падбухто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Разм. Падгаварыць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Падбухторыць да бунту. □ [Валя] ведала, што сам .. [Лёня] не здольны на такія ўчынкі — хіба падбухторыць хто ... Васілевіч. [Паходня:] — Пярэчу, і калгаснікаў падбухтору, каб не адпускалі [Зосю]. Такога намесніка страціць? Хадкевіч. // Настроіць супроць каго‑н. [Верамейчык:] А ты хочаш за калгасны кошт для ўсіх добрым быць? Каб людзі пра твае грахі маўчалі? І таму падбухторыў супроць мяне ўсю камсамольскую арганізацыю? Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Зак. да падглядаць.
2. што і без дап. Выпадкова або знарок наглядаючы, убачыць, заўважыць. Яму хапае спраў — аж лішне, можа, На той зямлі, дзе зведаў хлеба смак, Дзе ўпершыню падгледзеў, як прыгожа Кладзе на вокны ўзор мароз-мастак. Гілевіч. // перан. Убачыць, зразумець, наглядаючы, удумваючыся. Першымі спробамі падгледзець самабытнае і непаўторнае ў родным краі і ўяўляюцца нам сёння раннія вершы Багдановіча пра лесуноў і вадзянікоў. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.
2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.
3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да падмыць.
2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падпаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; зак.
1. Паўзком наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Жанчына падпаўзла да сцяны і, сабраўшы апошнія сілы, устала. Кулакоўскі. Да варожага дота Два байцы падпаўзлі. Смагаровіч. // перан. Разм. Вельмі павольна наблізіцца, падысці (пра машыну, поезд і пад.). Уначы .. доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны.
2. Паўзком забрацца пад што‑н. Непадалёк убачыў [Міша] густую елку, падпоўз пад яе лапкі. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падстаўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.
2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.
3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Заліць, затапіць усё, многае. [Гораў:] — Што, шалее ў навальніцу Дняпро? [Іван:] — Рака з характарам.. Усе старыкі на пойме вадой пазалівае, унь той клін адрэжа. Караткевіч.
2. Абліць, запэцкаць якой‑н. вадкасцю ўсё, многае. Пазаліваць абрусы віном.
3. Затушыць вадой усё, многае. [Крывіцкі:] — Я трошкі заліў вадою збольшага, цяпер трэба пазаліваць гэтыя асмалкі. Лобан.
4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець — пра ўсё, многае. Пазаліваць дарогі гудронам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.
1. Запоўніцца, усыпацца, усеяцца чым‑н. па паверхні. Зямля пакрылася снегам. Поле пакрылася ўсходамі. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі. // Выступіць, распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Волах пачаў чытаць, і раптам яго твар і шыя пакрыліся чырвонымі плямамі. Прокша. Маладое жыта пакрылася расою. Мележ. // перан. З’явіцца ў вялікай колькасці, у многіх мясцінах. Краіна пакрылася сеткай электрастанцый.
2. Разм. Апладніцца (пра жывёл).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папле́сці, ‑пляту, ‑пляцеш, ‑пляце; ‑пляцём, ‑плецяце; пр. паплёў, ‑пляла, ‑пляло; заг. папляці; зак., што.
1. і без дап. Плесці некаторы час.
2. Сплесці — пра ўсё, многае. [Мазалёк:] — Там, можа, хлеба кавалка няма, сядзяць, можа, на попеле.. Дзяцей жа, сам гаварыў, поўная хата. Пайдзі хоць лапцікі на зіму папляці... Брыль.
3. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. [Юльян Іванавіч] ад яды, піва і цяпла зусім раскіс, паплёў нешта несусветнае. Місько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папуга́й, ‑я, м.
1. Трапічная лясная птушка з яркім стракатым апярэннем, якая здольна пераймаць розныя гукі, у тым ліку і чалавечую мову. Хоці праціскаўся скрозь шумны натоўп туды, адкуль чуўся птушыны гоман.. Тут былі і яркія, з вялікімі дзюбамі, туканы, і стракатыя папугаі, і рознакаляровыя галубы, і безліч іншых маленькіх і вялікіх птушак. Арабей.
2. перан. Разм. Пра чалавека, які не мае свайго погляду, паўтарае чужыя словы, думкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)