даручэ́нне, ‑я, н.
1. Справа, даручаная каму‑н. для выканання; заданне. Партыйнае даручэнне. □ У больш тонкія пачуцці .. [шафёр] не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, павінен выканаць. Кулакоўскі. Было яшчэ даручэнне райкома праверыць суседні калгас «Бальшавік». Дуброўскі.
2. Дакумент, які дае каму‑н. права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала яго; даверанасць. Пакідаючы Закуцце, Ігар напісаў гаспадару даручэнне, каб той атрымаў у канторы саўгаса, як прыйдзе на гэта час, Ігараву зарплату. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзевя́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Лічба 9. Напісаць прыгожа дзевятку. // Разм. Назва розных прадметаў (круга ў мішэні, тралейбуса маршруту № 9 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 9. Трапіць у дзевятку. Прыехаць дзевяткай.
2. Разм. Група з дзевяці чалавек або з дзевяці аднародных прадметаў. Строем, важка, як на парадзе, дзевяткамі плылі самалёты. Алешка.
3. Ігральная карта з дзевяццю ачкамі. — Добрыя карты! — шапнуў Зязюльскі, глянуўшы на званковую дзевятку і на храстовага караля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драма́ць, драмлю, дрэмлеш, дрэмле; незак.
Быць у паўсонным стане, нямоцна спаць. І тут Ігнась заўважае, што бацька прытуліўся плячамі да палукаша і дрэмле, і галава яго, як нежывая, ківаецца ва ўсе бакі. Чарнышэвіч. Абапёршыся локцямі на стол, .. [Сяргей], здавалася, пачаў драмаць. Шахавец. / у перан. Быць у стане спакою, бяздзейнасці, нерухомасці. Ціха драмала Палессе пад цёплым дыханнем сонца. Лынькоў. Гарадок драмаў у млявай цішыні, не паказваючы адзнак чаго-небудзь жывога. Ракітны.
•••
Не драмаць — дзейнічаць, праяўляць і актыўнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
1. Знімаць, рабіць копію з чаго‑н. Капіраваць чарцяжы. Капіраваць карціну.
2. перан. Пераймаць, падрабляць чые‑н. рухі, міміку і пад. Паліцэйскія заходзіліся ад таго, як трапна капіраваў фельдфебеля малады паліцэйскі. Мікуліч. // Слепа пераймаць што‑н., некрытычна карыстацца чым‑н. Пісьменнік не захапляецца выпадковымі з’явамі жыцця, не капіруе яго, а, глыбока асэнсаваўшы падзеі, раскрывае заканамернасць гістарычнага працэсу. Арабей.
3. Друкаваць што‑н. з дапамогай гектографа, светапісу, капіравальнага апарата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.
2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жале́за, ‑а, н.
1. Хімічны элемент, цяжкі коўкі метал серабрыстага колеру, які ў спалучэнні з вугляродам утварае чыгун і сталь. Выплаўка жалеза з руды. Каваць жалеза.
2. Звычайная (бытавая) назва малавугляродзістых сталей. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч. // зб. Вырабы з гэтага металу. Ліставое жалеза. Дахавае жалеза.
3. Жалезістыя рэчывы як лячэбны сродак. У цыбулі многа жалеза. Большая частка жалеза ў целе чалавека знаходзіцца ў гемаглабіне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыллё, ‑я, н.
1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.
2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад забіць 1.
2. у знач. наз. забі́ты, ‑ага, м. Той, каго забілі. У хвіліны зацішша байцы хавалі забітых, санітаркі перавязвалі раненых. Мележ. Крушынскі толькі адным вокам зірнуў на забітага. Бядуля.
3. у знач. прым. Прыніжаны, запалоханы, даведзены да атупення. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч, як даведаўся Лабановіч потым, у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. У цёмным, забітым, прыгнечаным мужыку малады юнак убачыў чалавека. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Перарывіста, нудна выць (пра сабак, ваўкоў і інш.). Завываюць ваўкі над курганамі. Купала. // Утвараць гукі, падобныя да выцця (пра з’явы прыроды). Сыпаў снег, завываў і скуголіў вецер, ірвучы саламяныя стрэхі. Гурскі. // Перарывіста, працяжна гучаць (пра маторы, сірэну і пад.). Завывалі сірэны. □ Недзе далёка ўсё яшчэ гудзеў, завываў самалёт. Новікаў.
2. перан. Тужліва пець, галасіць. [Чалавек] моцна біў у бубен, спяваў, завываў, балбатаў і скакаў, як звар’яцелы. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
муць, ‑і, ж.
1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай, мутнай; каламуць.
2. перан. Туман, смуга; імгла. Газік коўзаецца тубы-сюды і паволі, як бы вобмацкам, сунецца скрозь густую, жаўтаватую ад святла фар, муць. Дуброўскі. Шэрая мітуслівая муць павісла над галавою, завалакла далеч. Сачанка.
3. перан. Разм. Аб цяжкім душэўным стане. Але што будзе заўтра? Веньямін ведае, што будзе. Боль у галаве і муць на душы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)