падкра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; ‑крадзёмся, ‑крадзяцеся; пр. ‑краўся, ‑кралася; зак.

Наблізіцца, падысці крадком, непрыкметна, паціху. [Рыль] туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Колас. Аднойчы да калючай агароджы лагера падкраліся трое падлеткаў. Новікаў. // Надысці, настаць неўзаметку (аб здарэннях, з’явах і пад.). Падкралася старасць. Падкралася восень. Падкраўся страх. □ Паволі і непрыкметна падкраўся вечар. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

Перамагчы ў бойцы, барацьбе; асіліць. Нас не падолець у бітвах крывавых, Страх невядомы савецкім людзям. Глебка. // перан. Разм. Перасіліць, пераадолець якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад. Хоць патуранне [вучням] было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падступі́цца, ‑ступлю́ся, ‑сту́пішся, ‑сту́піцца; зак.

1. Падысці вельмі блізка, наблізіцца. — Берагі топкія, ніхто падступіцца з вудамі і сеткамі не можа. Савіцкі. Цяпер балота замерзла і падступіцца да [разбітага] самалёта лёгка. Жычка.

2. Звярнуцца з просьбай, прапановай і пад. Не падступіцца да начальства з просьбай. □ Дзяўчатам хацелася загаварыць з лётчыцамі, але дзе ты да іх падступішся. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхва́т, ‑у, М ‑хваце, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падхватваць — падхваціць.

•••

На падхваце — а) заўсёды патрэбны; заўсёды можа быць выкарыстаны. [Лявон] заўсёды, калі што трэба, звяртаецца да Зосі. Яна ў яго на падхваце. Сабаленка; б) у зручным для карыстання месцы; пад рукамі. І падняў [дзед] над галавою калун, які ляжаў тут жа, на дрывотні, на падхваце. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшэ́фны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад чыім‑н. шэфствам. Зося.. пасля заняткаў пісала з вучнямі калектыўныя пісьмы на фронт, збірала падарункі для франтавікоў, .. наведвала з дзецьмі падшэфны шпіталь. Карпаў. / у знач. наз. падшэ́фны, ‑ага, м., падшэ́фная, ‑ай, ж. Ідучы са школы, Толя спытаўся ў свайго падшэфнага: — Дзе будзем займацца — у вас ці ў нас? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пакоя. У сэрца папросіш парады — Яно да паслугі гатова: Вядзе з пакаёвай засады Пад лівень, на вецер жыццёвы. Прануза.

2. Які знаходзіцца, жыве, расце ў пакоі. Служанкі вывелі на прагулку пакаёвых сабачак. Карпюк. Толькі ведай: да пары квітнеюць Кветкі пакаёвыя ў цяпле. Ставер.

•••

Пакаёвая тэмпература гл. тэмпература.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магістра́т, ‑а, М ‑раце, м.

1. Гарадской ўпраўленне ў некаторых заходнееўрапейскіх краінах, а таксама будынак, у якім яно размяшчаецца.

2. Выбарнае ўпраўленне ў гарадах Расіі, ад Пятра І да 1885 г., якое ведала судова-адміністрацыйнымі і падатковымі справамі.

3. Гіст. Дзяржаўная пасада (консула, трыбуна і пад.) у Старажытным Рыме. // Асоба, якая займала гэту пасаду.

[Ад лац. magistratus — улада, кіраўніцтва.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Да якога цяжка дабрацца, даступіцца. Асабліва панура выглядалі запушчаныя, маладаступныя нізіны-лужкі, заваленыя галлём і сатлеўшымі верхавінамі ссечаных старых дрэў. Колас.

2. Якім не ўсе маюць магчымасць карыстацца (з-за высокіх цэн, адсутнасці дазволу і пад.). Медыцынская дапамога [у дарэвалюцыйнай Беларусі] была платнай і таму маладаступнай працоўным. «Весці». // Не ўсім зразумелы. Маладаступная кніга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Дарэмны, бескарысны. Углядаліся [авіямадэлісты] у густыя верхавіны елак і хвой, лавілі па маладых зарасніках.. І хутка ўсім стала ясна, што пошукі [мадэлі].. марныя. Якімовіч.

2. Змарнелы, чэзлы, худасочны. Марны конік упяўся за плугам пад крык аратага. Брыль. Шнур бядак [араў] да поту, — Марны ж колас на саломцы, — Ні красы т[о]й, ні ўмалоту... Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)