бескане́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае пачатку і канца (у прасторы і часе). Час і прастора бесканечныя.

2. Празмерна доўгі, шырокі, глыбокі, працяглы і пад. Зноў сярод ніў бесканечных, шырокіх Іду, як калісь, у задуме цяпер я. Танк. Лес адвечны бесканечны Цягне, цягне гоман свой. Купала.

•••

Бесканечны дзесятковы дроб гл. дроб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́тва, ‑ы, ж.

Бой, барацьба паміж варожымі сіламі. Бітва пад Масквой. Бітва на рэйках. Поле бітвы. // за што. Змаганне, барацьба. Бітва за ўраджай. □ [Ладынін:] — Трэба зразумець, таварышы, добра сабе ўсвядоміць, што мы пачалі вялікую бітву за поўны дастатак. Шамякін. // Разм. Бойка, сутычка. Бабы смяюцца, жартуюць і гавораць аб учарашняй бітве Драздоў і Дзятлоў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́жы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бога. Божая воля. // Уст. Створаны богам, прыналежны богу. Конскія рэбры пачалі хадзіць пад скураю, пара павярнула з шыі гэтага божага стварэння. Чорны.

•••

Божая авечка гл. авечка.

Божая іскра гл. іскра.

Божы дар гл. дар.

Кожны божы дзень гл. дзень.

Свету божага (белага) не бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм.

1. Тое, што і буркаваць. Голуб .. нешта буркатаў галубцы. Сабаленка.

2. што і без дап. Бурчаць, мурлыкаць. Шафёр нешта буркатаў сабе пад нос. Кавалёў.

3. Грукатаць, тарахцець (пра гукі машыны ў часе работы). Блішчалі на пагорках у вёсках агні, на палях сям-там буркаталі трактары. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздзе́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа мець дзяцей, бясплодны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

2. Які не мае сваіх дзяцей. Смяюха — гэта жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, бяздзетная і замужам ніколі не была. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чнасць, ‑і, ж.

1. Значная велічыня, вялікі намер і пад. Значнасць адлегласці. Улічыць значнасць сіл ворага.

2. Важнае значэнне; важнасць. Вялікія поспехі беларускай прозы ў 20‑я гады тлумачацца яе глыбокай жыццёвасцю і грамадскай значнасцю. Пшыркоў. [У дэкадэнтаў] цяга да вобразаў магіл, імглы, туману была ўвогуле адмаўленнем значнасці жыцця, сімвалам яго бязмэтнай марнасці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́масць, ‑і, ж.

1. Уст. Форма ветлівага звароту да таго, каго лічаць вышэйшым па званню, становішчу ў грамадстве і пад. — Скажыце, імасць, ці не чулі, З чаго той вынікнуў пажар? Колас.

2. Разм. (звычайна з адценнем іроніі). Пра жонку блізка знаёмага субяседніка (пры размове з ім). — А як там твая імасць маецца?

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захліпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да захліпнуцца.

2. Сутаргава задыхацца пры моцным смеху, плачы, хуткай гаворцы і пад. Аксана захліпалася ад нястрымнага рогату. Пянкрат. — Нявестачка, родненькая мая.. Як я рады, — аж захліпаецца словамі бацька і цалуе.. Іру. Сабаленка. // перан. Утвараць частыя пералівістыя гукі; залівацца, захлёбвацца. На вечарынцы захліпаўся гармонік. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́рышча, ‑а, н.

Разм.

1. Вялікі натоўп людзей. [Стары] паварочваецца, аглядае зборышча, затрымлівае позірк на цыганцы, што плача. Лупсякоў.

2. Сход, сходка для сумеснай работы, сумеснага адпачынку і пад. Алесь Баравік, хаця на заводзе быў навічок, ужо ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Шыцік. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́льніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Часова або канчаткова вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў, звязаных з вучобай, службай і пад. Анатолю робіцца прыкра. Сапраўды, як ён мог адважыцца падаць заяву, каб яго звольнілі з завода? Асіпенка. Па вёсцы пранеслася чутка, што лесніка клікалі ў горад і звольнілі з пасады. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)