Літва́ ’ліцвіны, беларусы’ (Крачк.; паўд.-усх.; Кос.), ст.-бел. литвин ’беларус’, укр. литва́, кіеў. литвинок ’тс’ (БНТ, Лег. і пад.), рус. анеж. литва́ ’народ, народнасць’, том. ’мясцовае нярускае насельніцтва’, наўг. ’перыяд шведскай інтэрвенцыі XVII ст.’ Бел. лексема запазычана з літ. Lietuvà ’Літва’. Сюды ж ліцвя́к, ліцвін, лецвя́к, літвін ’літовец’ (Касп., Нас., гродз., трок., Сл. ПЗБ), літвячка ’жанчына з Літвы’ (Сцяшк.), літві́н, ліцві́н(ы) ’літовец’, ’беларус з пэўнай мясцовасці’ (Сл. ПЗБ); усх.-маг. ліцьві́н ’літвін’, ’заходнія (з усходняй Магілёўшчынай) суседзі’ (Бяльк.). Паводле Клімчука (Tarptautinė baltistų konferencija, Vilnius, 1985, 168–169), этнонімы літвіны, ліцвякі, літва ў большай ступені адносяцца да паўн.-зах. Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь, а таксама на рад абласцей РСФСР і паўночнай Украіны. Гл. таксама Непакупны, Связи, 153–155. Трубачоў (Эт. сл., 15, 159) прасл. litva (рус. уладз. литва ’моцны дождж’, іван. ’ліцейшчыкі на заводзе’, чэш. litba ’лівень’, серб.-харв. ли̏тва ’штодзённы лівень’) выводзіць з дзеясл. liti > ліць (гл.), не выключаючы магчымасць развіцця (пашырэнне на ‑а) асновы супіна litŭ ад гэтага ж дзеяслова. Прасл. litva можа лічыцца блізкім адпаведнікам (або паралелізмам) літ. Lietuvà, якое, аднак, Фрэнкель (1, 368) збліжае з лат. lītus ’бераг мора’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раб ’чалавек, пазбаўлены правоў’, ’чалавек залежны, прыгнечаны’ (ТСБМ), сюды ж раб ліса́вы ’пра няшчырага, ліслівага’ (ТС), у ра́ба: у про́стого ра́ба, у дзерэўя́ного ра́ба, у жэле́зного ра́ба ’гульня, падобная да гульні ў квача’ (ТС), ра́ба ’сялянка або наёмная работніца’ (Нас.), ст.-бел. робъ, рабъ (тут мае месца не пераход а > о, а перавага паралельных утварэнняў з о, гл. Карскі, 1, 96), параўн. рус. ра́б ’раб’, польск. rab ’раб, хлопец’, чэш. rab ’тс’, ст.-чэш. rob ’нашчадак’, славац. rob ’раб, нявольнік, служка’, ст.-славац. rab ’хлопец, палоннік, вязень’, серб.-харв. rȁb ’тс’, rȍb ’хлопец’, славен. r̀ȍb ’тс’, балг. роб, раб ’хлопец, нявольнік, служка’, макед. раб, роб ’тс’, ст.-слав. рабъ, робъ ’хлопец, падданы’. Запазычана з ц.-слав., часцей у спалучэнні раб Божии, раба Божия, параўн. ст.-руск. рабъ ’раб’, ’слуга’, ’прасіцель’; раба ’рабыня’, ’служанка’. Мяркуецца, што формы з a і o з’яўляюцца праславянскімі дыялектнымі варыянтамі, якія выводзяцца з прасл. *orbъ, паводле Скока (3, 151), формы з o — першыя, а формы з a узніклі ў выніку ліквіднай метатэзы прасл. *orb‑ > rab‑ або пераходу ō > a; паводле іншай думкі (параўн. Бязлай, 3, 187; ESJSt, 12, 743), формы з o запазычваліся з паўночнай Славіі ў выніку гандлю рабамі, і, наадварот, формы a распаўсюджваліся з поўдня пераважна ў сакральным ужыванні. Старажытны характар такіх адносін, магчыма, адлюстроўваўся ў назвах гульняў, параўн. балг. ро́ба, на ро́ба ’дзіцячая гульня, пры якой адбываецца падзел і даганянне’ (узводзіцца да роб ’раб’, гл. БЕР, 6, 276) і названыя вышэй палескія гульні. Узыходзіць да і.-е. *orbhos, значэнне якога досыць размытае: ’асірацелы’, ’сірата’, ’маёмасць сіраты’ > ’спадчына’, ’спадчыннік’, ’слабы’, ’маленькі’, ’бездапаможны’ > ’раб’, ’праца раба’. Звязана з гоц. arbaiþs ’работа’, ’патрэба’, ням. Arbeit ’работа’, лац. orbus ’асірацелы’, ’пазбаўлены чаго-небудзь’, ст.-ірл. orbe ’спадчыннік’ (< ’сірата’), ст.-інд. árbha‑ h̊ ’маленькі’, ’дзіця’ (Покарны 1, 781–782; Бенвяніст, Словарь, 233–236; Гамкрэлідзэ–Іванаў, 747; Чарных 2, 91; БЕР, 6, 133; Глухак, 529–530).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлях, ‑у, м.

