дво́рнік, ‑а, м.
1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.
2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заня́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад заняць.
2. у знач. прым. Які займаецца чым‑н. у даны момант; несвабодны. Дні са тры Макар быў вельмі заняты на рабоце, і мне прыйшлося хадзіць на раку аднаму. Ляўданскі. Мама і тата вельмі занятыя, з работы позна прыходзяць. Юрэвіч.
3. у знач. прым. У якім знаходзіцца хто‑, што‑н., на якім размясціўся хто‑н.; несвабодны. Умацавацца на занятых пазіцыях. □ Школьны зал заняты — ёлку рыхтуюць. Якімовіч. Амаль палавіна рачной плыні.. была занята плытамі. Лынькоў. // Напоўнены, непарожні. Заняты кошык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́яц, зайца, м.
1. Невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом. Заяц-бяляк. Заяц-русак. □ Па густым зарасніку, як вецер, праімчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Якімовіч. // Футра гэтага звярка. // Мяса зайца як ежа; заячына.
2. Разм. Пра безбілетнага пасажыра. З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет.. шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх там называлі. Колас.
•••
Забіць двух зайцаў гл. забіць.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустава́ць, ‑туе; незак.
Быць пустым, незанятым кім‑, чым‑н. Гасцініца другі дзень пуставала: старыя жыхары раз’ехаліся, а новыя не прыехалі. Асіпенка. На верандах сталаваліся летнім часам. Цяпер яны пуставалі, прыкрытыя фанераю, каб не наносіла туды снегу. Колас. Андрэй сядзеў у вагоне прыгараднага цягніка, які памалу рухаўся ад станцыі да станцыі. Амаль палова лавак пуставала. Чарнышэвіч. // Быць неапрацаваным, незасеяным (пра поле, зямлю). Другі б на месцы старой разгубіўся, кінуў агарод пуставаць і зараз бы пайшоў у старцы. Сяркоў. [Старшыня:] — Вунь за вузкай, пад балотцам, цэлых паўгектара пустуе... Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разрасці́ся, ‑расцецца; пр. разросся, ‑раслася, ‑лося; зак.
1. У выніку росту стаць большым, гусцейшым, захапіць больш месца. Цяпер ліпы разрасліся так густа, што здалёку здаваліся адным суцэльным гаем. Якімовіч. [Макрына:] — А надвячоркам пасадзім капусту. Пара садзіць — разраслася расада, пачынае старэць. Баранавых.
2. Стаць большым па велічыні, па колькасці. Увесь пасёлак разросся, абзеляніўся і нагадвае далекаваты прыгарад. Кулакоўскі. За апошнія гады горад разросся, і былая ўскраіна ўпрыгожылася вялізнымі шматпавярховымі дамамі. Пальчэўскі. // Стаць мацнейшым па праяўленню. Гучаў недзе і голас сумнення, але Мікалай не даваў яму разрасціся. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць у кім‑н. моцную трывогу, неспакой; устрывожыць. Цьмяныя, але жывучыя ў дзіцячай душы ўспаміны пра бацьку растрывожылі Віцю. Якімовіч. Пасля вячэры не хацелася ісці спаць. Тамаш растрывожыў душу. Чарнышэвіч.
2. Прывесці ў рух, вывеўшы са стану нерухомасці, спакою. Растрывожыць мурашнік. Растрывожыць рой.
3. Разм. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; развярэдзіць. Растрывожыць рану. / у перан. ужыв. [Варашкін] папытаў, добра не падумаўшы, хацеў, каб на лепшае было, а яно [вунь] як павярнулася — незагоеную рану сябру растрывожыў. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́шчына, ‑ы, ж.
1. Негустое цеста на дражджах або з закваскай, якое пасля замешваюць. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін.
2. Цэментны, будаўнічы раствор. Машына за машынай ідуць грузавікі з цэглай, рошчынай, бэлькамі. Гарбук. Пасля работы, нават не памыўшы заляпанага рошчынай твару, ён пабег ва ўпраўленне трэста. Асіпенка. Кладка скрозь вельмі трывалая, з тонкімі швамі вапнавай рошчыны і роўнай апрацоўкай паверхні. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да свістаць.
2. каго, каму. Разм. Моцна, з размаху сцебануць, стукнуць. Аж самой балюча станавілася, і дзіця прыціскалася да плота, баючыся, каб каторы [паліцыянт] не пад’ехаў ды не свіснуў па галаве і яе [Ліпачку]. Сабаленка. Іван падняў даўбешку ды як свіснуў чорту ў лоб. Якімовіч.
3. каго-што. Разм. Украсці. Свіснулі гадзіннік. □ [Кудравец:] Табе добрае плацце справім. Грошы знойдуцца. Бачыш? (Паказвае Ніне ашчадную кніжку). Я не хачу тут (паказвае на тумбачку) трымаць, а то яшчэ свіснуць. Кучар.
•••
Калі рак свісне гл. рак 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
селядзе́ц, ‑дца, м.
1. Марская рыба сямейства селядцовых, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе. Селядзец быў тлусты, сакавіты, мяккі і духмяны. Новікаў. На стале стаялі прыгатаваныя селядзец з гарнірам, а поруч міска з гарачай сопкай бульбай, марынаваныя грыбы, кількі, шпроты, чорная ікра, фаршыраваная рыба, цяляціна, дамашняя свіная каўбаса, ад якой пахла ядлоўцам, паляндвіца і шмат іншай закускі. Гурскі.
2. Абл. Шабля. У земскага торгаюцца бровы, ён хапаецца рукою за свой «селядзец». Якімовіч.
•••
Як у бочцы селядцоў — пра вялікую колькасць людзей у цесным памяшканні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ступо́й і ступо́ю, прысл.
1. Павольным крокам; нага за нагу. Гэта падбадзёрвала бегляка, вабіла яго наперад. І ён ішоў як мог: дзе подбегам, а дзе — ступою. Якімовіч. Ой, не стэп за шырокім Дунаем, Шапаціць рунь зялёнай травою, — То Алеся — жняя запявае, Ідучы па даліне ступою. Трус.
2. Самым павольным алюрам. Спачатку [партызаны] ехалі ступой, а неўзабаве .. падхапіліся на рысь. Брыль. Есаул памог сесці ў сядло Раечцы, спрытна ўскочыў сам, і яны паехалі ступою на вуліцу. Лобан. [Атаманавіч] тужэй нацягваў павады. Хацелася праехаць ступою, разабрацца ва ўсім. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)