ко́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто едзе вярхом на кані; верхавы. Антон насцеражыўся, зірнуў у акно і ўбачыў, як, пагойдваючыся ў сядле, да канцылярыі пад’ехаў коннік. Сіўцоў.
2. Конны воін; кавалерыст. Пачалі сустракацца коннікі і пехацінцы, якія рушылі ад пазіцыі ў тыл, шукаючы бліжэйшага штаба. Галавач. На чале коннікаў праехаў начальнік разведкі. Карпаў.
3. толькі мн. (ко́ннікі, ‑аў). Прывілеяванае саслоўе з высокім маёмасным цэнзам у Старажытным Рыме і некаторых іншых антычных рабаўладальніцкіх дзяржавах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падляга́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.
Адносіцца да ліку асоб, аб’ектаў, на якія распаўсюджваецца што‑н. абавязковае, прымусовае. Падлягаць навучанню. Падлягаць суду. Падлягаць уліку. Падлягаць няўхільнаму выкананню. □ [Рудчанка:] — У лічыце, што ўсе мужчыны, якія падлягаюць мабілізацыі, ідуць у армію. Сіўцоў. Кожны населены пункт.. падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі. «Полымя». // Падвяргацца чаму‑н. Не падлягае сумненню, што большая частка іншамоўнай лексікі пранікла ў старабеларускую мову праз польскую. Жураўскі.
падляга́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падлегчы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыз 1, ‑а; мн. прызы, ‑оў; м.
Узнагарода пераможцу ў якім‑н. спаборніцтве. Тут жа праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, конкурс мастацкай самадзейнасці, уручаюцца прызы. Жычка. Здавалася, перад Сяргеем быў адзін з тых атлетаў, якія прывыклі браць прызы па падыманню цяжараў на спартыўных спаборніцтвах. Сіўцоў. [Гунава:] — Дог, якога вы бачылі, мае два міжнародныя прызы. Самуйлёнак.
[Фр. prix.]
прыз 2, ‑а, м.
Захопленае ў марской вайне варожае судна або іншая маёмасць, якая па міжнароднаму праву пераходзіць таму, хто іх захапіў.
[Фр. prise.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
амярцве́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў адчувальнасць, зрабіўся мёртвым (пра клеткі, тканкі і пад.).
2. перан. Які страціў рухомасць пад уплывам чаго‑н. Не варушачыся, як амярцвелы, у шынялі і кепцы, ..[незнаёмы] насцярожана, і як бы палахліва глядзеў на Післяка. Сіўцоў. // Які заціх, перастаў быць ажыўленым. Амярцвелы горад. // Які пазбавіўся маральных сіл, адчувае спустошанасць; які перастаў актыўна рэагаваць на падзеі. Нават гром кананады Не развее тугі З амярцвелага сэрца. Глебка.
3. перан. Які страціў жыццёвасць, значэнне; аджыў. Амярцвелыя традыцыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́хапіць, ‑шлю, ‑піш, ‑піць; каго-што.
1. Імгненна выняць, дастаць. Выхапіць шаблю з ножнаў. □ [Жанчына] кінулася наперад і выхапіла дзяўчынку проста з-пад машыны. Скрыпка. // Узяць што‑н. наўгад, выпадкова. Выхапіць цытату. // перан. Вылучыць святлом, позіркам і пад. Агеньчык цыгаркі на момант выхапіў з цемры.. твар [Цімоха], чорную калматую бараду, аблуплены казырок салдацкай шапкі. Сіўцоў.
2. Схапіўшы, забраць, адабраць; вырваць. Выхапіць палку з рук. // перан. Вызваліць. Недзе там застаўся.. камандзір, іх таварыш. Пакуль гітлераўцы апамятаюцца, трэба выхапіць яго адтуль. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Спаліць наскрозь; выпаліць дзірку. — Бачыш, як баіцца, каб не сказала, што штаны прапаліў. Сіўцоў.
2. і ў чым. Напаліць, выпаліць (печ, трубку і пад.) для абагравання (хаты, пакоя і пад.). Трэба было печ прапаліць, а то ахалодала ў хаце. Лобан. У нас даўно ўжо не было чым прапаліць у печы, і ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай, цяплей было на дварэ. Сачанка.
3. і без дап. Паліць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзябёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Дужага целаскладу; поўны. Ростам Петрык не вызначаўся, але затое быў ён хлопчык дзябёлы, круглы з твару. Якімовіч. [Міхась] глядзеў на шырокія плечы, на дзябёлую, налітую сілай постаць майстра. Сіўцоў. Параска Клімаўна і да таго ніколі дзябёлаю не была, то тут, то там у яе калола. Кандрусевіч.
2. Тоўсты, грубы, трывалы. Вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Колас. Адны [лыжкі] былі дзябёлыя, важкія, арэхавыя ці грушавыя, другія — лёгкія, асінавыя, пафарбаваных. Якімовіч. // Тоўсты, шчыльны (пра тканіну). Дзябёлае сукно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Знішчыць, разбурыць узрывам. Падарваць танк. Падарваць мост. □ Каб не здавацца ў рукі ворагу, «Вараг» падарвалі і падтрымалі славу рускага флоту. Колас.
2. перан. Нанесці шкоду, аслабіць, разладзіць. Падарваць аўтарытэт. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала. // Разм. Сапсаваць сваё або чыё‑н. здароўе. [Асмалоўскі:] — Хоць бы пасаромеўся, што нябожчыцу-жонку падарваў на рабоце. Сіўцоў.
•••
Падарваць жывот (жываты) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скру́ха, ‑і, ДМ скрусе, ж.
Туга, маркота. Радасць чалавечая ўсё ж такі мацней за скруху і беспатольнае гора. Сабаленка. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі, глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч. // Жаль, шкадаванне. — Марына!.. Га, Марына!.. Ты яшчэ жывеш? Не памерла?.. — і са скрухай уздыхнуў: — Ну і жывучыя людзі! Ракітны. Затое, калі ішлі з Сяргеем дадому і адзінай сведкай іх быў серпік месяца, .. [Антон] са скрухай сказаў: — Пацягнула ж мяне за язык сказаць пра гэты буксір. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)