турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.

1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.

2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаіць.

2. у знач. прым. Які скрывае ад іншых свае пачуцці, настрой, думкі і пад.; скрытны. Аляксандра — кабета стоеная. Шуснуўшы цішком разы са тры ў бор, грыбамі сваімі пахвалілася толькі тады, калі ўбачыла, што лес пусты. Навуменка.

3. у знач. прым. Які скрываецца, утойваецца ад іншых. Кажа [старшыня] спакойна, але ў гэтых спакойных словах чуецца стоены гнеў, раздражнёны крык: — Сарвеш ты мне надоі, Васіль Фёдаравіч, з такім падкормам. Шамякін. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай. Быкаў. // Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але знешне яшчэ непрыкметны. А як ні старалася Вера Антонаўка жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць .. стоенай і даволі ўпартай барацьбы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адка́з 1, ‑у, м.

1. Выкліканыя пытаннем або зваротам словы, выказаныя вусна ці пісьмова. Даць адказ. Ухіліцца ад адказу. □ Я ў той жа дзень, мой дарагі татуля, Пішу табе свой франтавы адказ. Астрэйка. // Расказванне вучнем урока; выклад матэрыялу на пастаўленае пытанне. Грунтоўны адказ.

2. Пачуццё, рэакцыя; водгук (у 4 знач.). Адказ жывога арганізма на раздражненне. // Выкліканыя чым‑н. дзеянні, учынкі. Калектывізацыя была адказам на многія жыццёвыя пытанні і грамадскія праблемы. Адамовіч.

3. Вынік рашэння матэматычнай задачы, прыкладу. Адказ сышоўся.

4. Тое, што і адказнасць (у 1 знач.). За зло мы ўсе адказ нясём... Колас.

адка́з 2,

У выразе: да адказу — да нельга, да канца. Мы цішком прытаіліся ля дзвярэй, а сэрца ў кожнага трывожна стукацела і нервы наструніліся да адказу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кручо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.

2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.

3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.

4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.

5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.

6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачыні́ць, ‑чыню, ‑чыніш, ‑чыніць; зак., каго-што.

1. Злучыць створкі, апусціць века чаго‑н. Зачыніць дзверы. Зачыніць акно. Зачыніць века чамадана. □ Анціпка хуценька зачыніў фортку і пайшоў паўз дашчаную агароджу. Сіняўскі. // Злучыўшы створкі чаго‑н., апусціўшы века і пад., перашкодзіць поступу, пранікненню ў сярэдзіну чаго‑н. Зачыніць хату. Зачыніць скрыню. □ Я хуценька прыбраў усю сваю маёмасць і зачыніў шафу. Кавалёў.

2. Пакінуць каго‑н. у памяшканні, замкнуўшы дзверы; заперці. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. Пайшоў Арцём у залу, і зачынілі яго там аднаго з палячкаю. Гарэцкі.

•••

Свет зачыніць каму — перашкодзіць нармальнаму, спакойнаму жыццю. Горш за ўсё гэты Саўка, дзед Талаш і Мартын Рыль. Яны зачынілі [войту] свет, і покі не дойдзе ён тут ладу, не будзе яму спакою. Колас.

Як зачыніць — поўна, вельмі многа. [Дзяцей] найшло цэлы пакой, як зачыніць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збро́я, ‑і, ж.

1. Прылада, рэч для нападу ці абароны. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. [Юнакі] і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат. Шамякін. / у знач. зб. Супроцьтанкавая зброя. Ядзерная зброя. / Пра чыю‑н. армію, ваенную сілу. Сіла савецкай зброі.

2. перан. Сродак, спосаб для дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Марксізм-ленінізм — вялікая ідэйная зброя, якая мабілізуе і арганізуе мільёны людзей для руху наперад, для новых перамог. «Полымя». Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Бядуля.

•••

Агнястрэльная зброя — зброя, якая страляе пры дапамозе пораху ці іншых выбуховых рэчываў.

Халодная зброя — зброя для рукапашнага бою, якой сякуць і колюць (кап’ё, меч, шабля, штык і інш.).

Бразгат, зброяй гл. бразгаць.

Скласці зброю гл. скласці.

Узняць зброю гл. узняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузацьлузгаць), а таксама лізну́цьцішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

павольна, паволі, спавольна, няскора, няспешна, непаспешліва, не спяшаючыся, няшпарка, нетаропка, памалу, ціха, паціху, цішком, марудна, ляніва; спакваля (разм.) □ абы-абы, ціхім ходам, нага за нагу, як не сваімі нагамі, як па смерць, на валах, абы дзень да вечара

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

усу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прасунуцца ўнутр чаго‑н. Дзверы нясмела адчыніліся, і ў пакой усунулася кепачка з пакамечаным брылём, а потым худы хлапечы твар. Арабей. Мала, зусім мала часу спатрэбілася Крукаву на тое, каб праз адчыненыя дзверцы ўсунуцца ў топку, паставіць на сваё месца каласнік. Васілёнак. // Улезці, паказацца ў чым‑н. Час ад часу ў вокны ўсунецца твар, як крэйда, збялелы, паглядзіць і расплывецца дзесьці ў цемені камеры. Нікановіч.

2. Разм. Уваліцца, праваліцца куды‑н. Бацька сказаў, нібы адгадаўшы маю думку: — Мабыць, усунуўся нехта ў багну.. І чорт яго пагнаў, не праведаўшы дарогі!.. Кулакоўскі. // Трапіць, папасці ў што‑н. А Якава збракавалі!.. Па вачах не падышоў і руку некалі зламаў. .. Мабыць, у машыну ўсунуўся, калі ў дэпо рабіў. Чарнышэвіч. Міша сігануў праз канаву, усунуўся адным ботам у глыбокую гразь, потым ускраем балацявіны абагнуў Нятрэсеў хутар з тыльнага боку. Арочка. // Утапіцца. Было іх, рэчак, часамі на ноч і па дзве, і па тры. Але такой шырокай не было. І так яны, хлопцы, яшчэ не сядзелі. — Я паплыву прыганю [лодкі], — сказаў Алесь. — Усунешся яшчэ. Брыль.

3. Разм. Увайсці куды‑н. павольна, ледзь перастаўляючы ногі. У карчму не ўвайшоў, а неяк цішком, прыгнуўшыся, усунуўся Апанас Хмель. Пестрак. Рыпнулі дзверы, і ў адрыну ўсунуўся Мікіта, Ігнасёў аднагодак. Чарнышэвіч. З гэтымі словамі ў пакой усунулася.. мажная кабеціна, пудоў на дзесяць вагою. Дубоўка.

4. Разм. Умяшацца, ублытацца ў што‑н. Справа магла наблізіцца да нейкага кампрамісу, але ў аркестроўку ўсунуўся Ядловец і.. перарваў дыспут. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайна, таемны, тайком, употай, употайкі, потай, потайкі, потайкам, патайком, патаемна, патайна, патаёма, употайку, стоена, ціха, цішком, скрыта, скрытна, крадком, украдкам, украдкай, падпольна, сакрэтна, нелегальна, канспірацыйна, канфідэнцыяльна; ціхачом, ціхом, украдкі, украдне, шыта-крыта, па-зладзейску (разм.); сціха, пакрыёма (абл.) □ пад сакрэтам, між намі, паміж намі, у душы, у думках, з вока на вока, за вочы, на вуха, ціхай сапай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)