растрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад растрывожыць.

2. у знач. прым. Якога апанавала трывога, хваляванне. — Можна, Рыгор Міхасевіч? — адчыніўшы дзверы, запытала растрывожаная Ліба. Гартны. Не лёгка паддаюцца сну растрывожаныя сэрцы. Кулакоўскі. // Які выказвае трывогу, сведчыць пра трывогу, хваляванне. Растрывожаны позірк.

3. у знач. прым. Прыведзены ў рух, разварушаны. Растрывожаны мурашнік. Растрывожаны вулей. □ Растрывожаныя рыжыя казюлі і чэрві ўсплылі на паверхню чорнай прорвы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саспе́ць, ‑ее; зак.

Разм.

1. Паспець, стаць спелым (пра плады і пад.). Не сядзець жа, склаўшы рукі, на прызбе ды чакаць, пакуль жыта саспее. Хадановіч.

2. перан. Скласціся, набыць завершаную форму. У штабе саспеў новы план. Колас. У .. [Ганны] саспела рашэнне, якое яна не хацела прымаць адна. Кавалёў.

3. Спец. Набыць у працэсе вытрымкі найлепшыя для выкарыстання якасці. Як толькі саспелі сыры,.. [Пятрок] павёз іх прадаваць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́жа,

1. Прысл. да свежы (у 4, 5 і 6 знач.).

2. безас. у знач. вык. Халаднавата, даволі холадна. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых акон, не дапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. Было ціха і свежа, над возерам слаўся туман. Грахоўскі. // Пра адчуванне прахалоды кім‑н. Дзверы ў хату і ў сен[е]чкі стаялі расчыненыя, з двара ішоў холад, і было свежа ў босыя ногі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скамаро́х, ‑а, м.

1. У Старажытнай Русі і ў пазнейшы час — вандроўны акцёр. Першае ўпамінанне аб скамарохах на Беларусі мы знаходзім у пропаведзях Кірылы Тураўскага (XIII стагоддзе). «Беларусь». Бацька, дзед і прадзед умелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі. Адна з найбольш маляўнічых карцін спектакля паказвае выступленне вандроўных скамарохаў. Няфёд.

2. Разм. зневаж. Пра чалавека, які пацяшае другіх сваімі камедыянцкімі, штукарскімі выхадкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да скласці (у 1–5, 10–13 знач.).

2. Быць састаўной часткай чаго‑н.; утвараць сабой што‑н. Большую частку яго [Паўловіча] спадчыны складаюць гумарыстычныя вершы і жарты, напісаныя на матэрыяле анекдотаў пра селяніна. Казека. Аснову рэпертуару Ланскага хору складаюць народныя песні і творы савецкіх кампазітараў. «ЛіМ». Маленькія завушніцы і нітка яркіх пацерак на шыі складалі яе [Каці] ўпрыгожанне. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыжа́ль, ‑і, ж.

Кніжн.

1. Дошка, пліта з напісаным на ёй тэкстам (пераважна свяшчэнным, культавым).

2. звычайна мн. (скрыжа́лі, ‑ей); перан.; чаго або якія. Пра тое, што захоўвае, куды занесены памятныя падзеі, даты, імёны і пад. Скрыжалі навукі. Скрыжалі гісторыі. □ І славу тую, што ўпісалі мы ў гістарычныя скрыжалі, наш горад панясе ў вякі. Машара. Таемны вы, зямлі скрыжалі! Чаго ў сябе вы не ўпісалі! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слізня́к, ‑а, м.

1. Беспазваночная жывёліна атрада малюскаў, якая амаль страціла ракавіну. У траве на балоце і ў чарналессі процьма жыўнасці: ляніва скачуць .. жабы, тлустыя, зеленаватыя і жоўтыя слізнякі бясконца ліжуць лісце, траву. Бяспалы.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага, нікчэмнага чалавека. Ваня павінен даказаць, што ён не слізняк, не прыстасаванец. Новікаў. [Лабановіч:] — Але справа не ў гэтым: слізнякі мы, бязвольнікі, людзі без цвёрдага грунту. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

служа́ка, ‑і, м.

Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяшо́к, ‑шку, м.

Разм.

1. Кароткі або ціхі смех. Айцец Мікалай па-сяброўску стукае настаўніка па плячы, а сам смяецца дробным смяшком. Колас. Смяшок у зале перарос у рогат. Мехаў. // Пра жартаўлівы або іранічны выраз вачэй. Бляскам акуляраў засланяўся смяшок у вачах... Бядуля.

2. часцей мн. (смяшкі́, ‑оў). Жарты, насмешкі. Перш цішэй, а што далей — то смялей.. [рабочыя] пасылалі .. [палкоўніку] ўслед жарты, смяшкі і посвіст. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)