прагуча́ць, ‑чыць; зак.
1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.
3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.
4. Гучаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.
2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.
праектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).
2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.
2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.
3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скепты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да скептыцызму (у 1 знач.). Скептычная філасофія.
2. Схільны да скептыцызму (у 2 знач.). — У ружовым канверце — значыць, любіць, — суцяшае мяне Аня Славіна. — Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе скептыцызм. Скептычны тон. □ Праўда, кволы ты надта, хто цябе возьме, — акінуў .. [Апанас] скептычным позіркам Лёню. Нядзведскі. Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну. Зарэцкі. // Прасякнуты скептыцызмам, поўны скептыцызму. Скептычныя адносіны да людзей. □ На самай справе, карціна «Мяцежнікі» атрымалася змрочная, глыбока скептычная. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.
2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́нечна,
1. Прысл. да сонечны (у 2–5 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра яснае, бясхмарнае надвор’е. У той дзень было ясна, сонечна. Чорны. На дварэ сонечна, недалёка ад вакзала сад, на дрэвах густа бялеюць яблыкі. Хомчанка.
3. безас. у знач. вык. Пра асветленасць сонцам чаго‑н. З раніцы да вечара ў.. [доме] было сонечна, і мусіць таму так бушавалі тут вазоны. Васілевіч.
4. перан.; безас. у знач. вык. Радасна, весела. Бывае на душы так сонечна, Як на касе каля вады. Тады не сумна мне ніколечкі, Хоць ад мяне далёка ты. Грачанікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.
Разм.
1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.
2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.
3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Дагаворвацца аб цане, дабіваючыся ўступак пры заключэнні гандлёвых або іншых здзелак. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў ды надта даражыўся. Якімовіч. [Ян:] — Купілі [кабылку] выгадна, хоць і таргаваліся доўга. Чорны. Клім стаяў моўчкі, азіраючы дровы, гатовы ўжо згадзіцца на тое, каб заплаціць за іх васемнаццаць рублёў, і не хацеў сказаць гэтага селяніну, злаваўся на сябе, што не ўмеў таргавацца. Галавач.
2. перан. Спрачацца, не згаджаючыся з чым‑н., імкнучыся дабіцца чаго‑н., атрымаць што‑н. Пара прыступаць да працы, няма чаго таргавацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
традыцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца традыцыяй (у 1 знач.); заснаваны на традыцыі і замацаваны ёю. Традыцыйны звычай. □ Аўтары іншых помнікаў хоць і прытрымліваліся традыцыйнага правапісу, але былі менш адукаванымі і таму дапускалі пад уплывам жывога вымаўлення больш памылак. Булыка. // Які праходзіць, адбываецца па традыцыі. Традыцыйны крос. Традыцыйны кірмаш. □ Як бы там ні было, а кожны дзень, ідучы вячэраць у сталоўку, хлопцы з традыцыйным маршам неслі чарговае крэсла і ставілі каля стала. Нядзведскі. // Прыняты па традыцыі; звычайны. Традыцыйны касцюм. □ Абуты [партызаны] былі хто ў боты,.. а хто ў традыцыйныя палескія лапці. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)