ружжо́, ‑а, н.

Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ненаразным (у адрозненне ад вінтоўкі) ствалом. На ахову палатна паставілі вартавога — Алеся Голуба, узброенага паляўнічым ружжом. Васілевіч.

•••

Пад ружжом — а) на ваенным становішчы, у стане баявой гатоўнасці (пра армію); б) у арміі (служыць).

Паставіць пад ружжо гл. паставіць.

У ружжо! — а) каманда стаць у строй са зброяй; б) каманда быць гатовым прыняць або пачаць бой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

руча́й, ‑я, м.

Невялікі, утвораны выхадам на паверхню падземных вод або сцёкам снегавых ці дажджавых вод, вадзяны паток. Наперадзе, пад навіссю альховых галін, булькатаў лясны ручай. Гамолка. Разгневаны паток вады дыбіўся, лез на [камяні], прасочваўся паміж імі дзесяткамі ручаёў. Шамякін. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Прымаўка. // Пра любую вадкасць, якая моцна цячэ, струменіцца. З маіх вачэй ліліся ручаі слёз. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэалізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) рэальным; ажыццявіцца (ажыццяўляцца), здзейсніцца (здзяйсняцца). У ідэях і палітыцы Камуністычнай партыі, у тым, як паслядоўна гэтая палітыка рэалізуецца, беларуская паэзія знаходзіць крыніцу творчага натхнення баявога жыццесцвярджальнага пафасу. «Полымя». Старшыня правярае, як рэалізуецца план сённяшняга дня, складзены напярэдадні вечарам. «Беларусь».

2. Перавесціся (пераводзіцца) у грошы (пра каштоўнасці).

3. толькі незак. Зал. да рэалізаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэцэ́нзія, ‑і, ж.

Жанр літаратурнай, мастацкай і навуковай крытыкі. // Артыкул, у якім даецца аналіз і ацэнка навуковага або мастацкага твора. Рэцэнзія на кінафільм. □ Пра тое, што Е. Раманаў ставіў задачу папулярызаваць кнігу Ф. Багушэвіча, сведчыць публікацыя ў канцы рэцэнзіі поўнага тэксту верша «У судзе» на беларускай мове. С. Александровіч. З’яўлялася новая кніга. Караед прапытваў яе і садзіўся пісаць рэцэнзію. Паслядовіч.

[Ад лац. recensio — разгляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́нства, ‑а, н.

Разм.

1. Пра што‑н. неахайнае, бруднае.

2. Нізкі ўчынак, грубасць, непрыстойнасць. — Гэта — свінства! — адклікнуўся Турсевіч і плюнуў з нейкаю агідаю. — Баяўся мужыком здацца і выявіў сваё поўнае хамства. Колас. Сёй-той перад свіннёй гатоў падціснуць хвост. Калі яна займае значны пост, Ільва ж, хоць той і свінства вырабляе, Не можа абарваць, бо смеласці не мае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́цца, скуецца; зак.

1. Злучыцца пры дапамозе кавання.

2. перан. Пазбавіцца волі. Як на небе зара, ці як думка ў душы Не скуешся няволі ты [песня] путамі. Купала. // Страціць рухомасць; анямець. Апошні раз.. [Яніна] заснула не ведае і калі: хацела падымацца, бо пачало днець, а вочы скаваліся дрымотай... Кірэенка.

3. перан. Накрыцца лёдам, замерзнуць (пра раку, возера і пад.). Рэчка скавалася Лёдам крыштальным. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скра́дваць, ‑ае; незак., што.

Рабіць невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Таксама была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й». Колас. Цемра скрадвала далі, і здавалася, што тут нейкае дзікае бязлюддзе. Марціновіч. // Рабіць больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Сама сцежка была мяккая тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

следапы́т, ‑а, М ‑пыце, м.

Той, хто добра распазнае сляды, хто высочвае каго‑н. па слядах. Паляўнічы-следапыт. Разведчык-следапыт. □ Што ж, следапыт, ідзі, выпытвай. Дзе лось пасецца ці каза! Калачынскі. // Пра чалавека, які шукае каго‑, што‑н. І па сённяшні дзень не выяўлены ўсе ўдзельнікі камсамольскага падполля Беларусі. Іх шукаюць вучоныя і чырвоныя следапыты, іх нечакана адкрываюць следчыя. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Ажыццявіцца, здзейсніцца; збыцца. Мары тысячагоддзяў Аб светлай долі чалавецтва Спраўдзяцца ў жыцці. Бядуля. [Барашкін] проста верыў у тое, што гэтыя планы павінны абавязкова спраўдзіцца. Савіцкі. — А божачка мой, Кандратка прыйшоў! — з радасці загаласіла.. [маці]. — Сон спраўдзіўся. Лобан.

2. Аказацца правільным, пацвердзіцца. Чуткі пра выклік у камісію спраўдзіліся. Лынькоў. [Рыгорава] падазронасць і здагадка спраўдзіліся. Адамчык. Меркаванне камандзіра брыгады спраўдзілася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Стаць халодным і цвёрдым; скарчанець, застыць (пра труп).

2. Памерці, акалець. Стары з-за крушні злажыўся з пістаноўкі, зараджанай куляй,.. і смальнуў. То немец і спруцянеў. Гурскі.

•••

Каб ты (ён, яна і пад.) спруцянеў — ужываецца як праклён. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю: — Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)