распача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. распачаў, ‑ла, ‑ло; зак., што.
1. Інтэнсіўна, актыўна прыступіць да ажыццяўлення чаго‑н.; узяцца за якую‑н. работу, занятак; пачаць. Распачаць будаўніцтва. □ Усе пяць салдат аддзялення Сладкова распачалі аўтаматную страляніну па амбразуры. Сіняўскі. Вядома, і я быў вельмі рады, калі .. [дзед Мацей] аднаго разу распачаў са мной гаворку пра язёў. Ляўданскі.
2. Пачаць карыстацца чым‑н., ужываць што‑н. Буфетчыца, прывабная маладая кабеціна з белымі поўнымі рукамі, сказала, што піва не свежае, — бочку распачалі аж учора раніцай. Гаўрылкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рысава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
1. Віднецца, вылучацца (сваім колерам, абрысамі і пад.) на фоне чаго‑н. На тым баку, за жытнёвым полем, рысаваліся на блакіце неба стрэхі. Васілёнак.
2. перан. Паўставаць у чыім‑н. уяўленні. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ва .. уяўленні [настаўніка]. Колас.
3. Старацца паказаць сябе з выгаднага боку, выклікаць чым‑н. інтарэс да сябе. Баешка ўваходзіў у ролю, пачынаў яўна рысавацца перад натоўпам, што ў момант вырас ля яго. Шынклер.
4. Зал. да рысаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэа́льнасць, ‑і, ж.
1. Аб’ектыўная рэчаіснасць; з’явы, факты, рэчы аб’ектыўнай рэчаіснасці. Жыццёвы матэрыял заўсёды праходзіў адпаведную творчую апрацоўку і набываў новыя якасці, станавіўся арганічным сплавам рэальнасці і мастацкага домыслу. С. Александровіч. Штохвіліны думка ўспыхвае трывожнай іскрай, шукае апоры ў навакольнай рэальнасці — цішыні лесу, цёмных начных дрэвах. Навуменка. Адно, што было некатораю рэальнасцю, гэта — запіска ад рэдактара Уласюка на імя інжынера Блока. Колас.
2. Уласцівасць рэальнага. Рэальнасць планаў.
•••
Аб’ектыўная рэальнасць — усё тое, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
садо́к 1, ‑дка, м.
Памянш.-ласк. да сад (у 1 знач.); невялікі сад. Ззаду .. [доміка] рос малады садок, абсаджаны кустамі парэчак, агрэсту і маліны. Чарнышэвіч.
садо́к 2, ‑дка, м.
1. Штучны вадаём для развядзення рыбы. // Прыстасаванне для трымання злоўленай жывой рыбы.
2. Памяшканне для трымання, гадоўлі і адкорму жывёлы. Гусіны садок.
3. Пастка на звяроў і птушак. Паставіў Левановіч садок, — гаварыў.. [Фарафонаў]. — Прыйшоў назаўтра раніцай, у калядніцу было, — а там повен садок ваўкоў. Як забег адзін, дык за ім усе, галодныя. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́на, ‑а, н.
Скошаная і высушаная трава, якая ідзе на корм жывёле. Стог сена. □ Непадалёк ад дарогі чарнела капа сена. Скрыган. [Засмужац] завёў каня ў хлеў, у зацішку рассядлаў, падкінуў яму сена і тады ўвайшоў у хату. Мележ. // Трава, прызначаная для нарыхтоўкі такога корму. За працу майстры атрымліваюць лес для будовы, косяць сена на пагранічных лугах. Брыль.
•••
Колам і сена травіць гл. травіць.
Сабакам сена косіць гл. касіць 1.
Як іголка ў стозе сена гл. іголка.
(Як) сабака на сене гл. сабака.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.
Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́дыч, ‑ы, ж.
Разм.
1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.
2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)