но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.
1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.
2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
спекта́кль, ‑я, м.
Пастаноўка, паказ п’есы. Спектакль падрыхтавалі мы да дня.. Канстытуцыі. Любімай п’есай Купалы мы адкрывалі наш новы, першы ў Забалоцці клуб. Брыль. [Косця:] — Дамаўляўся з.. [дырэктарам тэатра] наконт калектыўнага паходу на спектакль... Карпюк. // перан. Пра якое‑н. незвычайнае здарэнне, відовішча, выпадак і пад. [Хведар Саладыш:] — Навошта вы, пане жандар, гэты спектакль тут наладжваеце. Тут жа не тэатр, а жандарская ўправа. Сабаленка. — Уставай, маці, спектакль скончыўся, — весела сказаў Юльян цешчы, калі немцы па вузенькім завулку амаль што бягом выскачылі на вуліцу Чкалава. Новікаў.
[Фр. spectacle.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
страфа́, ‑ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.
У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.
[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
бязме́жжа, ‑а, н.
1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.
2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
ёмісты, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны змясціць у сабе вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Ёмісты рэчавы мяшок. Ёмістая сталовая. □ Ёмістая пашча [экскаватара] .. ўзнімала і абвальвала на грузавік ледзь не цэлую тону жоўтага пяску. Паслядовіч. Двор поўніўся людскіх гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.
2. перан. З багатым зместам, з вялікім унутраным сэнсам. Ёмісты вобраз. Ёмісты выраз. □ Але ў Купалы разам з песеннасцю прысутнічаў, як вядома, і надзвычай выразная мова вобразнай сімволікі, сімволікі ёмістай, па-філасофску значнай і народна-каларытнай. Перкін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
кіру́нак, ‑нку, м.
1. Тое, што і напрамак (у 1 знач.). Самалёт Бурмакова ўзяў кірунак на поўнач. Шыцік. Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас.
2. перан.; чаго або які. Шлях развіцця, накіраванасць якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Кірунак навуковай дзейнасці. Кірунак палітыкі. □ Загаварылі пра сям’ю, і гаворка адразу набыла іншы кірунак. Пальчэўскі.
3. Грамадская, навуковая, літаратурная і пад. плынь; школа, групоўка. Літаратурныя кірункі. □ Часцей матэрыялы пра творчасць Я. Купалы з’яўляліся ў друку левага кірунку. «Полымя».
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
партыза́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які праводзіцца, вядзецца партызанамі (пра ўзброеную барацьбу). Партызанская вайна. Партызанскі рух.
2. Які мае адносіны да партызана, да партызан, уласцівы ім. Партызанская слава. Партызанская дружба. □ — А мы папросім Надзежду Астапаўну.. прачытаць новы верш Купалы, партызанскі, які прынеслі нядаўна да нас з-за лініі фронту. Лынькоў. // Які належыць партызану, партызанам. Партызанская зямлянка. □ Смешна зацёхкала бадзерыстая партызанская «Кацюша». Брыль. // Які складаецца з партызан. Партызанскі атрад. Партызанская брыгада. Партызанскі абоз.
3. перан. Разм. Дрэнна арганізаваны, бессістэмны, уласцівы партызаншчыне (у 2 знач.).
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
тытані́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытана 1; вызначаецца велізарнай фізічнай або маральнай сілай, розумам, талентам. Тытанічны герой «Адвечнай песні», Мужык.., стаў для Купалы чымсьці накшталт маральнага крэдытора. Бярозкін.
2. Уласцівы тытану 1; вялікі па сіле, размаху; грандыёзны. Нельга не здзіўляцца яго [А.Я. Багдановіча] сапраўды тытанічнай працаздольнасці. «Полымя». Ул.І. Ленін вёў у Кракаве тытанічную рэвалюцыйную работу. «Работніца і сялянка». З кожным годам усё больш велічна і неадхільна паўстае ў вачах сучаснікаў тытанічны подзвіг народа, які зламаў хрыбет шалёным звяругам. «Звязда».
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
увекаве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць навекі памятным, захаваць у памяці нашчадкаў. Увекавечыць памяць герояў. Увекавечыць падзеі ў творах мастацтва. □ Як мне выказаць шчыра Падзяку табе, Як аддзячыць за тое, Што ў момант суровы Для Купалы Прытулак знайшоў ты ў сябе І што ты ўвекавечыў Купалава слова? Аўрамчык.
2. што. Захаваць назаўсёды, навечна; садзейнічаць даўгавечнасці чаго‑н. [Нарыновіч:] — За мяжою, там які-небудзь Ракфелер ці Форд добра ведае, кім павінен быць яго пераемнік .. Выхоўвае ўласную падмену, каб увекавечыць сваю дынастыю. Грамовіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
арыентава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.
1. Даваць магчымасць вызначыць сваё становішча на мясцовасці або кірунак свайго руху. // Надаваць патрэбны кірунак (карце, прыладзе і пад.) адносна напрамкаў свету. Арыентаваць касмічны лятальны апарат.
2. перан. Памагаць каму‑н. разабрацца ў чым‑н. Арыентаваць у пытаннях палітыкі.
3. перан.; на каго-што. Ставіць перад кім‑, чым‑н. пэўную мэту, задачу; указваць каму‑н. кірунак далейшай дзейнасці. Выказванне Янкі Купалы пра зборнік «На этапах» арыентавала даследчыкаў уважліва і чула адносіцца да твораў заходнебеларускага паэта [Максіма Танка]. У. Калеснік.
[Ад фр. orienter.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)