Асе́ліца ’наваколле; луг, поле, гароды каля вёскі’, осэлиця ’выкапаны на мяжы дзірван’ (пруж., Выг. дыс.), асёлак ’тс’ (Шат.). Польск. дыял. osielica ’луг каля сядзібы’, з беларускай. Карскі (1, 334) адзначае оселица ў помніку 1532, Булахаў, Працы IM, 7, 141, оселичный — у Мінскіх актах 1582–1590. Чачот справядліва лічыў слова беларускім ідыяматычным. Карскі (2–3, 33) выдзяляў марфемы о‑сел‑и‑ца. Шлях утварэння прэфіксальна-суфіксальны ад кораня сел‑ (гл. сяло), тая ж мадэль, што аколіца: ’месца каля (о‑) сялібы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кабі́на, ‑ы, ж.
Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
[Фр. cabine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нізі́на, ‑ы, ж.
1. Нізкае месца. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Маўр. Я бачу, як адным сваім краем сяло ўдаецца ў жыты. Другі канец яго ападае ў нізіну. Скрыган.
2. Раўніна, якая знаходзіцца не вышэй 200 м над узроўнем мора. Дождж грымеў над неабсяжнымі прасторамі дрыгвяной калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Палеская нізіна — рэзервуар вільгаці для ўсёй Беларусі. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.
Далучыцца да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю, — нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Краўчанка. // перан. Разм. Уключыцца ў работу, прыняць удзел у чым‑н. — Вядома, крыху шкодзілі немцам.. Сыпалі пясок у буквы, псавалі тармазы. Адзін раз развінцілі рэйкі, скінулі цягнік. Пачалі старыя рабочыя, потым моладзь падключылася. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасяле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. пасяляць — пасяліць (у 1 знач.) і пасяляцца — пасяліцца (у 1 знач.).
2. Месца аседлага жыцця людзей; населены пункт, сяло. Пад ганаровай вартаю прысад У кожным беларускім пасяленні Стаіць гранёны абеліск гранітны. Жычка. // Месца, дзе жывуць, гнездзяцца ў вялікай колькасці якія‑н. жывёлы, птушкі і інш.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — пакаранне, высылка на жыхарства ў аддаленую мясцовасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раззвані́ць, ‑званю, ‑звоніш, ‑звоніць; зак., што, аб чым, пра што, з дадан. сказам.
Разм. Расказаць усюды, усім (якія‑н. звесткі, чуткі і пад.). Раззваніць навіну. □ — Пісьмо трапіла Пранасу Парэчкусу, і ён раззваніў пра гэта бацькам і на ўсё сяло. Броўка. [Стараста] не можа стрымацца, каб не раззваніць аб здольнасцях Дулебы і старанна падрыхтоўвае грунт для славы новага пісара, як незвычайнага мастака чытаць «апостала». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сва́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., да каго і без дап.
Прасіць згоды на шлюб з сабой. — Хутчэй бы той Качан сватаўся, што ён сабе думае, не маладзенькі ўжо, — думаў у злосці Цімох. Ваданосаў. Чуткі, што да Бары сватаўся Даніла і што яна збегла, абляцелі ўсё сяло. Дуброўскі. — Вось, — кажа маці, — табе й гаспадыня! Сватайся смела да меншай, мой сыне! Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.
2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Пасялда́ ’пасялуха’ (лаг., Сл. ПЗБ). Утворана ад выразу па сялу (параўн., пасялуха) пры дапамозе суфікса ‑да (аб ім. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34–35). Да сяло (гл.). Аналагічна ўтвораны: пасялёнь ’гультай, які любіць хадзіць з хаты ў хату’ (докш., Янк. Мат.; круп., бяроз., Сл. ПЗБ), пасялун ’тс’ (КЭС, лаг.; маст., Сл. ПЗБ), пасялуха ’пахатуха, пляткарка’ (КЭС, лаг.; Некр.), віл., шчуч. пасялушніца, чэрв. пасёльніца (Сл. ПЗБ), пасялёнда ’асоба, якая любіць вечарам схадзіць да суседа пагаварыць’ (КЭС, лаг.), а таксама пасяльны ’пасялень’ (Клопава, Филол/сб., 1966, 146).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
счырване́лы, ‑ая, ‑ае.
Які стаў чырвоным (у 1 знач.). Даўно ўсё гэта было; А ў памяці — сорак трэці: Дагарала сяло, І, глытаючы снег счырванелы, Я ўцякаў з-пад расстрэлу... Нядзведскі. // Які зрабіўся чырвоным ад прыліву крыві да скуры; пачырванелы. Ніхто дужа не плакаў, адна чарнявенькая нявестка выцірала насоўкай счырванелыя вочы. Лось. — Дождж сціхае? — спытаў Карпенка. — Сціх, — сказаў Аўсееў, выцяг[нуўшы] да агню счырванелыя рукі. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)