ненасы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. Ненасытны звер.
2. перан. Які не можа здаволіцца дасягнутым, тым, што мае; прагны. Я быў ненасытны ў сваёй творчасці і захапляўся адначасова стварэннем у адной п’есе некалькіх характараў, не падобных адзін на аднаго і процілеглых адзін аднаму. Сяргейчык. Багацелі год ад году Ненасытныя паны, Бо схавалі ад народа Шчасце з Праўдаю яны. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нядо́ўга,
1. прысл. На працягу невялікага адрэзку часу, не вельмі доўга. Снег ішоў нядоўга. Прыцерушыўшы зямлю, перастаў. Мяжэвіч. Радзіліся [суддзі] нядоўга. Праз хвілін дваццаць абвясцілі прысуд. Крапіва. Ніна ведала, што Шабуня пражыве нядоўга. Мележ.
2. безас. у знач. вык. Разм. Лёгка, няцяжка. У такім віры і патануць нядоўга.
•••
Нядоўга і да граху — лёгка і скора можа здарыцца што‑н. непрыемнае, непапраўнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́т, ‑а, М ‑веце, м.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў дарэвалюцыйнай Расіі і ў СССР да 1924 г., якая ўваходзіла ў склад губерні. // Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польскай Народнай Рэспубліцы (да 1975 г.). // Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. Астатніх ратнікаў адправілі ў павет на воінскую камісію. Якімовіч. / Разм. Пра жыхароў такой тэрыторыі. Каваля Міхала ведала ўся акруга — можа, увесь павет. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне моцнай сілы, націск. Шыбы бразгацелі пад напорам ветру. Лупсякоў. Хутка пойдуць крыгі, і не вельмі ўжо моцная перамычка можа не вытрымаць напору лёду. Броўка.
2. Рашучае, энергічнае дзеянне; напад, націск. Стрымліваць напор ворага. □ Недабіткі фашысцкай аховы адыходзяць пад напорам сілы. Брыль. // Энергічнае ўздзеянне на каго‑н. Пад дружным напорам сяброў Данік нарэшце прымушаны быў згадзіцца. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены арганізаванасці; бязладны, непланамерны. [Слаўна:] — [Атрады] ёсць, але, відаць, яшчэ малыя, неарганізаваныя. Новікаў.
2. Які не можа дзейнічаць дакладна і планамерна, правільна арганізаваць жыццё; недысцыплінаваны. Андрэйка Казакевіч запісаўся ў калгас не самы першы. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Чорны.
3. Які не ўваходзіць у склад якой‑н. арганізацыі. Неарганізаваная моладзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамча́цца, ‑мчуся, ‑мчышся, ‑мчыцца; зак.
1. Вельмі хутка прабегчы, праехаць; пранесціся. Цяжка тупаючы ботамі, паўз нас прамчаліся паліцэйскія... Хомчанка. Аўтамашына прамчалася гэтак жа хутка, як і паказалася. Кавалёў. // перан. Пранесціся, уявіцца. Гэтыя думкі маланкай прамчаліся ў .. [Маркавай] галаве. Васілеўская.
2. перан. Хутка, непрыкметна прайсці, мінуць (пра час). Хто можа не паверыць, што ў гарачай працы непрыкметна, без аглядкі прамчаліся гэтыя месяцы?! Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратну́ць, ‑тну, ‑тнеш, ‑тне; ‑тнём, ‑тняце; зак., каго-што.
Тое, што і працяць. Яму здалося, што Марынка нават і вухам не вядзе, калі на яе садзіцца гэтая заедзь. Падумалася, што можа ў яе цела нейкае адмысловае, якога ніякі сляпень не пратне. Сабаленка. Пакінуты ў халоднай старане, Ён [бусел] добра знае, што павінна стацца: Калі мароз, нібы стралой, пратне, Ён проста ператворыцца ў статую. Чэрня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прахо́жы, ‑ая, ‑ае.
Які ідзе куды‑н. міма каго‑, чаго‑н. Прахожыя людзі. □ Толькі вось у гэты прахожы цягнік удалося сяк-так убіцца. М. Ткачоў. / у знач. наз. прахо́жы, ‑ага, м. Прахожыя трапляліся рэдка. У закрытых магазінах за вялікімі сіняватымі шыбамі панавалі сумныя змрокі і нязвыклая пустата. Карпаў. Будзеш крочыць, можа, Пад густою шатай — Не міні, прахожы, Той маленькай хаты. Прыходзька.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрывыка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак., да каго-чаго і з інф.
Прывыкнуць — пра ўсіх, многіх. Дзеці папрывыкалі да незнаёмых. □ — Спаць папрывыкалі доўга, — досыць строга прамовіў Марцін і кінуў погляд у той куток, дзе ляжалі ў пасцелях яго пляменніцы. Колас. Дзялендзік сварыўся, палохаў, што паліцыя можа спаліць усю вёску, калі знойдзе такі лісток у каго-небудзь дома. Але людзі да пагроз папрывыкалі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паўста́нне, ‑я, н.
Масавае ўзброенае выступленне супроць пануючых класаў у абарону класавых або нацыянальных інтарэсаў. Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. Тая ж хроніка таксама адзначала, што сілы рэвалюцыйнага руху не складалі зброі: то там, то сям адбываліся паўстанні, нават у вайсковых часцях, не спыняліся забастоўкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)