улажы́ць, улажу́, уло́жыш, уло́жыць; уло́жаны; зак.

1. што ў што. Палажыць, змясціць унутр.

У. кнігу ў партфель.

У. душу ў любімую справу (перан.).

2. што ў што. Змясціць у якое-н. прадпрыемства (сродкі, грошы).

У. сродкі ў будаўніцтва дарогі.

3. каго (што). Надаць каму-н. ляжачае становішча, прымусіць легчы.

У. хворага ў пасцель.

4. перан., каго (што). Тое, што і забіць (у 1 знач.; разм.).

У. на месцы з аўтамата.

5. што. Зрабіць укладку (валасоў).

У. валасы.

|| незак. уклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 і 5 знач.) і укла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. уклада́нне, -я, н. (да 1—3 і 5 знач.), укла́дванне, -я, н. і укла́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.

2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзець, дзену, дзенеш, дзене; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).

Разм.

1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. Куды ты дзеў маю кнігу?

2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца, прытулак і пад. — Куды ж вы .. [трусоў] дзенеце? У вальер да ўсіх? Ракітны. [Люба] пачала звязваць лахманы, каб цяпер увечары, без людскіх вачэй, вынесці іх адгэтуль назаўсёды і дзе-небудзь дзець іх. Чорны. // Выкарыстаць, патраціць. Некуды дзець час. Некуды дзець грошы.

•••

Дзець некуды (няма куды) — надта многа.

Некуды (няма куды) вачэй дзець — пра пачуццё сораму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́лкаI ж.

1. палі́ца, -цы ж.;

кни́жная по́лка кні́жная палі́ца;

2. (в вагоне) ла́ўка, -кі ж.;

3. (у огнестрельного оружия) бра́мка, -кі ж.;

4. (в седле) прыпо́лак, -лка м.;

положи́ть зу́бы на по́лку палажы́ць (пакла́сці) зу́бы на палі́цу.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адкла́сці, -кладу́, -кладзе́ш, -кладзе́; -кладзём, -кладзяце́, -кладу́ць; -кладзі́; -кла́дзены; зак., што.

1. Пакласці ўбок, побач, асобна.

А. патрэбную рэч.

2. Захаваць, не расходуючы.

А. грошы на мэблю.

3. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады.

Возера адклала тоўсты слой ілу.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Палажыць яйкі, пакінуць пасля сябе для захавання патомства (спец.).

Птушка адклала яйкі.

5. Адтэрмінаваць, перанесці.

А. сход.

Не адкладвай справы на заўтра, а жаніцьбы на старасць (з нар.).

6. Пра каўнер і прадметы, прымацаваныя да чаго-н. адным краем: апусціць, адкінуць.

А. каўнер кажуха.

7. У геаметрыі: адмераўшы, адзначыць адрэзак.

На прамой АВ а. адрэзак СП.

8. перан. Пакінуць след, адбітак, зрабіць уплыў.

Перажыванні адклалі свой след.

|| незак. адклада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і адкла́дваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прымайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Прымацаваць да чаго‑н., злучыць з чым‑н. [Джвучка] прымайстраваў сам у кузні да перадка бочку і праклаў ад кароўніка ля плота дарогу да моста. Пташнікаў. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны! Асіпенка.

2. Размясціць, палажыць, паставіць дзе‑н. Я на выпадак бою ямчэй прымайстраваў за плячамі рацыю. Няхай. Звязаўшы ўсё гэта [адзежу], прымайстраваў за плечы і асцярожна ўвайшоў у ваду. Скрыпка.

3. Прыладзіць, прыстасаваць якім‑н. чынам. Мне здаецца, калі б прымайстраваць нашы калёсы на гэткія гладкія рэйкі, яны б каціліся. Баранавых. [Сабяга] ніяк не мог прымайстраваць, каб толькі да сябе.. [дзверы] адчыняць. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; Р мн. ‑бовак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. афарбаваць (у 1 знач.).

2. Колер, адценне колеру чаго‑н. Невялікая руская печ зіхацела белай мелавой афарбоўкай. Паслядовіч. Зялёнае.. жыта за апошнія дні пачынала набываць васковую афарбоўку. Кавалёў.

3. перан. Асаблівы сэнс, выразнае адценне чаго‑н. Эмацыянальная афарбоўка верша. □ Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая.. выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент. Колас.

•••

Ахоўная афарбоўка — афарбоўка жывёл, якая робіць іх малапрыкметнымі ў натуральных умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.

1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.

2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.

3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.

4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.

2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.

3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.

4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.

5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.

6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак.

1. каго-што. Палажыць на што‑н., паверх, на верх чаго‑н.; ускласці. Узлажыць бервяно па сані. □ Кастусь памог узлажыць мяхі па воз. С. Александровіч. Толькі што .. [Мікола] нукнуў на каня — шусь ячмень з воза. Мікола закіпеў, узлажыў другі раз. Колас.

2. перан.; што. Даручыць каму‑н. які‑н. абавязак. Узлажыць адказнасць на брыгадзіраў.

3. што. Абл. Надзець. Асцярожна, каб не пабудзіць жонкі, злез Рыгор з пасцелі, узлажыў порткі, апрануў бравэрку і ціхенька выйшаў. Крапіва.

•••

Узлажыць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)