наташы] заглушаў бацькаў голас, біў па сценах, па ўсіх кутках дома. Кулакоўскі.

2. перан. Пусты, беззмястоўны, разлічаны на знешні эфект. Многія газеты не пазбавіліся яшчэ ад траскучай параднасці, бязмернага замілавання поспехамі і лічбамі, змяшчаюць агульныя заметкі і артыкулы замест дэталёвага паказу праведзенай работы, глыбокага вывучэння вопыту перадавікоў і простага, даступнага раскрыцця сутнасці гэтага вопыту. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці некаторы час на гуляннях. Вось ужо цэлае лета адгулялі.. [Антон і Надзя] на вечарынках. Грамовіч. // што. Выкарыстаць чарговы адпачынак, водпуск, дазволены за звышурочныя работы, дзяжурствы. Адгуляў сын-афіцэр свой водпуск у вёсцы. Ракітны.

2. што. Адсвяткаваць; згуляць. — У гэтым доме, — заўважае брат, — на Новы год вяселле адгулялі. Гілевіч.

3. Перастаць, кончыць гуляць. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Але не шкада, сваё адгуляў, сваё адмазоліў. Лынькоў. // перан. Прайсці, закончыцца. Адгрымела маразамі зіма, адгуляла завеямі ў палях. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́таржны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катаргі (у 1 знач.). Катаржныя работы.. Катаржная турма. Катаржныя лагеры.

2. перан. Невыносна цяжкі, пакутлівы (пра жыццё, працу). Мільёны людзей жылі ў краіне. Але не было ніводнага кутка ў ёй, дзе б ад катаржнай працы не стагнаў, не плакаў, не спяваў сумных песень паднявольны чалавек. Каваль. Штогадовыя дзяржаўныя падаткі, паборы і павіннасці ў карысць мясцовай адміністрацыі рабілі жыццё [селяніна] катаржным. Алексютовіч.

3. у знач. наз. ка́таржны, ‑ага, м.; ка́таржная, ‑ай, ж. Уст. Тое, што і катаржанін, катаржанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.

2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.

3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрацава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад запрацаваць.

2. у знач. прым. Набыты працай. Я рана навучыўся несці кнігу другім. Я ўмею ўжо аддаваць запрацаваны грош на кнігу, а пасля чытаць. Брыль. Платону з малых гадоў давялося паспрабаваць слодыч запрацаванага кавалка хлеба. Хведаровіч.

3. у знач. прым. Які запрацаваўся, стаміўся ад працяглай або цяжкай работы. Рыгор у думках паставіў сябе на месца гэтай сціплай, запрацаванай дзяўчыны. Ваданосаў. // Натруджаны (пра рукі). Вось яны [дзяўчаты] параўняліся са мною. Спазналі. А як слаўна ціснуць гэтыя жорсткія запрацаваныя рукі. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гак 1, ‑а, м.

1. Востры металічны выступ на чым‑н. (напрыклад, крук у багры, шып у падкове). [Конь] .. быў падкуты на перад, і гакі ў падковах былі не кавальскай работы, а купленыя. Крапіва.

2. Абл. Участак зямлі, які вострым клінам удаецца ў што‑н. Хвалі без ахвоты Абмываюць з гака жвір. Астрэйка.

•••

З гакам — з лішнім, з лішкам.

гак 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова гакнуць, гакнуцца. Ляціць звер проста, а з-за дрэва Выскачыў Мядзведзіч — гак у лоб! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́шчына, ‑ы, ж.

1. Негустое цеста на дражджах або з закваскай, якое пасля замешваюць. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін.

2. Цэментны, будаўнічы раствор. Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Гарбук. Пасля работы, нават не памыўшы заляпанага рошчынай твару, ён пабег ва ўпраўленне трэста. Асіпенка. Кладка скрозь вельмі трывалая, з тонкімі швамі вапнавай рошчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Вызваліць ад грузу. Разгрузіць вагон. Разгрузіць параход. □ Глыбакавата села, не выцягнуць... Трэба разгрузіць машыну. Аляхновіч. // Зняць адкуль‑н. (груз); згрузіць. Разгрузіць тавар. □ — Эй..! — загаварыў на ломанай рускай мове пажылы немец. — Можа разгрузіце муку? Гурскі.

2. перан. Разм. Вызваліць, ачысціць ад чаго‑н. непатрэбнага, лішняга і пад. Разгрузілі і пакой цёткі Машы, падрыхтаваўшы яго для танцаў. Дубоўка. Каб разгрузіць сталіцу Беларусі ад залішняга руху, пракладзена не так даўно кальцавая дарога. В. Вольскі. // Зняць частку работы, вызваліць ад дадатковай нагрузкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)