пацямне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цёмным, цямнейшым. Пацямнеў і неўзабаве сышоў снег. Васілеўская. Твар .. [камандзіра] асунуўся, пацямнеў, зарос за час блакады густой барадой. Шамякін. // Стаць змрочным, хмурным. Андрыян пацямнеў, як хмара, нічога не сказаў, толькі бліснуў позіркам спадылба і ўхапіўся за рычагі. Марціновіч.
2. безас. Пра наступленне змроку, цемнаты. Яшчэ доўга да вечара захмарыла ўсё, пацямнела навокал. Мележ.
•••
У вачах пацямнела — памутнела ў вачах ад стомы, болю, хвалявання і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Ашалець, стаць шалёным — пра ўсіх, многіх. Коні ўжо як бы пашалелі, яны не беглі, а ляцелі, і здавалася, што ўжо ніякая сіла не спыніць іх, не затрымае. Сабаленка.
2. Разм. Пабыць некаторы час у стане крайняга раздражнення. [Беразоўскі:] — Ты, Макар, у пакой не лезь! Ацірайся на кухні. Забаўляй гэтую рыжую Мар’яну. Няхай трохі пашалее Кашч. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́шпарт, ‑а, М ‑рце; мн. пашпарты, ‑оў; м.
1. Дакумент устаноўленага ўзору, які сведчыць асобу яго ўладальніка. Савецкі пашпарт. Замежны пашпарт. Атрымаць пашпарт.
2. Пасведчанне з асноўнымі звесткамі пра якое‑н. абсталяванне, машыну, прадмет хатняга ўжытку і пад. Пашпарт станка. // Рэгістрацыйнае пасведчанне на кожную адзінку транспарту. Пашпарт веласіпеда. Тэхнічны пашпарт аўтамабіля. // Спец. Запіс з рэгістрацыяй якіх‑н. фактаў, дакладных звестак.
•••
Воўчы пашпарт — тое, што і воўчы білет (гл. білет).
[Фр. passeport.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перабіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да перабраць.
2. Быць пераборлівым, надзвычай патрабавальным пры выбары каго‑, чаго‑н. — Колькі сваталася, ніхто да спадобы не даходзіць. Усё перабіраеш. Чорны. Хто перабірае, у таго хамут гуляе. Прыказка.
3. што. Рытмічна кратаць, патузваць што‑н. пальцамі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец. Лынькоў. Зося скоса глядзела на свёкра і спакойна перабірала падол фартуха. Бажко.
4. што. Рабіць пярэбіркі (пра сена, салому і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасу́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм.
1. Паўторны суд. [Сцяпан:] А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. Купала. — Што ж, схадзі ў сельсавет, Заявіся... Усё яны высветляць... — Не. З’яўлюся: адразу ж пад варту мяне, Покуль суд, перасуд той — За краты... Куляшоў.
2. звычайна мн. (перасу́ды, ‑аў). Нядобразычлівыя выказванні пра чые‑н. учынкі, словы, дзеянні; плёткі. Ты перасудаў не лякайся, Што людзі зложаць у паспех... Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. У шахматнай гульні — самая нізкая па свайму значэнню фігура. Хадзіць пешкай. □ Пешка рухалася няўмольна ўперад і на 8‑й гарызанталі рабілася ферзём. «Маладосць».
2. перан. Пра малазначнага і несамастойнага ў сваіх дзеяннях чалавека. [Мацей:] — А цяпер? Хто вы цяпер? Пешкі, чурбаны, халуі. Шамякін. [Антон:] — [Шылкін] і ўпэўнены, і самастойны, і справядлівы. Няхай! Толькі ж і Антон яму не пешка. Ён — старшыня. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагусці́, ‑гуду, ‑гудзеш, ‑гудзе; ‑гудзём, ‑гудзяце, ‑гудуць; пр. прагуў, ‑гула, ‑гуло; заг. прагудзі; зак.
1. Утварыць працяжны, нізкі гук, гул. Ды каманда: «Станавіся!» — Прагула, як гром. Астрэйка. / Пра гудкі паравоза, машыны і пад. Недзе недалёка прарэзліва прагуў паравоз. Кавалёў.
2. Праляцець, прайсці з гудзеннем. Недзе ў баку прагулі самалёты — іх не відаць было за хмаркамі, што ўсплывалі на паўдні, але гул аддаляўся ў напрамку фронту. Хадкевіч.
3. Гусці некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Праверыць, абшукаць вобмацкам, абмацаць. Калі крыху ўсё ўціхамірылася, супакоілася, Мішка ўчыніў дэталёвы агляд сваёй новай кватэры, абнюхаў кожны мяшок, прамацаў кожную скрынку. Лынькоў.
2. перан. Прыглядаючыся, вывучаючы, скласці ўяўленне, даведацца пра каго‑, што‑н. Далідовіч папрасіў сувязнога, .. каб той добра прамацаў усе закуткі ў гарадку — пакінуў жа там які-небудзь след Бярозка, калі толькі ён быў у Сінілаве. Шахавец.
3. Мацаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыста́нішча, ‑а, н.
Месца, дзе можна прыстаць, прытуліцца, прыпыніцца; часовае жыллё. Драпеза загадаў патушыць усе пячуркі ў зямлянках, каб іх дым не выдаваў ворагу партызанскага прыстанішча. Паслядовіч. Стогнуць Бусліныя сосны: даўганосыя птахі сёлета занялі ў Грынях .. нечае шматгадовае прыстанішча. Пташнікаў. Па дарозе на горад выцягнуўся абоз у пошуках новага прыстанішча. Лобан. // перан. Пра таго (тое), хто (што) служыць аховай, абаронай. Абстрактная мара часам была адзіным прыстанішчам ад кашмараў жыцця. Перкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустадо́мак, ‑мка, м.
Разм. Чалавек, які не мае гаспадаркі; дрэнны, нядбайны гаспадар. Разгарнуў свае нататкі.. Слова «пустадомкі» не раз і не два паўтараецца.. У маіх запісах гэта слова сустракаецца з рознымі значэннямі, паўтараецца — з адным: абыякавы, безгаспадарны (пра чалавека). Янкоўскі. Самотна і цяжка Ганне без сыноў. Быццам пустадомкі яны якія, і ў бацькавай хаце месца ім не хапала... Гроднеў. [Апанас:] — Жывеш як пустадомак: ні калёс, ні атос, і кабылу чорт панёс. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)