дзіра́, ‑ы; мн. дзіры; ж.

1. Вялікая дзірка (у 1 знач.); тое, што і дзірка. — Падай мне які-небудзь кол, а я ім здолею развярнуць дзіру так, што нават і сам улезу. Маўр. Пашчапала мачты вірам, Баржа знемагала. Трум праз шчыліны і дзіры Вада залівала. А. Александровіч.

2. Тое, што і дзірка (у 2 знач.). Штрыпке бездапаможна схапіўся за галаву і праклінаў увесь свет і сваю прафесію, праз якую ён трапіў у гэту.. дзіру, як называў ён падуладныя яму дэпо і станцыю. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзю́ба, ‑ы, ж.

1. Выцягнутыя, з рагавым пакрыццём, бяззубыя сківіцы ў птушак і некаторых іншых жывёл, прыстасаваныя для яды. Гусі шчыпалі мураву жоўтымі дзюбамі. Галавач. [Арол] прыўзняў кручкаватую дзюбу колеру адпаліраванага крэменя і зноўку ўзяўся смакаваць мяса. Беразняк.

2. перан. Тонкі востры канец чаго‑н. Дзюба нажа. □ [Галя] бачыла на школе шыферны дах і дзюбу вежавага крана. Грахоўскі. Людзі да Грасыльды хадзілі часта.., і кручок выгрыз за доўгія гады глыбокую ямку [у вушаку] — хаваецца ўсёй дзюбай. Пташнікаў.

•••

З камарыную дзюбу — пра што‑н. надта малое, мізэрнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міг, ‑у, м.

Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.

•••

У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́нус, ‑а, м.

1. У матэматыцы — знак у выглядзе гарызантальнай рыскі ( − ) для абазначэння аднімання або лічбы, меншай за нуль; проціл. плюс.

2. нескл. Паміж дзвюма лічбамі абазначае, што другая лічба аднімаецца ад першай. Сем мінус тры раўняецца чатыром.

3. Адмоўная велічыня. Мінус на мінус дае плюс. // Гарызантальная рыска пры школьных адзнаках, якая паказвае зніжэнне адзнакі. Чатыры з мінусам.

4. перан. Разм. Недахоп, адмоўны бок. У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Шамякін.

[Ад лац. minus — менш.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накляпа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н. Накляпаць плешку на болт.

2. Кляпаннем зрабіць пэўную колькасць чаго‑н.

3. Ударамі малатка навастрыць (касу, нож і інш.). Тая [каса], што касіў Мішка залетась, была нядрэннаю. Каб яшчэ накляпаць яе.., мянташкай правесці, то працаваць можна. Кандрусевіч.

накляпа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Нагаварыць на каго‑н., узвесці паклёп. Папракнуў [Самарос] сябе за тое, што праз меру накляпаў на Каршукова, расказваючы Галаю пра гаворку з ім. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натру́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Стаміцца, прыйсці ў хваравіты стан (ад працяглай або цяжкай працы, хады і пад.). Не забуду братэрскі я поціск Загрубелых прасоленых рук, Што натрудзіліся на спякоце... Будзь здароў, італьянскі наш друг! Панчанка. // Папрацаваць многа, да стомы. [Люба:] — Большай пакуты [раджаць] мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла, я натрудзілася страшэнна была. Чорны. Не да сустрэч і забаў вечарамі, калі так натрудзішся за дзень, што кожная часцінка цела патрабуе спачыну. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недахва́т, ‑у, М ‑ваце, м.

Разм.

1. Адсутнасць дастатковай колькасці каго‑, чаго‑н. Калі вахман і баўэр набілі аскому высокай палітыкай, пайшла звычайная сялянская гутарка пра добрае лета, пра касавіцу, пра недахват мужчынскіх рук... Брыль. Бяскорміца, недахват сена.. прымусілі нас да таго, што за ношку саломы мы павінны былі адрабляць сваім кулакам. Нікановіч.

2. Адсутнасць дастатковых сродкаў на пражыццё, недахоп самага неабходнага; беднасць, нястача. Ведала Ніна, што бойкі, сваркі гэтыя ўсё ад таго, што недахват ва ўсім у хаце, беднасць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.

2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.

1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.

2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.

2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)