перасяле́нец, ‑нца, м.
Той, хто перасяляецца, перасяліўся на новае месца. На нашы позіркі ён усміхнуўся І адказаў: — Я магілёўскі родам. Перасяленец. Сёлета вясною Было паўвека роўна, як адтуль... Гілевіч. / Пра расліны, жывёл, птушак і пад. Вясной дрэўца пусціла першыя зялёныя пятачкі глянцавітага лісця, і ўзрадаваўся Мітрафан: перасяленец прыняўся. Ракітны. За адзінаццаць год усурыйскія яноты размножыліся і разбрыліся далёка ад таго месца ў Парыцкім раёне, дзе былі выпушчаны першыя далёкаўсходнія перасяленцы. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пле́сня, ‑і, ж.
1. Мікраскапічны грыбок у выглядзе пушыстага налёту розных колераў, які ўтвараецца на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці. Накрытая плесняю, стаяла ў канале жоўтая, падобная на чай, тарфяная вада. Краўчанка. Сцены і столь ад вільгаці пакрыліся плесняй, абвальваецца тынкоўка. «Звязда».
2. перан. Пра элементы распаду, разлажэння ў псіхіцы, ідэалогіі і пад. [Пракоп] не бачыць плесні заскарузлага ў сваёй старадаўнасці вясковага жыцця. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плю́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Упасці з шумам у ваду або іншую вадкасць; шлёпнуцца. Салдат спатыкнуўся ды плюхнуўся ў брудную лужыну. Якімовіч. Потым штосьці цяжкае плюхнулася ў ваду, і ўсё сціхла... Ваданосаў. // Грузна сесці на што‑н. — Паехалі! — крыкнуў генерал і плюхнуўся на сядзенне. Асіпенка. Яраш плюхнуўся, аж застагналі спружыны, у тое крэсла, дзе толькі што сядзеў Кірыла. Шамякін.
2. Скалыхнуцца з пляскам (пра ваду і інш. вадкасці) ад удару і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляска́цца 1, пляшчуся, плешчашся, плешчацца; незак.
1. Рухаючыся, удараючыся аб што‑н., рабіць шум, пляск (пра вадкасць). Вакол урачыстая цішыня і спакой. Павольна плешчацца аб каменне вада. С. Александровіч.
2. Рухаючыся ў вадзе, рабіць шум, пляск; плюхацца. Рыбы пляскаліся, падскокваючы над вадою. «Маладосць». // Абліваць сябе або адзін аднаго вадой. Да ракі, да чыстае затокі Бег асілак лёгка перад ёй [Марынай], І вадой пляскаліся, як дзеці. Бялевіч.
пляска́цца 2, плешчацца; незак.
Зал. да пляскаць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкле́іцца, ‑клеюся, ‑клеішся, ‑клеіцца; зак.
Прымацавацца да чаго‑н. з дапамогай клею або чаго‑н. клейкага. Папера добра прыклеілася. // Прыліпнуць, прыстаць да чаго‑н. З-пад вязанай шэрай хусткі выбілася пасмачка русявых [валасоў] і прыклеілася да ўспацелага лба. Навуменка. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Вось і прыклеілася да .. [Максіма] мянушка «Маўчун». Капусцін. Я і сам ведаў, што сёння вяселле Лаўрэнавага Жэнькі, хлопца, да якога з маленства яшчэ прыклеілася мянушка «Цыца». Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыня́цца, прымуся, прымешся, прымецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Укараніцца, прыжыцца. Расада прынялася. Прышчэпак прыняўся. □ Зазелянелі, заслалі дол маладыя пахучыя сасонкі, — прыняліся на добрай зямлі. Пташнікаў. // Прышчапіцца (пра вакцыну). Воспа прынялася.
2. за што і з інф. Пачаць што‑н. рабіць; узяцца за што‑н. Нам, будучым курсантам, дачасна назначылі выпускныя экзамены за вучылішча, і мы спешна прыняліся за падрыхтоўку да іх. Марціновіч. Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбо́й, ‑ю, м.
Напад з мэтай аграблення, які суправаджаецца пагрозамі, гвалтам, забойствам. Смерць, разбурэнне, разбой ішлі разам з гітлераўскімі зграямі. Колас. А здарыцца — чорныя зграі Зноў рушаць чыніць разбой, — Зямляк мой, зямлі абраннік, Першым выйдзе на бой. Лось. Мяркуючы па паводзінах улад і паліцыі, бандыт і далей бы жыў і ўзбагачаўся за кошт грабяжу і развеяў, калі б яго не забілі свае ж паплечнікі. Філімонаў. // перан. Разм. Пра непамерна вялікія вымаганні, прыцясненні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разгубі́цца, ‑гублюся, ‑губішся, ‑губіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсіх, многіх.
2. Страціць на нейкі час рашучасць, здольнасць разумець, дзейнічаць (ад хвалявання, страху, збянтэжанасці); прыйсці ў замяшанне. Даярак загадчыцамі ферм! Нават самі новыя загадчыцы разгубіліся, даведаўшыся аб прызначэнні. Дуброўскі. [Антон] тады разгубіўся на бюро, не змог па-сапраўднаму паспрачацца, хоць і меў патрэбныя факты пад рукою. Савіцкі. Бацька разгубіўся, як дзіця. Пабялеў з твару, слова не мог вымавіць. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распушы́ць, ‑пушу, ‑пушыш, ‑пушыць; зак., што.
1. Расцерабіўшы, расчасаўшы, зрабіць пушыстым (шэрсць, валасы, пер’е і пад.). Вецер распушыў яе густыя залацістыя косы. «Маладосць». // Натапырыць (поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак). [Папугай] чубок распушыць і скрыпіць, як стары дзядок: «Добры вечар». Даніленка. // Раскрыць, распусціць (пупышкі, кветкі). Вербалоз толькі што распушыў свае каткі. Дамашэвіч.
2. перан. Разм. Раскрытыкаваць каго‑н., насварыцца на каго‑н. Бацьку сёння на сходзе распушылі пасля справаздачы, знялі з старшыні калгаса. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растапі́ць, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.
Нагрэўшы, прымусіць растапіцца. Растапіць воск. □ Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу. Гартны. Дождж растапіў снег, і цяпер на лёдзе стаяла падсінелая спадыспаду вада. Асіпенка. // перан. Прымусіць знікнуць, рассеяцца (пра што‑н. непрыемнае). [Маша] ўсміхнулася, але ўсмешка не растапіла халоднага неразумення і не зварухнула застылыя рысы твару. Шамякін. Крыўду на лёс і на жыццё .. [бацька] панёс ад нас назаўсёды, крыўду, якую мы, яго дзеці, павінны былі растапіць сваімі клопатамі і ўвагай. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)