рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.

2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раша́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрысл. незал. цяпер. ад рашаць.

2. у знач. прым. Найбольш істотны, галоўны, асноўны. Рашаючы год пяцігодкі. □ Творчасць Пушкіна, Тогаля, Някрасава і іншых выдатных рускіх пісьменнікаў адыграла рашаючую ролю ў барацьбе перадавых беларускіх пісьменнікаў за рэалізм. Барысенка. // Які з’яўляецца канчатковым рашэннем, уяўляе сабой канчатковае рашэнне. [Васіль] ведаў, што слова Антося будзе рашаючае, і таму з нецярпеннем чакаў, пакуль той пачне гаварыць. Дамашэвіч.

•••

З рашаючым голасам гл. голас (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́сквіт, ‑у, М ‑віце, м.

1. З’яўленне кветак на раслінах; цвіценне. Росквіт ніў святкуе лета, Час жніва не за гарой. Па астачу мёду ў кветках Прыляцеў пчаліны рой. А. Александровіч. Было іх жыццё, як росквіт каліны, як быць маладосць толькі можа адна. Машара.

2. перан. Найвышэйшая ступень развіцця, уздыму чаго‑н., лепшая пара ў развіцці каго‑, чаго‑н. Росквіт эканомікі краіны. Росквіт таленту. □ Росквіт беларускай мастацкай прозы пачаўся ў савецкі час. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэгістра́тар, ‑а, м.

1. Службовая асоба ва ўстанове, якая праводзіць рэгістрацыю каго‑, чаго‑н. «Кінь, дачушка, — кажа [маці], — галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Грахоўскі. // Той, хто рэгіструе каго‑н., адзначае яўку каго‑н. Адзначыцца ў рэгістратара.

2. перан. Той, хто адзначае, канстатуе бягучыя з’явы, падзеі. Наш друк, радыё і тэлебачанне не павінны быць толькі рэгістратарамі новых станоўчых з’яў жыцця. «Звязда».

•••

Калежскі рэгістратар — першы, ніжэйшы цывільны чын у дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саслоўя (у 1 знач.). З расчыненых за памостам дзвярэй паказаўся гурт суддзяў і саслоўных прадстаўнікоў. Колас. // Абумоўлены прыналежнасцю да якога‑н. саслоўя. Саслоўныя прывілеі, Саслоўныя інтарэсы.

2. Заснаваны на падзеле грамадства на саслоўі; уласцівы грамадству, падзеленаму на саслоўі. Саслоўная сістэма выбараў. Саслоўны антаганізм.

3. Уласцівы прывілеяваным саслоўям; каставы. Саслоўны дух. □ У беларускай літаратуры тэма выкрыцця саслоўных забабонаў займае досыць значнае месца. Ярош.

•••

Саслоўная манархія гл. манархія.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сваво́льства, ‑а, н.

1. Гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць. У словах [Ірынкі] прабіваюцца ноты дзіцячага свавольства, якое пры іншых умовах і ў іншы момант вылілася б у дурную весялосць. Чорны. Сцёпа лічыў сябе чалавекам сур’ёзным і ніякіх свавольстваў не паважаў. Якімовіч.

2. Свавольныя ўчынкі, паводзіны, якія часам парушаюць прынятыя нормы, правілы. Карціна свавольства паноў, якая кожнага балюча кранае за сэрца, узноўлена рэалістычнымі беларускімі фарбамі. Палітыка. Ён ведаў, што яе [Люды] дзявочая ўпартасць прымушае даводзіць да канца задуманае свавольства. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сват, ‑а, М сваце, м.

1. Асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха. Ехаць у сваты. □ — Добры сват раней, чым пасватаць дзяўчыну хлопцу, уведае, што за яна, які характар мае, у людзей распытае. Пальчэўскі.

2. Бацька мужа ў адносінах да жончыных ці бацька жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў. [Ляснік:] — Ведаеш, Лявон, падабаецца мне твой Грышка, ці не будзем мы сватамі?.. Чарот.

•••

Ні брат ні сват гл. брат.

Ні свата ні брата гл. брат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

своеасаблі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адметныя ўласцівасці, якасці, прыметы; не падобны на іншых, незвычайны, арыгінальны. Своеасаблівы почырк. Своеасаблівы характар. □ Заняпалыя вочы надавалі.. [агенту] своеасаблівы адменны выгляд. Лынькоў. Замест снегу, якога чакалі з своеасаблівай сялянскай тугою, заходні вецер прыгнаў дождж. Шамякін.

2. Які сваімі рысамі, асаблівасцямі напамінае што‑н. Галіны [кустоў] спляліся ўгары, утварылі своеасаблівы тунель. Гамолка. Своеасаблівымі цэнтрамі выхаваўчай работы сталі школьныя ленінскія музеі, залы і пакоі, якіх у рэспубліцы больш за 3,5 тысячы. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скамячыць.

2. у знач. прым. Змяты, ператвораны ў камяк, у жмут. Гэля.. ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзенне і падліла ў шклянкі піва. Гартны. Міма.. [Карпа] прайшоў малады партызан і непрыкметна сунуў яму ў руку скамечаную паперку. Шамякін.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Стомлены, змардаваны (пра твар). Бледны, скамечаны твар, рэдка калі паголены.. — усё гэта гаварыла за тое, што Селядцоў расчараваўся ў жыцці. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сквірчэ́ць, ‑чыць; незак.

Разм. Верашчаць, пішчаць, патрэскваць на гарачай скаварадзе (пра сала і пад.). [Андрэй:] — Неспакойны ж элемент гэта сала, да чаго сквірчыць, да чаго верашчыць. Лынькоў. У печы сквірчэла сала, і, удыхнуўшы пах смажаніны, Валянцін адчуў, які ён галодны. Сабаленка. З кухні чуваць было, як сквірчэла яешня, пах яе ўжо даносіўся сюды, у зальчык. Хадкевіч. / Пра падобныя гукі. У канторцы нікога не было. Толькі ўздыхалі маторы каларыфераў пад перакрыццямі ды сквірчэў за сцяною наждак. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)