вы́травіць 1, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

1. З дапамогай хімічных рэчываў зрабіць узор, адбітак чаго‑н. Вытравіць клішэ.

2. Вывесці хімічным спосабам што‑н. Вытравіць чарнільную пляму.

3. перан. Знішчыць, выкараніць. Вытравіць перажыткі старога.

вы́травіць 2, ‑траўлю, ‑травіш, ‑травіць; зак., што.

Спец. Паступова спусціць (якарны ланцуг, канат і пад.). Вытравіць трос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

З сілай апусціць, зрынуць што‑н. на каго‑, што‑н.; скінуць. Раптам, як таран, Гарыдавец абрушыў на ўсіх Вясельны стол, нож бліснуў у руках. Танк. // перан. Накіраваць на каго‑н. усю сілу пачуццяў, клопатаў і пад. Нашыя душы і целы даўно прагнулі абрушыць лютасць на ворага. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абці́хнуць, ‑не; пр. абціх; ‑ла; зак.

Разм.

1. Паслабець у дзеянні, сіле (пра стыхійныя з’явы). Гром абціх. Мяцеліца абціхла.

2. Стаць цішэйшым; паслабець (пра гукі, шум, боль і пад.). Страляніна абціхла. // перан. Трохі супакоіцца; улегчыся. Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

Вярнуць страчанае цяпло, нармальны стан. Была восень, абодва [Аляксей з таварышам] у трасучым кузаве намерзліся так, што пасля маці таварыша ніяк не магла адагрэць іх чаем. Мележ. // перан. Чуласцю, ласкай супакоіць, суцешыць. Цёплая рука жанчыны адагрэла, растапіла застыглыя камяком пад горлам боль і слёзы, і яны прарваліся. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абамле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць прытомнасць. [Панас] змогся, страціў многа крыві і абамлеў ад голаду, холаду і страху. Колас. // Абмярцвець, анямець, збянтэжыцца ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Вось.. [хлопчык] падышоў зусім блізка і абамлеў ад страху і здзіўлення. Маўр.

2. Аб частках цела — знямець, здранцвець, зацячы. Ад нязручнага сядзення абамлела нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абво́страны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абвастрыць.

2. у знач. прым. Пра рысы твару — завостраны, з адзнакамі схуднеласці.

3. у знач. прым. Больш востры, чым звычайна; павышаны, узмоцнены (пра пачуцці, успрыманні і пад.). Абвостраны слых.

4. у знач. прым. Жорсткі, напружаны (аб якіх‑н. адносінах, супярэчнасцях). Абвостраная барацьба. Абвостраныя класавыя супярэчнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абвя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Тое, чым абвязана што‑н.; павязка. [Дзямід Сыч:] — За малочнай фермай вецер ужо сарваў абвязку з чатырох шафранаў. Паслядовіч.

2. Спец. Прыстасаванне для змацавання частак якіх‑н. канструкцыі, пабудоў і пад. Я падыходзіў да стойкі на пліце, мацаю леваю рукою абвязку, ці добра пагаблявана. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кнот, ‑а, М кноце; мн. кнаты, ‑оў; м.

Спецыяльная стужка або скручаная ніць, якая служыць для гарэння ў газавай лямпе, свечцы і пад. Нехта падняўся і падкруціў кнот у лямпе. Кавалёў. // Шнур для перадачы агню на адлегласць (пры падпальванні, узрыванні чаго‑н.). «Хлопцы! Трымайцеся моцна, браточкі! Кнот запалілі, паклалі мы ў бочку!..». Дубоўка.

[Ням. Knoten — вузел.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крупча́сты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з крупінак; зярністы. Ціхі ранак. Снег крупчасты Пад падэшвамі рыпіць. Гілевіч. [Лёня] зноў торкаў рыдлёўкай у крупчасты гравій, мерыўся зачарпнуць поўны шуфель. Гроднеў.

крупча́сты 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Заражаны трыхінелай. Крупчастае мяса. □ Кій быў з асмаленага ядлоўцу, ім Марцін расшчамляў свінням пашчэнкі, глядзеў, ці не крупчастыя. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́масць, ‑і, ж.

1. Уст. Форма ветлівага звароту да таго, каго лічаць вышэйшым па званню, становішчу ў грамадстве і пад. — Скажыце, імасць, ці не чулі, З чаго той вынікнуў пажар? Колас.

2. Разм. (звычайна з адценнем іроніі). Пра жонку блізка знаёмага субяседніка (пры размове з ім). — А як там твая імасць маецца?

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)