камандзі́р, ‑а, м.

Начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна. Камандзір палка. Камандзір атрада. Камандзір узвода. □ Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі. // Разм. Аб кіраўніку якога‑н. прадпрыемства, арганізацыі і інш. Камандзір прадпрыемства. Камандзір вытворчасці. // Разм. жарт. Пра чалавека, які любіць распараджацца, камандаваць. — З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Паслядовіч. — Падумаеш..! Абраўся яшчэ камандзір! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камя́к, ‑а, м.

Сціснуты, змяты або злеплены ў адно кавалак якой‑н. мяккай, рыхлай масы. Камяк снегу. Камяк гразі. □ Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок рассыпчатымі камякамі. Гартны. Сам Іванок ляжаў у сваім логаве, змяўшы нагамі даматканую коўдру і збіўшы падушку ў нейкі брудны камяк. Колас. // перан. Пра спазмы ў горле. У горле засеў горкі камяк.

•••

Першы блін камяком гл. блін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заікну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Гаворачы, раптоўна спыніцца, запнуцца на паўслове. — Але ж мы... — Вера заікнулася, не ведаючы, што сказаць далей. Асіпенка.

2. Зрабіць спробу загаварыць пра што‑н., намякнуць на што‑н. Кухта заікнуўся штосьці сказаць, але Рэйзе асек яго. Мележ. Калі вясной .. [Горбікаў] заікнуўся, што няма чым сеяць агарод, Гаўрыла Галаўнёў даў яму мяшок насеннай бульбы. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заказны́, ‑ая, ‑бе.

1. Які робіцца, выконваецца, дастаўляецца па заказу ​1; заказаны ​1. Заказны аўтобус. □ Гэты раз паны асабліва не скупіліся, і амаль што ўсе танцы былі заказныя. Дамашэвіч.

2. Адпраўлены з павышанай адказнасцю за дастаўку і з дадатковай аплатай (пра пісьмы, бандэролі). — Добра, што напомнілі, — Грыша дастаў з кішэні кіцеля пісьмо і падаў бацьку: — Здасцё яго заказным на пошту. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. замалёўваць — замаляваць.

2. Малюнак, накід з натуры. Пейзажная замалёўка. □ [Дзяўчына] звычайна цэлымі днямі сядзіць на карме з альбомам і алоўкам, робіць замалёўкі. Мележ. // перан. Пра літаратурны твор малога жанру на бытавую тэму. Кніга паказвае, як ад першых нясмелых замалёвак уздымалася .. [беларуская нацыянальная проза] у дакастрычніцкі час да значных мастацкіх здабыткаў. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згусці́цца, ‑ціцца; зак.

Стаць густым або больш густым. Цеста згусцілася. Хмары згусціліся. □ Усюды стала цямней, паветра згусцілася, павільгатнела, і гарадскія лямпачкі ледзь толькі блішчалі. Кулакоўскі. / Пра цемнату, змрок і пад. Цёмная сінь згусцілася на даляглядзе. Чорны. Змрок згусціўся да таго, што за пяць крокаў не разбярэш: чалавек ідзе ці куст пасоўваецца насустрач. Пташнікаў.

•••

Атмасфера згусцілася гл. атмасфера.

Хмары згусціліся гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак. (часцей з адмоўем).

Пачаць ізноў спакойна і роўна дыхаць (пасля бегу, хады і пад.). — Не спяшайся так, кабеціна, — сунімаў .. [маці] Адам, пакашліваючы, — здыхацца не магу я... Якімовіч. / Пра хворага. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць, як бы полымем збоку хто яго пячэ, і ніяк не здыхацца, і гаварыць нельга. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зжа́цца, сажнуся, сажнешся, сажнецца; сажнёмся, сажняцеся; зак.

1. Справіцца ў жніве з кім‑н., жнучы, не адстаць ад каго‑н. Брыгадзірава [жонка] зусім асталася ад Яніны. Хаця і постаць яе вузейшая за Янініну, а не паспела за той. .. За ўвесь дзень не магла зжацца з Янінаю. Мурашка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца зжатым, убраным (пра хлебныя злакі, травы). Авёс пазней сажнецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зі́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Кідаць позірк на каго‑, што‑н.; паглядаць. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася, як брага. Шэмет зіркаў на кожную бурбалку. Лобан. Я ўзняў галаву і глянуў на дзяўчынку, што сядзела побач і зіркала то ў кніжку, то на мяне ды хітравата ўсміхалася. Мыслівец. / Пра вочы. Вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зліпа́цца, ‑аецца; незак.

1. Злучацца адзін з адным, прыліпаць адзін да аднаго. Лісты паперы зліпаюцца. □ Валасы [Сцяпана] .. былі вільготныя і зліпаліся, ад усяго цела ішла пара. Чарнышэвіч.

2. Закрывацца, заплюшчвацца ад вялікага жадання спаць (пра вочы, павекі). [Сцёпку] так моцна захацелася спаць, што вочы яго пачалі зліпацца самі. Колас. Віктар раз-пораз з натугай расплюшчваў вочы: павекі зліпаліся, былі цяжкія і непаслухмяныя. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)