аднаві́цца, ‑наўлюся, ‑новішся, ‑новіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вярнуцца да ранейшага стану, выгляду; адрадзіцца, узнавіцца. Аднавілася зямля. □ У вёсцы Якава, як і ўсюды на вызваленай зямлі, аднавіўся калгас. Марціновіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Зноў узнікнуць у памяці; прыпомніцца. [Святлане] самой часта прыходзілася брацца за падручнік, каб тое-сёе аднавілася ў памяці. Шахавец.

3. Вярнуцца ў ранейшае службовае ці грамадскае становішча. Аднавіцца ў правах. Аднавіцца на працы.

4. Пачацца зноў пасля пэўнага перапынку. Заняткі ў школе аднавіліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць; зак.

1. што. Доўга або ў нязручнай паставе седзячы, давесці да здранцвення якую‑н. частку цела. Адседзець нагу.

2. Прабыць, праседзець нейкі час дзесьці. [Эма] скардзілася, што ёй цяжка, што.. [Іван] не памагае ў хатняй рабоце. А яму хіба лёгка было? Яна ж адседзіць, адбалбоча .. восем гадзін, і ўсё, які там цяжар. Марціновіч.

3. Адбываючы пакаранне, прабыць які‑н. тэрмін у турме. Я. Колас за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і рэвалюцыйныя творы адседзеў тры гады ў ліпскім астрозе. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.

2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвяжы́цца, асвяжуся, асвяжышся, асвяжыцца; асвяжымся, асвежыцеся; зак.

1. Стаць свежым, чыстым. Змог расою за ноч асвяжыцца Прагавіты да вільгаці стэп. Астрэйка.

2. Пабыўшы на свежым паветры, абліўшыся вадой і г. д., аднавіць свае сілы, вярнуць сабе бадзёрасць. Уся група, абудзіўшыся, прыняла параду Малашкіна — асвяжыцца ў рэчцы, што і было зроблена з вялікай прыемнасцю. Пестрак. // перан. Набрацца новых уражанняў, рассеяцца. І часта ў дні вучобы, калі быў стомлены, заўсёды спяшаўся туды [на Красную плошчу], каб асвяжыцца і набрацца бадзёрасці. Сяргейчык.

3. Аднавіцца ў памяці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́нік, ‑у, м.

1. пераважна мн. (вы́нікі, ‑аў). Канчатковыя паказчыкі якіх‑н. дзеянняў, з’яў, развіцця чаго‑н. Падвесці вынікі работы за дзень. □ Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. // Плён, здабытак працы, намаганняў. Вынікі шмат гадовай працы. Вынікі экспедыцыі, творчых поспехаў.

2. Тое, што вынікае з чаго‑н., з’яўляецца лагічным вывадам. Поспехі з’яўляюцца вынікам напружанай штодзённай працы. □ Мы павінны заўсёды правяраць сябе, вывучаючы ланцуг палітычных падзей у іх цэлым, іх прычыннай сувязі, іх выніках. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абру́ч, ‑а, м.

1. Металічная ці драўляная кольцападобная пласціна, якая набіваецца на бочкі, падушкі і пад. Стары Гарась, як помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубкамі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны.

2. Гімнастычная прылада. Рабіць практыкаванні з абручом. // Кольца, якое дзеці качаюць пры дапамозе загнутага дроціка. Вуліца, звінела ад абручоў, за якімі заняліся па тратуарах шустрыя малыя хлапчукі. Якімовіч.

3. Жаночае ўпрыгожанне — кольца, якое надзяецца на галаву. Залаты абруч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.

1. Паабрываць, ачысціць, скубучы. [Кавалёў:] — Кажу — бяры! Хто там мне яго [цецерука] абскубе ды выпатрашыць. Чарнышэвіч. [Гукам:] — Колькі разоў я прасіў цябе: не чапай лісця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш. Шамякін. // Скубучы падраўноўваць, рабіць больш роўным, гладкім (пра сена, салому і пад.). Абскубці стог.

2. Пасашчыпваць, паз’ядаць траву (пра коней, авечак, птушак і пад.). Гусі і качкі абскублі.. [траву] так нізка і гладка, бы хто ножкамі штодзень рэгаў тут маладую атаву. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Бачыць.. [Дуню] хацелася інакшай: не ў гэтым каляным брызенце — камбінезоне, не з рукамі, што, безумоўна, агрубеюць.., а заўсёды светлай, прыгожай. Хадкевіч. // Стаць больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Страціць вастрыню, сілу. Слых ад кананады агрубеў, Сонца задыхаецца ад дыму. Панчанка.

2. Стаць вонкава нязграбным, страціць мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). // Страціць душэўную далікатнасць, стаць менш чулым, чэрствым. За гэту страшную пару незлічоных людскіх пакут Глечык ужо агрубеў нутром. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’ектыві́зм, ‑у, м.

1. Тое, што і аб’ектыўнасць (у 2 знач).

2. Уяўная аб’ектыўнасць, «беспартыйнасць» у навуцы і мастацтве, за якой хаваецца варожая марксісцка-ленінскай класавай ацэнцы рэчаіснасці буржуазная, ідэалістычная ідэалогія. Асноўная рыса разважанняў аўтара [легальнага марксіста Струвэ], адзначаная з самага пачатку, гэта яго вузкі аб’ектывізм, які абмяжоўваецца доказам немінучасці і неабходнасці працэсу і не імкнецца ўскрываць у кожнай канкрэтнай стадыі гэтага працэсу ўласцівую яму форму класавага антаганізму, — аб’ектывізм, які характарызуе працэс наогул, а не тыя антаганістычныя класы ў паасобку, з барацьбы якіх складваецца працэс. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кот, ката, М каце, м.

Самец кошкі.

•••

Марскі кот — а) тое, што і коцік (у 2 знач.); б) род марскога ската.

Чаротавы кот — драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых.

Гуляць у ката і мышку гл. гуляць.

(Жыць) як кот з сабакам — пра людзей, якія пастаянна сварацца.

Кату па пяту — вельмі малы ростам.

Купіць ката ў мяшку гл. купіць.

Мінулася кату масленіца; не ўсё кату масленіца гл. масленіца.

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

(Як) кот наплакаў — пра вельмі малую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)