1. Шырокая, прыстасаваная для руху транспарту дарога. За дзесяць кіламетраў праходзіў вялікі шлях, на якім мала калі заціхаў рух машын і людзей. Чорны. — Праедзеш палявою дарогаю, а там выедзеш на шлях. Скрыган. Ранкам чутны на марозе Гул матораў, скрып палоззяў, — Шлях ажно гудзе. Кірэенка. // Дарога наогул. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка. Пругка ступае на цвёрды, убіты шлях нага, спружыніцца роўны крок. Мурашка. // Прастора, па якой адбываецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н. Паветраны шлях. Чыгуначны шлях. □ Бяжыць вада каналамі, — Вялікі волжскі шлях... Колас. Па гэтаму воднаму шляху лес з паўночнай лясістай часткі былой Мінскай губерні сплаўляўся ў Рыгу. В. Вольскі. // Адлегласць, якую трэба прайсці, праехаць, пэўная колькасць пройдзенага, праеханага. Прайсці немалы шлях.

2. Месца для праходу, праезду і пад. Высокая плаціна ўжо перагарадзіла шлях вадзе. Шамякін. Ім [юнаку і дзяўчыне] значылі шлях маякі, запаленыя Міканорам Іванавічам. Даніленка. Перагароджваючы.. [Марыльцы] шлях, па вуліцы прайшла адна, другая, трэцяя машына. Брыль. // перан. Доступ куды‑н., магчымасць глыбей пранікнуць куды‑н. Клімава-камісар шукае шлях да сэрца Аляксея ў сяброўскай гутарцы. «Маладосць».

3. перан. Вялікі перыяд, этап развіцця каго‑, чаго‑н. [Мірон:] — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі... Маўр.

4. толькі мн. (шляхі́, о́ў). Орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма. Дыхальныя шляхі. Выдзяляльныя шляхі.

5. Падарожжа, перамяшчэнне куды‑н. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак.

6. Напрамак, маршрут. Мы ішлі, не зналі страху, Каб не збіцца хоць са шляху. Бядуля. А калі раніцой Страляніну пачуў [Змітрок], То падаўся па ёй, Шлях трымаў на яе Ад сасны да сасны. Куляшоў. // перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго‑н. Найбольш значныя.. творы [Зм. Бядулі] — аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі», напісаныя пасля рэвалюцыі, сведчаць аб тым, што пісьменнік авалодаў марксісцка-ленінскай ідэалогіяй, пайшоў па шляху сацыялістычнага рэалізму. Каваленка. Блуканні маладога музыкі — гэта вехі на шляху яго духоўнага росту. Гіст. бел. сав. літ. // перан. Сродак, спосаб, магчымасць дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Першыя творы на новай беларускай літаратурнай мове звычайна былі ананімныя і распаўсюджваліся рукапісным або вусным шляхам. Гіст. бел. літ. мовы. Прафесар пачаў шукаць шляхі прымірэння з дачкой. Шахавец.

7. перан. Напрамак, дзейнасць, учынкі каго‑н. Баявы шлях кожнага з.. людзей — і ў падполлі, і потым у атрадзе — быў.. звязан з работай Марусі Данілавай. Брыль. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб.. шляху [Паходні] ў гады вайны. Хадкевіч. Шлях Максіма Багдановіча ў літаратуры не быў простым і роўным. Шкраба. // Жыццё каго‑н.; дзейнасць, заслугі каго‑н. у час жыцця. Ён [радавы] не баяўся нават смерці, Ды куля адарвала шлях На полі бою ў сорак трэцім. Смагаровіч. Не мне пра шлях ягоны [У.І. Леніна] гаварыць, Нібы кіно, манціраваць па частках: Я не сучаснік ленінскай пары, Я трыццаць год хаджу ў яго нашчадках. Тармола. [Дырэктар тэхнікума:] — Папярэджваю: не адны ружы, але і шыпы будуць на вашым шляху. Васілевіч.

8. перан. Жыццёвы лёс каго‑, чаго‑н. Радасна было ўсведамляць, што ўсё між.. [Юркам і Лёдзяй] асталося па-ранейшаму, хоць так па-рознаму вызначылася іхнія шляхі. Карпаў. Душою і сэрцам вызнаў Я праўду сваёй Радзімы, І як груганы б ні віслі, З ёй шлях у мяне — адзіны! Гілевіч.

•••

Млечны Шлях — мноства зорак, падобнае ў ясныя ночы па светлую паласу, расцягнутую па небе.

Тармазны шлях — адлегласць, якую праязджае машына пасля пачатку тармажэння.

Шляхі зносін — сукупнасць якіх‑н. шляхоў (у 1 знач.) і пуцей, як сродкаў, спосабаў перамяшчэння. З усіх відаў шляхоў зносін рэспублікі, як і ў цэлым па краіне, найбольш важнае народнагаспадарчае значэнне мае чыгуначны транспарт. Лыч.

Апошні шлях — пра пахаванне каго‑н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Кружным (абходным) шляхам — у абход (рабіць, дамаўляцца аб чым‑н. і пад.).

На шляху да чаго — дзейнічаючы, развіваючыся ў якім‑н. напрамку.

Саступіць з (свайго) шляху гл. саступіць.

Стаць на шлях чаго, які гл. стаць.

Стаць (стаяць) на шляху чыім, у каго гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)